«Поклонимся великим тем годам»: 77-летняя Янина Букато и сегодня живет надеждой отыскать могилу своего отца

75 лет Победы

Жыве памяць пра бацьку

Распачынаючы рэдакцыйны спецпраект «Паклонімся вялікім тым гадам», мы запрасілі да ўдзелу ў ім нашых чытачоў. І яны актыўна адгукнуліся.

Чарговы адрас падказала глыбачанка Дар’я Грыцкевіч.  Яна апавядала:

— Мая 77-гадовая бабуля Яніна Іванаўна Буката і сёння жыве надзеяй адшукаць магілу свайго бацькі і майго прадзядулі Яна Іваноўскага, які загінуў у красавіку 1945 года. Бабулі быў годзік, калі бацьку забралі на фронт. Яна шмат распытвала пра яго ў сваёй маці і бабулі і цяпер з такой цеплынёй распавядае пачутае нам.

Я накіравалася ў вёску Луцк-Казлоўскі Казлоўшчынскага сельсавета. Яніна Іванаўна журналіста чакала. На стале — калектыўны фотаздымак вайскоўцаў, на якім крайні справа — яе бацька, дакументы, атрыманыя з розных архіваў. Адказы адусюль аднолькавыя: Ян Іваноўскі загінуў 27 красавіка 1945 года недалёка ад г. Баўтцэна (Германія). Колькі часу мы гутарылі, столькі жанчына трымала ў руках гальштук — дарагую рэч, якая засталася ад роднага чалавека. Прапаную чытачам успаміны маёй суразмоўцы.

Яніна Буката з бацькавым гальштукам

— Прозвішча таты зна­чыцца на помніку ў Казлоўшчыне, устаноўленым землякам, якія не вярнуліся з вайны, — расказвала, змахваючы слёзы, Яніна Буката. — Ёсць яно і ў кнізе «Памяць». А вось дзе знайшло вечны спачын цела невядома. Па-добраму зайздрошчу тым, хто адшукаў магілы сваіх родных, можа паехаць туды і пакланіцца, запаліць свечку. Мама да апошняга свайго ўздыху верыла, што яе Янак жывы і калі-небудзь вернецца дадому. Але нашы неаднаразовыя звароты ў архівы не мелі поспеху. Мяне асабіста суцяшае тое, што ў Бога гэтыя людзі на асаблівым рахунку, таму што няма большага подз­вігу, чым аддаць сваё жыццё за іншых. Я за яго малюся дома.

Тата быў чацвёртым дзіцем у сям’і. З братам-блізнюком яны нарадзіліся ў вёсцы Кісева Докшыцкага раёна. Ім было ўсяго па чатыры гадкі, калі памерла маці. Выхоўвалі хлопчыкаў ­бацька і старэйшыя сёстры. Каб мець на стале хлеб, усе з ранняга дзяцінства пасвілі кароў у чужых лю­дзей, выконвалі іншыя работы. За працавітасць і пакахала тату мама. У 1939 годзе яны пажаніліся і сталі жыць на хутары ў Замошшы Казлоўшчынскага сельсавета. Праз два гады ў іх нарадзіўся сын, яшчэ праз два — я.

Пра жыццё ў час акупацыі мама шмат ўспамінала. Днём на замошскіх хутарах гаспадарылі немцы, ноччу наведваліся партызаны. А ў пачатку восені 1943 года ўсе жылыя хаты спалілі, вяскоўцаў пагналі ў невядомую дарогу. На шляху ў Варапаева спыняліся ў Рудым, Казлоўшчыне. Жыхары вёсак давалі хлеба, бульбяной кашы, малака. Нашай сям’і ўдалося ўцячы. Замошша сустрэла папялішчам. Уцалела толькі хата, якую тата пачаў узводзіць яшчэ да вайны. Але дабудаваць яе так і не ўдалося — праз год забралі на фронт.

Ян Іваноўскі (крайні справа)

Мама часта расказвала пра тое, як недалёка ад вёскі немцы збілі савецкі самалёт. Лётчыкі ўратаваліся, і тата на кані вазіў іх за Барэйкі, дзе размяшчаўся партызанскі атрад. А той самалёт пазней вяскоўцы разабралі на розныя мэты. У нас ад яго захаваўся вялікі жалезны круг.  

Служыў тата ў 33-м пяхотным палку 8-й польскай дывізіі. Быў непісьменны, таму лісты ад яго імя нам пісалі баявыя таварышы. Па салдацкія трохкутнікі мама праз дзень хадзіла на пошту за 5 кіламетраў. Потым вестачкі перасталі атрымліваць. Закончылася вайна, сталі вяртацца дадому з фронту вяскоўцы. Станіслаў Крэміс служыў разам з нашым татам. Расказваў, што ў адным з баёў на тэрыторыі Германіі тату цяжка параніла, і больш яго ён не бачыў.

Як нам цяжка жылося без ­бацькі! Я любіла вучыцца і мела да гэтага здольнасці, марыла стаць настаўніцай. Ды ў школу ха­дзілі па чарзе з братам, бо на дваіх былі адны чаравікі і адна куртка. Маме не пад сілу было вучыць нас далей, таму пасля сямі класаў уладкавалася на ферму, 24 гады адпрацавала даяркай.

Маміны браты выехалі ў Польшчу. Клікалі і яе з сабой. А яна пастаянна гаварыла: «Як жа я пакіну свой дом? Вернецца Янак — а мяне няма. Дзе ён будзе нас шукаць?» Надзея  на сустрэчу жыла заўсёды.

Углядаюся ў татаў твар на фатаграфіі — і бачу сваё падабенства з ім. Часам думаю: магчыма, у нашым раёне жывуць людзі, чые родныя служылі разам з татам, і ў іх ёсць такі ж здымак. Можа, яны штосьці ведаюць з успамінаў родных пра франтавыя дарогі, якія давялі іх да Баўтцэна?

Запісала Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.