Психиатр-нарколог Жанна Попова рассказала об актуальности проблемы наркомании в Поставском районе

Здравоохранение

Пагроза для чалавецтва

1 сакавіка многія краіны свету адзначылі Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і незаконным абаротам наркотыкаў. Ён быў абвешчаны ў 1987 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН з мэтай міжнароднага супрацоўніцтва па гэтай праблеме. Пра небяспеку ўжывання наркотыкаў і актуальнасць праблемы для нашага раёна карэспандэнт «ПК» гутарыць з псіхіятрам-нарколагам Пастаўскай ЦРБ Жаннай Паповай.

Псіхіятр-нарколаг ЦРБ Жанна Папова

— Жанна Пятроўна, наркаманію часта называюць глабальнай пагрозай чалавецтву. Наколькі гэта апраўдана?

— Тут няма перабольшання. Яе наступствы надзвычай небяспечныя, паколькі ў арганізме чалавека, які ўжывае наркатычныя рэчывы, адбываюцца грубыя парушэнні функцый унутраных органаў, нервовай сістэмы, галаўнога мозга. Наркаманы садзейнічаюць распаўсюджванню ВІЧ-інфекцыі, вірусных гепатытаў, венерычных і іншых небяспечных інфекцыйных захворванняў. Таксама наркаманія займае не апошняе месца ў ліку прычын высокай смяротнасці, нізкіх нараджальнасці і сярэдняй працягласці жыцця ў грамадстве. Сказанае датычыць у тым ліку Рэспублікі Беларусь, дзе колькасць хворых на яе штогод павялічваецца.

— А якая сітуацыя на Пастаўшчыне?

— На працягу апошніх гадоў у нашым раёне назіраецца зніжэнне захваральнасці на наркаманію. У гэтым немалую ролю адыгрывае вялікая прафілактычная работа ўсіх зацікаўленых — ад медыкаў і супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў да настаўнікаў школ і работнікаў культуры. Зараз на дыспансерным уліку ў цэнтральнай райбальніцы з дыягназам «наркаманія» знаходзіцца адзін чалавек, на лячэбна-прафілактычным назіранні — двое. Усе асобы — мужчыны ва ўзросце ад 20 да 40 гадоў, двое з іх не працуюць.

— Як вядома, у свеце існуе шмат розных наркотыкаў. Якія найбольш распаўсюджаныя?

— Так званыя мяккія, да якіх адносіцца ўвесь марыхуанавы рад. Праз непрацяглы час яны выклікаюць псіхалагічную залежнасць. З мяккіх наркотыкаў адбываецца даволі хуткі пераход на больш моцныя рэчывы ў выглядзе інгалянтаў (какаін) або ўнутрывенных ін’екцый (гераін), якія амаль адразу фарміруюць фізічную залежнасць. Нярэдка маладыя людзі, часцей за ўсё падлеткі, першапачаткова знаёмяцца з вялікай колькасцю псіхаактыўных рэчываў, а затым выбіраюць з іх нешта адно. Выбар звязаны перш за ўсё з уласнымі адчуваннямі ў стане інтаксікацыі і модай на наркотык у дадзены час. З моманту вызначэння перавагі пачынаецца развіццё захворвання, і прыём наркотыку становіцца рэгулярным. Усе паводзіны, устаноўкі, маральныя каштоўнасці хворага падпарадкоўваюцца патрэбе рэгулярнага аднаўлення стану інтаксікацыі.

— У чым заключаецца асаблівасць наркатычнай залежнасці?

— Наркотык вельмі хутка выцясняе ў жыцці чалавека ўсё астатняе і прыводзіць да ўнутранага апусташэння. Звужаецца кола зносін. У ім застаюцца ў асноўным такія ж нарказалежныя асобы. Нарастаюць канфлікты ў сям’і, цяжкасці ў вучобе або рабоце. Наркаманы становяцца раўнадушнымі ў адносінах да сваіх блізкіх, безадказнымі, маральна дэградзіруюць. Паралельна з распадам асобы развіваюцца сур’ёзныя парушэнні органаў і сістэм арганізма, у тым ліку псіхікі. Адбываецца аслабленне першапачатковага ўздзе­яння наркотыку, а неадольнае жаданне павялічыць дозу можа прывесці да страты кантролю і смерці ад перадазіроўкі. Акрамя таго, наркатычная залежнасць часта звязана з крымінальнай дзейнасцю.

— Па якіх ускосных прыкметах можна пазнаць наркамана?

— Як правіла, яны заўсёды, незалежна ад надвор’я і абстаноўкі, носяць адзенне з доўгімі рукавамі, маюць незвычайна вузкія або, наадварот, шырокія зрэнкі, абыякавы погляд, часта — неахайны выгляд. З іншых прыкмет — сухія валасы, ацёклыя кісці рук, цёмныя, абламаныя зубы ў выглядзе «пянькоў», сутулая пастава, невыразнае, «расцягнутае» маўленне, нязграбныя і запаволеныя рухі пры адсутнасці паху алкаголю з роту, рэзкасць і раздражнёнасць пры адказах на пытанні. Сляды ад уколаў наркаманы звычайна хаваюць, але часам іх можна заўважыць на тыльным баку кісцяў, а ў асоб «са стажам» — на ўсіх частках цела, у тым ліку на галаве.

— На што ў паводзінах падлеткаў варта звярнуць увагу бацькам, каб не ўпусціць час?

— Перш за ўсё на нарастанне скрытнасці дзіцяці, магчыма, без пагаршэння адносін з бацькамі. На павелічэнне колькасці і часу прагулак, зніжэнне інтарэсу да вучобы, прывычных захапленняў і хобі, зніжэнне паспяховасці ў школе. Занепакоіць павінны і рост фінансавых запытаў падлетка, прапажа з дому грошай і каштоўных рэчаў, з’яўленне новых падазроных сяброў, рэзкія, незразумелыя змены настрою.

— Дзе шукаць дапамогі тым, хто сутыкнуўся з праблемай наркаманіі?

— Па пытаннях лячэння наркатычнай залежнасці, у тым ліку ананімна, трэба звяртацца ў наркалагічны кабінет Пастаўскай ЦРБ, тэл. 4-11-49. Таксама вам дапамогуць у стацыянары Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, які знаходзіцца ў пасёлку Віцьба, вул. Цэнтральная, 1«А», тэл. 8(0212)69-29-85, або ў дыспансеры ў Віцебску, па вул. Камуністычнай, 6, тэл. 8(0212)61-45-76, 60-29-15. Кругласутачна працуе тэлефон даверу — 8(0212)61-60-60.

Па пытаннях рэабілітацыі звяртайцеся штодзень з 8.00 да 14.00 па адрасе: г. Полацк, вул. 23-х Гвардзейцаў, 4«А», тэл.: 8(02144)43-57-37 — рэгістратура, 8(02144)43-41-84 — наркалагічнае аддзяленне стацыянара, аддзяленне рэабілітацыі залежнасцей.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.