Поставчанка Алеся Теляк открыла собственный интернет-магазин детских игрушек

Важное Личности

Магчымасцей шмат, калі іх шукаць — упэўненая пастаўчанка Алеся Цяляк, якая рашылася на адкрыццё ўласнай інтэрнэт-крамы.

У 2011 годзе ў Паставах упершыню праводзіўся конкурс прафесійнага майстэрства «Шлях да поспеху». Адной з яго ўдзельніц была пастаўчанка Алеся Цяляк. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта яна працавала бухгалтарам у цэнтральнай раённай бальніцы, пазней працаўладкавалася ў аддзяленне Белаграпрамбанка ў Паставах.

За 9 гадоў кожны з канкурсантаў прайшоў свой шлях да поспеху. Адны і сёння працуюць на сваіх ранейшых пасадах, другія змянілі не толькі род занятку, але і месца жыхарства. Алеся за гэты час нарадзіла двух дзяцей, а пасля заканчэння водпускаў па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў, вырашыла заняцца хоць і невялікім, але ўласным бізнесам.

— Я ніколі не любіла сядзець склаўшы рукі, таму пасля нараджэння сына, а пасля і дачкі пачала шукаць новыя магчымасці для самарэалізацыі, — расказвала Алеся. — Калі ты знаходзішся ў дэкрэце, то менавіта інтэрнэт для гэтага становіцца ідэальнай пляцоўкай. Выстаўляць напаказ жыццё ўласнай сям’і мне ніколі не падабалася, таму блогерства адмяла адразу. Чытала розную літаратуру па прасоўванні акаўнтаў у сацыяльных сетках, прайшла курсы «Продажы праз аднастаронкавыя сайты», нават у сеткавым маркетынгу сябе паспрабавала. Адчула: праз інтэрнэт прадаваць можна, зарабляць там магчыма, але трэба вельмі пераборліва ставіцца да асартыменту, які ты прапануеш людзям. Каб потым перад імі не чырванець за нізкаякасны тавар.

Алесі заўжды хацелася не толькі займацца продажамі, але і да­рыць станоўчыя эмоцыі, прыносіць карысць. Думала: у чым жа можа добра разбірацца пасля шасці гадоў у дэкрэце, што асабліва даспадобы? Адказ не прымусіў сябе ча­каць — гэта дзіцячыя цацкі.

— Як мама я заўсёды вельмі сур’ёзна стаўлюся да іх выбару, — працягвала размову Алеся Цяляк. — Часам трэба шмат пералапаціць, каб выбраць для сына ці дачкі штосьці цікавае, карыснае і прыгожае. Я не ў захапленні ад розных робатаў, трансформераў ці персанажаў сучасных мультфільмаў, якія «ездзяць» па неакрэплай дзіцячай псіхіцы. Ці, бывае, прынясеш новую машынку дадому, а яна праз пяць хвілін развалілася. Таму вельмі карпатліва падбірала асартымент для сваёй інтэрнэт-крамы umnik.by. Там прадаюцца развівальныя цацкі і гульні для малых і дзяцей дашкольнага ўзросту. Большасць тавараў выраблена з дрэва, і я ўпэўненая ў іх якасці.

Цяпер прадпрымальная пастаўчанка актыўна рэкламуе свой тавар у сацыяльнай сетцы «Інстаграм»: робіць відэаагляды, праводзіць розыгрышы. І атрымлівае задавальненне ад перапіскі з кліентамі, шчыра радуецца іх станоўчым водзывам. Дарэчы, прадукцыя цікавіць не толькі пастаўчан, але і жыхароў іншых рэгіёнаў Беларусі. Ім Алеся цацкі дасылае па пошце.

— Сёння варыянтаў заробку ў інтэрнэце безліч, але знайсці «сваё» не так і проста, — рэзюмавала суразмоўца. — Тым больш у невялікім горадзе. Напачатку мне, як і многім іншым, хацелася хуткага выніку — усяго і адразу, але ж гэта немагчыма. Галоўнае, набрацца цярпення і паступова рухацца да новых мэт. Вельмі многа значыць уменне максімальна рацыянальна выкарыстоўваць свой час. Цяпер я планую сумяшчаць гэты невялікі бізнес з работай бухгалтара ў адной з пастаўскіх арганізацый. Наколькі гэта атрымаецца — пакажа час.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.