Разговорить его было непросто… Во время войны Иван Симанёнок увидел столько смертей и крови!

75 лет Победы Главное

Адзін з мільёнаў. Адзіны… бо ён мой тата

Ён з тых, хто не хаваўся ў кустах, не адседжваўся дзе-небудзь у схронах, чакаючы, хто возьме верх у бязлітаснай вайне. Ён зрабіў свой выбар, калі ўцёк з калоны будучых рабоў трэцяга рэйха. Гэта быў фактычны пераход у нелегальнае становішча, і выйсце было адно — пайсці ў партызаны. Прайшоў ваенную падрыхтоўку. Бацьку выдалі зброю блізкага бою, аўтамат і запісалі ў разведку.

У школьным узросце я шмат распытваў тату пра вайну. Разгаварыць яго было няпроста: пабачыў столькі смерцяў і крыві! Але калі расказваў, то гэта былі ваенныя эпізоды без пафасу і лозунгаў.

У ліпені 1944 года, пасля вызвалення нашай мясцовасці ад немцаў, партызана Івана Сіманёнка назначылі сакратаром Свілельскага сельскага Савета. Быць сельсаветчыкам у той час, ды каля велізарнага ляснога масіву — Гадуцішскай дачы, — азначала быць патэнцыйным смертнікам. Так і выйшла: старшыню Савета забілі, сакратару пашчасціла ўратавацца.

Правёўшы некалькі начэй у абдымку з аўтаматам, новаспечаны сельсаветчык папрасіўся на фронт. Напэўна, дакументы аформілі як належыць, бо паехаў на кані аж у Вільню, дзе кватаравала на той час партызанская брыгада перад расфарміраваннем. Без адпаведных папер коннік у цывільным, ды яшчэ з аўтаматам, відавочна, даехаў бы толькі да першай дарожнай заставы.

20 жніўня 1944 года тата ў шэрагу іншых быў накіраваны ў штаб 33-й арміі, адкуль размеркаваны ў 1206-ы стралковы полк 362-й стралковай дывізіі, з якімі і быў звязаны ўвесь яго франтавы лёс. Дзякуючы рассакрэчаным журналам баявых дзеянняў гэтых падраздзяленняў і іншым даступным дакументам, якіх я перагледзеў больш за сотню, мне ўдалося прасачыць франтавыя дарогі бацькі ледзь не пагадзінна.

Іван Васільевіч Сіманёнак у цэнтры

З 15 верасня татаў полк стаяў у лесе каля Мілейчыцаў, на захад ад Белавежскай пушчы. Капалі паўзямлянкі, займаліся ваеннай падрыхтоўкай, прымалі папаўненне. Колькасць салдат і афіцэраў з 426 чалавек к 7 кастрычніка вырасла да 1 400. З 20 па 25 кастрычніка рухаліся ў асноўным начным маршам бліжэй да віслінскага плацдарма. Спыніліся ў лесе кіламетраў за 30 на паўночны ўсход ад Пулавы і заняліся баявой вучобай. Верагодна, што тут былому партызану з неблагой адукацыяй, кемліваму і з хуткай рэакцыяй было прысвоена званне старшага сяржанта і ён быў прызначаны намеснікам камандзіра ўзвода.

5 студзеня 1945 года полк пакінуў абжытае месца і перадыслацыраваўся да лініі фронту ля горада Казімежа. Нямецкая лінія абароны складалася з 5-6 траншэй глыбінёй каля 6 кіламетраў з міннымі палямі, калючым дротам і спіралямі Бруна. 14 студзеня на штурм пайшлі 1208-ы і 1210-ы палкі, а 1206-ы чакаў у другім эшалоне, гатовы прыйсці на дапамогу. Артылерыйска-мінамётная падрыхтоўка была пераканаўчая. Дывізіяй зрасходавалі больш за 10 тысяч боепрыпасаў, абарона немцаў была прарвана на ўсю глыбіню. Страты дывізіі з 14 па 16 студзеня склалі 575 чалавек. Пачаліся бясконцыя маршы-«даганялкі» праціўніка, які адыходзіў. На працягу 8 дзён пасля прарыву полк не меў непасрэднага кантакта з праціўнікам. 24 студзеня штурмавалі Плешаў, дзе ў ліку іншых трафеяў захапілі прадуктовы склад. Можна меркаваць, ад’еліся. Адзначу, што наступленне тата ў сваіх успамінах звязваў з голадам, напэўна, адставалі тылавыя службы. Выручала тое, што забягаў у не самую багатую на выгляд хату, здымаў шапку, жагнаўся і прагаворваў магічнае: «Пахвалёны Езус Хрыстус!» Яшчэ некалькі сказаў на добрай польскай мове — і сэрцы гаспадароў раставалі. Давалі акрай­чык хлеба, іншыя прадукты. Дзяліўся з аднапалчанамі.

27 студзеня на палкавую калону тройчы наляталі нямецкія самалёты. Былі сур’ёзныя страты. Нямецкія «мессершміты» тата ўспамінаў нядобрым словам яшчэ доўга пасля вайны. 29 студзеня полк трапіў у складанае становішча, калі на іх пазіцыі каля Куштэна рушылі 15 нямецкіх танкаў з пяхотай і пацяснілі полк на поўдзень. Дні стаялі марозныя, шансаў выкапаць акопчык практычна не было, і бой быў жудасны… У студзеньскіх баях і ад налётаў варожай авіяцыі дывізія страціла забітымі і параненымі 1 235 чалавек. За 20 дзён наступлення яна адолела больш чым паўтысячы кіламетраў шляху ад Віслы да Одэра.

5 лютага 362-я стралковая дывізія пасля маршу пачала баі за плацдарм на левым беразе Одэра ў раёне вёскі Аўрыт. Перадавыя батальёны перайшлі раку па лёдзе. Асабліва жорсткімі былі баі 6 лютага, страты дывізіі за дзень — 133 чалавекі. Прар­ваць абарону немцаў на вялікую глыбіню, відавочна, не хапала сіл (без падтрымкі танкаў або самаходак), і яна апынулася ў складаным становішчы: на бязлесай меліяраванай пойме ў трохкутніку Аўрыт—Візенау—Цыльтэндорф. 1206-ы стралковы полк замацаваўся ў полі за 300 метраў ад дарогі, што звязвала Візенау і Цыльтэндорф. Маючы задачу яе перарэзаць, сумежныя палкі таксама не здолелі з ходу авалодаць названымі населенымі пунктамі: мястэчкі-хутары з мураванымі пабудовамі стаялі на пагорках, дарога, за насыпам якой размяшчаліся нямецкія пазіцыі і лес, таксама ўзвышалася над наваколлем. Таму атрымалася класічная сітуацыя, пра якую пісаў вядомы пісьменнік-франтавік: «…немцы на гары, мы — у балоце…» Пазіцыі дывізіі прастрэльваліся наскрозь да саматужнай маставой пераправы. Становішча крыху палепшылася, калі ў начным баі 1208-му палку ўдалося авалодаць мястэчкам Візенау, а 1210-му з 1206-м — ускраінай Цыльтэндорфа і замацавацца там, але пазіцыі асноўных сіл засталіся ў полі. Немцы толькі за адзін дзень, 8 лютага, выпусцілі па дывізіі больш за 1 200 снарадаў і мін. Авіяцыя ворага групамі па 10-12 самалётаў з малымі перапынкамі бамбіла пераправу і пазіцыі. Калі дадаць сюды пастаянны ружэйна-кулямётны агонь, няцяжка ўявіць, якое пекла было на плацдарме. Тата ўспамінаў, што два дні за Одэрам у роце не было ні крошкі…

Апоўдні 8 лютага немцы контратакавалі пазіцыі 1206-га палка. Контратаку полк адбіў. Магчыма, менавіта падчас гэтага бою нямецкая куля трапіла ў старшага сяржанта Івана Сіманёнка, прашыла грудную клетку спераду справа і выйшла на ўзроўні сэрца ззаду злева. Прайшла літаральна за міліметры паміж сэрцам і пазваночнікам, пашкодзіла левае лёгкае, якое потым амаль цалкам выдалілі ў палявым шпіталі.

P.S. 23-гадовы салдат з маленькай вёсачкі Сіманы ў беспрытомным стане сцякаў крывёю на стылай варожай зямлі. Але яму было наканавана выжыць, хоць з поля бою вынеслі толькі вечарам. Вайна для яго скончылася праз сем месяцаў лячэння ў медсанбатах і шпіталях.

Вярнуўся на папялішча. Трэба было пачынаць жыццё з нуля…

Іван Сіманёнак



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.