Увидеть в обычном особенное умеет фотолюбитель из Постав Ольга Круковская

Важное Общество

Яскравае пацвярджэнне таму — прысуджэнне ёй 2-га месца ў фотаконкурсе «Мой родны кут, як ты мне мілы!», які на працягу мінулага года праводзіў выдавецкі дом «Беларусь сегодня». У конкурсе прымалі ўдзел як прафесійныя фатографы, так і аматары. На адрас рэдакцыі прыйшло больш за 5 тысяч здымкаў, якія былі размешчаны на партале sb.by, а самыя цікавыя — на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня».

— Я адпраўляла некалькі фатаграфій, — расказвала Оля. — Тое, што адзначана работа «Пасля дожджыку ў чацвер» (на ёй — адлюстраванне на мокрым асфальце, як у люстэрку, адметных па архітэктуры будынкаў на плошчы Леніна ў райцэнтры — аўт.), стала для мяне нечаканасцю. Разлічвала, што ўразяць іншыя. Што да гэтай, то яе зрабіла два гады назад у Чысты чацвер перад праваслаўным Вялікаднем.

Фотаработа «Пасля дожджыку ў чацвер»

Фатаграфаванне вабіла Олю з дзяцінства. Але сваю мару яна ажыццявіла толькі падчас вучобы ў 10 класе, калі бацькі падарылі на дзень нараджэння Kodak. Той просценькай «мыльніцай» і пачала фатаграфаваць. З гадамі памяняла некалькі фотаапаратаў, нязменнай засталася прага творчасці.

— Вельмі ўдзячная мужу, які разумее маю захопленасць і ва ўсім падтрымлівае, — расказвала Оля. — Калі ў 2005 годзе нарадзіўся наш першынец, Саша падарыў мне лічбавы фотаапарат, а пасля з’яўлення на свет другога сыночка — люстэркавы, якім зараз і карыстаюся. Фатаграфую родных, знаёмых, калег, шмат кадраў «лаўлю» на любімай дачы ў Курсевічах.

Другое месца ў конкурсе «Мой родны кут, як ты мне мілы!» — не першая адзнака творчасці Вольгі Крукоўскай. Летась яна заняла 2-е месца ў конкурсе лічбавай фатаграфіі ў намінацыі «Жаночы твар прафсаюза», які праводзіў рэспубліканскі прафсаюз работнікаў сувязі, а таксама стала лаўрэатам у яшчэ адной намінацыі гэтага ж конкурсу — «Праца на зямлі стварае прыгажосць». Робіць шмат здымкаў калег (працуе ў Пастаўскім рэгіянальным вузле паштовай сувязі), падчас экскурсійных паездак сувязістаў. Многія з іх змяшчаліся на сайце «Белпошты».

Але асабліва захапляе фотааматара прырода.

 — Аднойчы пазваніла знаёмая і паведаміла, што ўбачыла на Мядзельшчыне пшанічнае поле, а ў ім — квітнеючыя васількі і макі, — расказвала Оля. — І я ў той жа дзень памчала туды: папрасіла мужа, каб завёз мяне больш чым за 30 кіламетраў зрабіць здымак. Зрэшты, прыгожыя кветкі або яркі захад сонца ўбачыць кожны. А мне цікавей прыкмеціць асаблівае ў самым звычайным і адлюстраваць у фатаграфіі.

У тым, што гэта атрымліваецца ў творцы, пераконваюць яе работы. Угледзьцеся ў іх! Яшчэ больш знойдзеце на сайце «Пастаўскага краю» і ў сацыяльных сетках, на старонцы Вольгі ў «Аднакласніках». Хіба не ўражваюць?

Фаіна Касаткіна
Фота даслала Вольга Крукоўская



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.