Райбыткомбинат держится на плаву благодаря преданности работников, оптимизации и аренде

Общество

Бытоўцы быць няпроста

Райбыткамбінат трымаецца на плаву дзякуючы адданасці працаўнікоў, аптымізацыі і арэндзе

Калектыў невялікі, аб’ядноўвае ўсяго 44 чалавек. Затое ў пераважнай большасці гэта сапраўдныя прафесіяналы, якія, нягледзячы на цяжкасці і невысокія заработкі, настойліва працягваюць займацца абранай справай. Напачатку прывяду два красамоўныя факты. Па выніках мінулага года Гуцкі комплексны прыёмны пункт, які ўзначальвае Леанарда Валодзька, выйшаў пераможцам раённага спаборніцтва. Ён абслугоўвае жыхароў 37 населеных пунктаў і аказаў ім летась бытавых паслуг на суму 13,8 тысячы рублёў. А прыёмшчыца заказаў Марына Кавалёнак, якая абслугоўвае вяскоўцаў Ярэўскага і Курапольскага сельсаветаў, удастоена высокага звання «Чалавек года Пастаўшчыны».

Спорыцца работа ў швейным цэху райбыткамбіната

— Людзі — наша галоўнае багацце, — расказвала дырэктар райбыткамбіната Тэрэза Карчажка. — Многія працуюць тут не адно дзесяцігоддзе. Напрыклад, загадчыца швейнага атэлье Кацярына Казлова. Яна вельмі творчы і адказны спецыяліст, умее арганізаваць вытворчы пра­цэс, зацікавіць работніц. Алена Камчатная і Алена Кузняцова са швейнага цэха ўжо дасягнулі пенсійнага ўзросту, але засталіся працаваць. Побач з імі — Антаніна Міланцьева, Алена Несцярэнка, Рамуальда Штура. Не пазычаць старання і калектыву пральні ў складзе Галіны Чыгір, Тэрэсы Канавальчык, Вольгі Кісель і Юліі Лапко. У абутковай майстэрні выдатна спалучаюцца вопыт Чаславы Булгакавай і ініцыятыўнасць маладой работніцы Маргарыты Ларыонавай. Паспяхова працуюць майстры цырульні Наталля Пронька, Ірына Кукоўская, Галіна Казлоўская, Анастасія Ляпіліна, Марына Стаднік, Ала Юшко. Нягледзячы на вялікую канкурэнцыю, яны маюць сваю пастаянную кліентуру, з месяца ў месяц выконваюць планы. Нашы цырульнікі аказваюць паслугі і на выездзе ў населеных пунктах раёна, а таксама ў горадзе — інвалідам або цяжкахворым.

Добры настрой у цырульнікаў Ірыны Кукоўскай, Наталлі Пронькі і Алы Юшко

Райбыткамбінатаўцы робяць усё, што ў іх сілах. Але фінансавае становішча прадпрыемства цяжкае: растуць цэны на матэрыялы, паступае менш заказаў, не заўсёды ўдаецца выйграць тэндары, высокая плата за камунальныя паслугі і электраэнергію, вялікая канкурэнцыя з боку прадпрымальнікаў і рамеснікаў, зношанасць абсталявання. Тым не менш рэгулярна атрымліваюць зарплату, своечасова разлічваюцца па падатках і плаце ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. У мінулым годзе некалькі памяшканняў у галоўным будынку здалі ў арэнду, а таксама вымушаны былі закрыць комплексныя прыёмныя пункты ў Хацілах, Ляхаўшчыне, Кураполлі і Парыжы. Аднак вяскоўцы не страцілі магчымасць карыстацца бытавымі паслугамі. Два разы ў месяц машына РКБА аб’язджае вёскі, нашы работнікі прымаюць заказы на пашыў і рамонт адзення, пасцельнай бялізны, коўдраў, падушак, штор, гардзін, чыстку пяра і пуху, мыццё бялізны, рамонт абутку, абкідванне і мыццё дываноў і іншае.

— Цяжкасцей шмат, — адзначыла дырэктар прадпрыемства. — Але 22 сакавіка наша прафесійнае свята. Таму хочацца шчыра павіншаваць з ім усіх бытавікоў раёна, падзякаваць за працу як сённяшнім работнікам, так і тым, хто, выйшаўшы на пенсію, развітаўся з калектывам, але ў свой час унёс годны ўклад у агульную справу. І пажадаць моцнага здароўя, поспехаў, асабістага шчасця.

Застаецца толькі далучыцца да віншавання кіраўніка калектыву і выказаць спадзяванне, што паслугі пастаўскіх бытавікоў застануцца запатрабаванымі, а яны пераадолеюць усе цяжкасці.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.