Председатель районного объединения профсоюзов Инна Далецкая поделилась впечатлениями от VIII съезда Федерации профсоюзов Беларуси

Общество

Разам працаваць на дабрабыт кожнага і краіны ў цэлым

У канцы лютага прайшоў VIII з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Уражаннямі пра яго карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч папрасіла падзяліцца старшыню раённага аб’яднання прафсаюзаў Іну Далецкую.

— Рэспубліканскі прафсаюзны форум — важная падзея для ўсяго прафсаюзнага руху краіны і кожнай пярвічкі, — гаварыла Іна Аляксееўна. — Прайшоў ён на пазітыўнай ноце. Мае чаканні поўнасцю апраўдаліся: тыя пытанні, на якія хацелася пачуць адказы, былі агучаныя. А гэта забеспячэнне годнай заработнай платы работнікам прадпрыемстваў усіх галін вытворчасці, уключэнне ў калектыўныя дагаворы сацыяльных гарантый, прававая абарона членаў прафсаюза, ахова працы і іншае. Са змястоўным дакладам выступіў старшыня ФПБ Міхаіл Орда.

— Што найбольш значнага зроблена за справаздачны перыяд?

— Прафсаюзы напрамую ўдзель­нічаюць у прыняцці важных рашэнняў у сацыяльна-эканамічнай сферы. Усе праекты дакументаў, якія датычаць працоўных правоў людзей, накіроўваліся на экспертызу ў Федэрацыю. У мінулым годзе Федэрацыя прафсаюзаў нароўні з органамі дзяржаўнага кіравання і парламентарыямі выступіла адным з распрацоўшчыкаў найважнейшага для ўсіх дакумента — праекта закона па зменах Працоўнага кодэкса. Прафсаюзы ўнеслі больш за 40 прапаноў, якія значна ўзмацнілі гарантыі работнікаў.

Акрамя таго, менавіта па прапанове прафсаюзаў у справаздачным перыядзе быў прыняты шэраг дакументаў, накіраваных на вырашэнне актуальных для людзей праблем. Адзін з апошніх прыкладаў — змена заканадаўства па датэрміновых пенсіях пасля таго, як у прафсаюзы сталі звяртацца людзі, якія па 20 і больш гадоў адпрацавалі ў асаблівых умовах і аказаліся ў сітуацыі, калі павінны былі або звальняцца, або атрымліваць у будучым прафесіянальную пенсію ў размеры 40-70 рублёў. Федэрацыя прафсаюзаў звярнулася да Прэзідэнта краіны з просьбай разгледзець пытанне па карэкціроўцы такіх падыходаў. У студзені Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які і вырашыў праблему. 

— Кульмінацыяй з’езда стала выступленне Прэзідэнта Беларусі?

— Сапраўды, гэта так. Аляксандр Лукашэнка даў высокую ацэнку рабоце прафсаюзаў і ўручыў Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Гэта найвышэйшая ўзнагарода, якой удастоены ўвесь прафсаюзны рух краіны. Яна стала стымулам да таго, каб працаваць яшчэ больш эфектыўна. Прэзідэнт адзначыў, што прафсаюзны рух з’яўляецца паўнапраўным удзельнікам будаўніцтва краіны. «Мы стварылі дзяржаву, галоўнымі каштоўнасцямі якой з’яўляюцца людзі і справядлівыя адносіны да іх. Гэты выбар прадвызначыў далейшае развіццё партнёрскага ўзаемадзеяння паміж уладай і грамадскімі арганізацыямі», — заявіў Прэзідэнт і падкрэсліў, што Федэрацыя прафсаюзаў — самая масавая грамадская арганізацыя краіны. У сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка закрануў шмат надзённых пытанняў, мы адчулі яго падтрымку і гатоў­насць дапамагчы.

— У якім кірунку будзе весціся далейшая работа?

— Набалелым для людзей пытаннем застаецца пенсійная сістэма. Сёння дзейнічае, так сказаць, ураўняльны прынцып. Чалавек, які вучыўся, пастаянна павышаў свой прафесійны ўзровень, максімальна аддаваў сябе абранай справе, атрымлівае практычна такую ж пенсію, як той, хто, можа, часам працаваў, як кажуць, спусціўшы рукавы. Гэта несправядліва. Механізмы налічэння пенсіі павінны матываваць людзей старацца працаваць лепш, імкнуцца да прафесійнага росту. Кожны чалавек павінен быць упэўненым, што яго пенсія будзе адпавядаць працоўным заслугам. Ёсць пэўны дысбаланс і ў тых пенсіянераў, якія, маючы права на заслужаны адпачынак, працягваюць працаваць.

Бягучы год для нашай краіны асаблівы: 75-годдзе Вялікай Перамогі, выбары Прэзідэнта краіны. Федэрацыя прафсаюзаў право­дзіла і праводзіць актыўную работу па захаванні гісторыі і памяці. З асаблівай павагай ставіцца да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, людзей старэйшага пакалення, якім тая страшная вайна прынесла шмат выпрабаванняў. На іх плечы лягло аднаўленне разбуранай гаспадаркі. У іх мы павінны вучыцца адзінству і згуртаванасці. Прафсаюзы заўсёды былі ў гушчыні па­дзей. Упэўненая, і на гэты раз удала адыграюць сваю ролю.

У асноўныя кірункі дзейнасці і задачы прафсаюзаў на пяцігодку ўвайшлі павышэнне ўзроўню жыцця і сацыяльнай абароны работнікаў, своечасовая выплата заработнай платы, развіццё сістэмы страхавання, у тым ліку пенсійнага і медыцынскага. Сярод прыярытэтаў — рэалізацыя канцэпцыі «нулявога траўматызму» на вытворчасці, паглыбленне міжнароднага супрацоўніцтва. Мэта прафсаюзнага руху — аб’яднаць людзей, каб разам працаваць на дабрабыт кожнага і краіны ў цэлым.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.