Отделение Госавтоинспекции ОВД — одно из самых больших в поставской милиции

Безопасность Главное

Днём і ноччу нясуць службу на дарогах Пастаўшчыны інспектары ДПС аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама.

Гэта падраздзяленне — адно з самых вялікіх у пастаўскай міліцыі. У штаце 12 супрацоўнікаў: начальнік ДАІ, старшы дзяржаўтаінспектар, старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы, старшы інспектар дарожна-патрульнай службы і 8 інспектараў ДПС. У іх распараджэнні маюцца 4 службовыя аўтамабілі, з дапамогай якіх забяспечваецца бяспека дарожнага руху, выконваюцца іншыя задачы, звязаныя з аховай правапарадку на тэрыторыі горада і раёна.

Начальнік аддзялення ДАІ Аляксандр Арэхаў інструктуе інспектараў Андрэя Сеніна, Віктара Гутара і Андрэя Цымбалюка перад іх заступленнем на службу

Кожны дзень, заступаючы на службу, інспектары ДАІ аб’яз­джаюць дарогі, аглядаючы праезную частку на прадмет ям і выбоін і пры іх наяўнасці паведамляюць пра гэта дарожным арганізацыям. У зімовы час перш за ўсё звяртаюць увагу на тое, каб на дарогах не было абледзянення і яны своечасова апрацоўваліся супрацьгалалёднай сумессю. Правяраюць таксама наяўнасць неабходных дарожных знакаў і асвятлення на вуліцах населеных пунктаў, кантралююць рух транспарту, праводзяць выбарачную праверку дакументаў у вадзіцеляў і сочаць за тым, каб яны ўступалі дарогу пешаходам на нерэгулюемых пешаходных пераходах. Клапоцяцца пра з’яўленне новых пераходаў там, дзе яны неабходныя, і святлодарожных сігналізатараў на асабліва небяспечных участках, пра ўстаноўку бар’ерных агароджаў паблізу школ і іншых аб’ектаў, каб пешаходы нечакана не маглі выйсці на праезную частку.

Вялікае месца ў дзейнасці ДАІ, як і міліцыі ў цэлым, зай­мае прафілактычная работа. Штодзень дзяржаўтаінспектары выступаюць у працоўных калектывах, навучальных установах горада і раёна, сродках масавай інфармацыі, нагадваючы пра неабходнасць выканання правілаў дарожнага руху. Праводзяць розныя акцыі, ранішнікі і іншыя прафілактычныя мерапрыемствы. Нярэдка ра­зам з міліцыянерамі на вуліцы Пастаў выходзяць члены атрадаў юных інспектараў дарожнага руху і раздаюць гараджанам лістоўкі з кароткай інфармацыяй, як правільна дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі на дарозе.

— Наша галоўная задача — не пакараць чалавека за правапарушэнне, а растлумачыць яму нормы і правілы дарожнага руху, — апавядаў начальнік аддзялення ДАІ Аляксандр Арэхаў. — Мы не імкнёмся хутчэй складаць пратакол і выпісваць штраф, калі правапарушэнне нязначнае і здзейснена ўпершыню. Ёсць такая мера, як вусная заўвага. Яе прымяняем даволі часта. Лічу, што людзі павінны не баяцца пакарання, а навучыцца паважаць закон і не парушаць яго.

Калі са змяншэннем светлавога дня асаблівую ўвагу інспектары звяртаюць на недапушчэнне выпадкаў наезду на пешаходаў, у час школьных канікул — дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, то ў перыяд пасяўной і ўборачнай кампаній пад іх пільным наглядам знаходзяцца механізатары сельгаспрадпрыемстваў. Ім тлумачыцца неабходнасць строгага выканання правілаў дарожнага руху, асабліва ў цёмны час сутак, даводзіцца адказнасць за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення, без вадзіцельскіх правоў і інш.

Увогуле, барацьбу з нецвярозымі і безадказнымі вадзіцелямі і пешаходамі супрацоўнікі ДАІ вядуць пастаянна. І яна дае вынікі. У першую чаргу ў выглядзе зніжэння колькасці дарожна-транспартных здарэнняў з пацярпелымі. Так, у 2018 годзе на Пастаўшчыне было зарэгістравана 11 ДТЗ, у якіх 2 чалавекі загінулі, у 2019-м — 8 ДТЗ і ніводнага загінулага. Таксама два гады назад нецвярозыя вадзіцелі сталі віноўнікамі 5 аварый, летась — толькі адной.

Прыводзячы гэтыя лічбы, Аляксандр Віктаравіч, натуральна, не мог не сказаць добрых слоў пра калектыў. Ён зладжаны, амаль не мяняецца на працягу апошніх гадоў, можа выконваць любыя пастаўленыя перад ім задачы.

— Адзначаць з пункту погляду работы кагосьці асобна не буду, бо ўсе добрасумленна спраўляюцца са сваімі абавязкамі, — гаварыў кіраўнік. — Заўважу толькі, што ў нас ёсць як вопытныя супрацоўнікі, напрыклад, Андрэй Цымбалюк, Віктар Гутар, Андрэй Сенін, Аляксей Кандрашэнка, так і маладыя. Да ліку апошніх адносіцца Анатолій Шымковіч, які служыць у ДАІ менш за год, але ўжо добра зарэкамендаваў сябе. Такія якасці, як працавітасць і адказнасць, уласцівыя кожнаму інспектару.

Алена Шапавалава. Фота аўтара і Наталлі Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.