ОАО «Поставымебель» организует субботники не по расписанию, а по необходимости

Важное Общество

Зямля чакае нашых рук

У пятніцу вуліцы горада «прыхарошваліся». На Чырвонаармейскай наводзілі парадак работнікі завода «Беліт», ААТ «Паставымэбля», на Юбілейнай — аддзяленняў Белаграпрамбанка і Беларусбанка, на Ленінскай — райспажыўтаварыства. Работы вяліся ў рамках суботніка, які ў адпаведнасці з распараджэннем райвыканкама быў назначаны на 21 сакавіка. Яго мэта — добраўпарадкаванне райцэнтра і населеных пунктаў раёна, аб’ектаў сацыяльнай сферы, навядзенне парадку на падведамных тэрыторыях.

Навучэнцы каледжа Міхаіл Спірыдовіч і Мікіта Свіла за пасадкай туй

Калектыў «Паставымэблі» гэтым займаецца не толькі ў вызначаныя дні, але і пастаянна. Сёлета спілавалі старыя елкі каля адміністрацыйнага будынка, падрыхтавалі ўчастак для пасадкі мала­дзенькіх туй. Іх высаджвалі навучэнцы каледжа Міхаіл Спірыдовіч і Мікіта Свіла. Хлопцы атрымліваюць спецыяльнасці тэхніка-механіка па апрацоўцы вырабаў з дрэва і станочніка. Цяпер прахо­дзяць вытворчую практыку на заводзе. Далучыліся і да добраўпарадкавання.

Пётр Хаткевіч — будаўнік, займаецца рамонтам і абслугоўваннем будынкаў прадпрыемства. Падчас майго візіту клаў тратуарную плітку.

— За якую б работу ні ўзяўся, выканае акуратна, — хваліў падначаленага дырэктар ААТ «Паставымэбля» Сяргей Лацецкі. — Прыгледзьцеся, з якой дакладнасцю робіць замеры, як акуратна кладзе плітку. Вельмі адказны і старанны.

Вясенні суботнік — гэта магчымасць навесці парадак на зямлі пасля зімы. У скверы паміж мікрараёнамі вуліцы Юбілейнай і 5 гарадка ў мінулую пятніцу шчыраваў тэхнічны персанал СШ №1. Моцным ветрам тут наламала сухіх галін, натрэсла старога лісця. Калі ўсё прыбралі, здаецца, нават пасвятлела.

За работай Пётр Хаткевіч

— У Варапаеве работы па добраўпарадкаванні непачаты край, — гаварыла старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская. — Падчас суботніка калектывы прадпрыемстваў і арганізацый прыбіралі тэрыторыі каля сваіх адміністрацыйных будынкаў. А работнікі дзіцячай школы мастацтваў, сельвыканкама разбіралі буралом на цэнтральнай вуліцы пасля нядаўняй буры. З пілой віртуозна працаваў прадстаўнік мясцовага лясніцтва Аляксандр Каралеўскі. Хапіла спраў усім. Зламаныя дрэвы папілавалі, калодкі склалі, засталося пашчапаць на дровы для ацяплення будынка школы мастацтваў. Пакуль не вырашана пытанне з самай тоўстай часткай таполі, якая перашка­джае рамонту тратуара, бо для яе транспарціроўкі неабходная спецыяльная тэхніка. Разлічваем на дапамогу УП ЖКГ. Пару тыдняў таму работнікі Варапаеўскай дыстанцыі пуці спілавалі тры старыя таполі каля магазіна «Родны кут». Калектыў магазіна прыбраў смецце. Уяўлялі небяспеку і два дрэвы па вуліцы Піянерскай каля дома Рамана Бурака. Іх таксама зрэзалі. Падчас суботніка навялі парадак каля помніка загінулым землякам у цэнтры гарпасёлка, у скверы каля дзіцячага садка, сабралі смецце ўздоўж дарогі ў Галбеі і Гуце. Увогуле, добраўпарадкаваннем займаемся пастаянна, для гэтага распрацаваны план.

— А філіял «ДЭУ-33» узяў шэфства над вёскай Ласіца, — гаварыў начальнік філіяла Алег Крукоўскі. — Населены пункт невялікі, мясцовае насельніцтва — пажылога ўзросту. Да нас з просьбай аб дапамозе звярнулася старшыня Валкоўскага сельскага Савета Таіса Баторы. Мы павысякалі кусты, паабразалі дрэвы. У вёсцы ёсць прыгожая царква, сюды часта прыязджае шмат гасцей. Таму папрацавалі і каля храма. Наступным адрасам добраўпарадкавання стане вёска Норыца.

Навядзенне парадку на зямлі, у населеных пунктах — справа не аднаго дня. Таму актывізавацца трэба не толькі членам працоўных калектываў, але і кожнаму гаспадару ўласнага дома і прыбраць як у сваім двары, так і на вуліцы. Больш ініцыятывы трэба праяўляць жыхарам шматпавярховак, а не чакаць, пакуль пад балконамі і каля пад’ездаў прыбяруць работнікі жыллёва-камунальнай службы. Зямля чакае нашых рук.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.