Поставский суд вынес приговоры мошенникам, которые обманным путем прикарманивали чужие деньги

Безопасность

Паслядоўнікі Астапа Бэндара

Хто не памятае аднаго з самых папулярных герояў раманаў Ільфа і Пятрова «Залатое цяля» і «12 крэслаў» Астапа Бэндара? Заўзяты аферыст прызнаваўся, што ведае 400 параўнальна «сумленных» спосабаў завалодання чужымі грашыма. Дзейнічаў ён даўно, у пачатку ХХ стагоддзя. У наш час, дзякуючы інтэрнэту, магчымасці махляра намнога расшырыліся б. Пра гэта сведчыць і дзейнасць паслядоўнікаў вялікага камбінатара.

Па прыклады хадзіць далёка не трэба. Некалькі крымінальных спраў, узбуджаных супраць махляроў, нядаўна разгледжаны ў нашым судзе. Так, жыхар г. Добруша Гомельскай вобласці К. на працягу ўсяго трох месяцаў падманным шляхам завалодаў грашовымі сродкамі 7 чалавек на агульную суму 2 000 рублёў. Сярод пацярпелых — і 2 жыхары Пастаўскага раёна. Махляр дзейнічаў па аднолькавай схеме: размяшчаў на інтэрнэт-рэсурсах аб’явы аб продажы гульнявых прыставак і дыскаў, а таксама мабільнага тэлефона, указваў прывабную цану, патрабаваў папярэднюю плату, не маючы тавару. Але як жа ўмела пераконваў патэнцыяльных пакупнікоў! Да аб’яў прыкладаў фатаграфіі тавару, узятыя з таго ж інтэрнэту, у перапісцы або тэлефонных перамовах падрабязна і дакладна характарызаваў яго. Людзі верылі «прадаўцу» і пералічвалі на яго банкаўскую картку суму, роўную запрошанай: 310, 410, 500 і больш рублёў. Але пакупак так і не дачакаліся. Пасля атрымання грошай махляр на сувязь не выходзіў. Толькі адзін з сямі пацярпелых, дарэчы, пастаўчанін, пералічыў на картачку К. не ўсю суму, а 25 рублёў авансу. Яшчэ адзін пералічыў поўную суму, а гэта 125 рублёў, пасля таго як той прад’явіў праз сацыяльныя сеткі квітанцыю аб адпраўцы тавару паштовай пасылкай. Але якім жа вялікім было абурэнне атрымальніка, калі, распакаваўшы пасылку, ён убачыў не абяцаныя гульнявыя дыскі, а майку!

Падманутым пакупнікам не заставалася нічога іншага, як звярнуцца з заявамі ў міліцыю. Суд прызнаў грамадзяніна К. вінаватым у завалоданні чужой маёмасцю шляхам падману (махлярства) і на падставе ч. 1 арт. 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь назначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама ўстанавіў абвінавачванаму месячны тэрмін з дня набыцця прыгаворам законнай моцы для добраахвотнага выканання прыгавору ў частцы грамадзянскага іску.

Яшчэ адзін камбінатар П. прапаноўваў у інтэрнэце паслугі па вырабе фотаальбомаў. Дэманстраваў іх у «Інстаграме», нібыта свае работы. Абяцаў па жаданні заказчыка распрацаваць макет, афор­міць альбом па найвышэйшым класе. Прычым па вельмі даступнай цане. Дзве жыхаркі нашага райцэнтра зацікавіліся прапановай. Выйшлі на сувязь з «творцам», затым кожная пералічыла на яго банкаўскую картачку 40 рублёў у якасці перадаплаты. На гэтым усё і закончылася — прадавец паслуг аказаўся махляром і знік з поля зроку. І толькі калі заказчыцы альбомаў звярнуліся з заявамі ў міліцыю, вярнуў ім грошы.

А вось шасцёра пастаўчан пацярпелі ад сваёй знаёмай — таксама жыхаркі райцэнтра. Грамадзянка В., сутыкнуўшыся з фінансавымі цяжкасцямі, звярталася па дапамогу да людзей, якіх добра ведала, хто давяраў ёй. І тыя давалі ў доўг як беларускія рублі, так і долары. Сумы былі розныя: найменшая — 600 долараў, найбольшая — 2 700. Кожнаму «крэдытору» жанчына давала распіску, абяцала вярнуць доўг у кароткі тэрмін. Аднак ні ў адным выпадку абяцання не выканала. А першы эпізод махлярства быў іншы. В. угаварыла сваю знаёмую Т. аформіць у банку крэдытны дагавор, а атрыманыя сродкі перадаць ёй. Запэўніла: кожны месяц будзе выплач­ваць банку патрэбную суму. Т. аформіла крэдытны дагавор з ЗАТ «Дэльта Банк» на 26 млн недэнамінаваных рублёў. Грашовыя сродкі былі залічаны на дзве банкаўскія пластыкавыя картачкі, якія яна перадала грамадзянцы В. Тая аддзячыла знаёмай сумай у 2 млн недэнамінаваных рублёў. Але з банкам не разлічвалася. Установа прад’явіла прэтэнзіі грамадзянцы, на чыё імя быў аформлены крэдытны дагавор, і ёй давялося самой разлічвацца з банкам.

У рэшце рэшт пацярпелыя звярнуліся з заявай у міліцыю. У адносінах да В. была ўзбуджана крымінальная справа. У ходзе следства ўстаноўлена, што на працягу 2014—2016 гадоў яна шляхам падману і злоўжывання даверам (махлярства) завалодала грашовымі сродкамі ў размеры 18.849 рублёў. Суд прыгаварыў грамадзянку да 2 гадоў пазбаўлення волі без штрафу. Але, улічыўшы змякчаючыя абставіны, пастанавіў не выконваць назначанае пакаранне, калі на працягу 2 гадоў асуджаная не здзейсніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яе судом абавязкі.

Факты махлярства апошнім часам пачасціліся. Якіх толькі спосабаў ні знаходзяць прадпрымальныя, але нядобрасумленныя грамадзяне, каб абдурыць іншых. Уваходзяць у давер, абяцаюць немагчымае і нажываюцца на махлярстве. Пра гэта варта памятаць кожнаму, хто мае намер уступіць у тую ці іншую здзелку.

 Наталля Жукава, суддзя суда Пастаўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.