Отделение анестезиологии, реаниматологии и интенсивной терапии признано лучшим в1-м военном госпитале ОПС РБ

Важное Здравоохранение

Умовы для працы ідэальныя

У Мінску ўшанавалі фіналістаў конкурсу сярод падраздзяленняў органаў пагранічнай службы Беларусі. Іх кіраўнікі атрымалі заслужаныя ўзнагароды ў 37-мі намінацыях за якаснае і адказнае выкананне задач воінскімі калектывамі, прафесійны падыход і высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці на працягу мінулага года.

Сярод пераможцаў — аддзяленне анестэзіялогіі, рэаніматалогіі і інтэнсіўнай тэрапіі 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранслужбы Рэспублікі Беларусь. Калектыў прызнаны найлепшым сярод асноўных падраздзяленняў шпіталя.

— Узнагарода прыемная і нечаканая. На яе ўручэнне ездзілі дэлегацыяй з пяці чалавек, — расказваў урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Уладзімір Мятліцкі. — Тое, што нас адзначылі на такім высокім узроўні, заслуга ўсяго калектыву — вопытнага, дружнага, уважлівага да людзей. Усе якасна выконваюць свае абавязкі, падтрымліваюць адно аднаго, клапоцяцца пра хворых.

Аддзяленне дзейнічае з моманту стварэння медустановы. На яго базе разгорнуты 3 медыцынскія ложкі. Адзін з іх знахо­дзіцца ў прыёмным аддзяленні на выпадак паступлення цяжкахворага. Пацыентаў, якім патрабуецца інтэнсіўная тэрапія і рэанімацыйныя мерапрыемствы, тут бывае не многа з-за кантынгенту: усе ваеннаслужачыя своечасова праходзяць паглыбленае медыцынскае абследаванне. Апроч пагранічнікаў, у шпіталі бясплатна праходзяць лячэнне ваенныя пенсіянеры і іх сем’і, а таксама тыя, хто падпадае пад фармуліроўку «цікавы клінічны выпадак». Існуе зацверджаны начальнікам установы пералік такіх захворванняў. У іх лік уваходзіць халецыстыт. З дапамогай лапараскапічнай стойкі пацыентам з такім дыягназам выдаляецца жоўцевы пузыр. Такая зацікаўленасць да пэўных захворванняў тлумачыцца проста: каб хірургі не страчвалі навыкаў.

Медсястра-анестэзіст Вольга Ігнаценка, старшая медсястра Ірына Тумаш і анестэзіёлаг-рэаніматолаг Уладзімір Мятліцкі праводзяць інтубацыю пацыента

У аддзяленні шчыруюць старшая медыцынская сястра, 5 медсясцёр-анестэзістаў, малодшая сястра па доглядзе хворых і тэхнік. Узначальвае яго маёр медыцынскай службы Уладзімір Мятліцкі. Праз клапатлівыя рукі персаналу аддзялення штогод праходзіць каля 240 пацыентаў. У прыватнасці, сюды паступа­юць хворыя, якім патрэбна неадкладная і экстранная дапамога. Гэта пацыенты з усімі відамі вострага каранарнага сіндрому, парушэннем мазгавога кровазвароту, інсультам, траўмамі, пасля працяглых аперацый, а таксама тыя, хто патрабуе дынамічнага назірання. Для іх лячэння выкарыстоўваюцца сучаснае абсталяванне, метады і лекі. Нядаўна набылі шпрыцавыя дазатары. Яны дазваляюць уводзіць лекавыя сродкі больш плаўна і з мінімальнымі хібамі. У спісе навінак таксама дыфібрылятары і апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх. На іх выкарыстоўваюцца інгаляцыйныя анестэтыкі, якія валодаюць шырокім тэрапеўтычным эфектам. У выніку пацыенты добра засынаюць і прасынаюцца, не адчуваюць болю, ім не млосна.

— Мы можам камбінаваць лекавыя сродкі. У залежнасці ад маніпуляцыі самі разлічваем дозу. У маёй практыцы аперацыі былі рознымі па працягласці: ад 10 хвілін да 6 гадзін, — працягваў суразмоўца. — Таксама на базе нашага аддзялення створана эвакуацыйная брыгада, якая транспартуе хворых па ўсёй краіне на рэанімабілі. Умовы для працы ідэальныя.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.