Роскошные пары на «Звездном балу» доказали, что круто танцевать можно в любом возрасте (фото, видео)

Культура

Не ведае танец узроставых межаў

7 сакавіка ў танцавальнай зале Навасёлкаўскага цэнтра культуры адбыўся «Зорны баль» для пар ва ўзросце 50+» (так значылася ў афішы). Але фактычна ўзроставыя рамкі расшырыліся як у меншы, так і ў большы бок.

Перад пачаткам дзеі заглянула за кулісы, дзе сабраліся «зорныя» пары. У паветры пульсавала хваляванне. «Ой, здаецца я забыла ўсе фігуры кадрылі!», «Можа, гледачы засмяюць, мне ж за 70», «Тушуюся: у мяне малады партнёр»… — чуліся фразы. Але як толькі загучала музыка, яны выйшлі ў цэнтр залы сабраныя, прыгожыя і маладыя (нягле­дзячы на розны ўзрост).

— Сёння балем правяць Навасёлкі! — узнёсла аб’яўляюць вядучыя: выкладчыца Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Счасная і саліст народнай эстраднай групы «25 плюс-мінус» Пётр Кароль. І знаёмяць гледачоў з яго ўдзельнікамі. А гэта пары з Навасёлак, Пастаў, Варапаева, Старога Двара, Лучая, Юнек. Як сямейныя, так і проста танцавальныя. Гледачы вітаюць іх дружнымі апладысментамі. Аднак вядучыя не даюць расслабіцца і камандуюць: «Паехалі!» Першы танец — падэспань. Танцоры акунаюцца ў музыку, іх рухі зладжаныя і прыгожыя. Наступныя танцы: каробачка, кадрыля, чэшская полька, кракавяк, карапет, вальс — усяго 7. Розныя па дынаміцы і складанасці выканання, але аднолькава захапляльныя, якія ў XVIII-XIX стагоддзях былі моднымі ў салонах замежных і расійскіх арыстакратаў, а ў наш час набываюць другое жыццё.

Гляджу на выканаўцаў і радуюся, як лёгка і прыгожа ўсё ў іх атрымліваецца. Аднак ведаю, што да гэтага яны прыйшлі не адразу. На працягу паўтара месяца па два разы на тыдзень у Навасёлкаўскім цэнтры культуры ладзіліся паўтарагадзінныя рэпетыцыі, на якіх адточваўся кожны танцавальны рух. Людзі стамляліся, але зноў і зноў дружна збіраліся ў танцзале. Праўда, пасля першых рэпетыцый асобныя здаліся: хтосьці захварэў або заленаваўся, хтосьці паехаў у санаторый. Таму давялося папаўняць рады, прыцягваючы і значна маладзейшых за 50. А былі і такія, каму за 60, 70 і нават пад 80 гадоў. Вырашэннем арганізацыйных пытанняў займаліся старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч і старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель, творчым увасабленнем ідэі — культработнікі. У творчасці асабліва важкі ўклад — загадчыцы Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў Алены Салавей.

— Будзеце пісаць пра баль, знайдзіце найлепшыя словы пра Алену Міхайлаўну, — прасілі мяне яго ўдзельнікі. — Якая яна таленавітая! Як умела праводзіла з намі рэпетыцыі! Колькі ў яе цярпення і такту! Без Алены Міхайлаўны ў нас нічога не атрымалася б. Мы бязмежна ўдзячныя ёй. А як лёгка запаміналіся танцавальныя рухі з падачы Руслана Шымко, які сам цудоўна танцуе і нас навучыў!

А ў каго, вы думаеце, ­з’явілася ідэя правя­дзення такога мерапрыемства? У дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыя Шымчыка! «У моладзі заўсёды ёсць магчымасць патанцаваць, — разважаў Юрый Францішкавіч пасля пераднавагодняй сустрэчы з ветэранамі, што праходзіла ў кафэ гаспадаркі. — А ў старэйшых людзей? Давайце арганізуем для іх баль». Прапанову дырэктара (пабольш бы такіх кіраўнікоў, якія дбаюць не толькі пра вытвор­часць) падтрымалі культработнікі, старшыня раённага савета ветэранаў. І пачалася арганізацыйная работа. Адны ахвотна адклікаліся на запрашэнне паўдзельнічаць у мерапрыемстве, іншыя, хаця і ўлюбёныя ў танцы, не рашаліся, і іх даво­дзілася ўгаворваць. На фінішную прамую выйшла 12 пар, з іх некалькі — сямейныя: Вольга і Ва­дзім Назаранкі (Юнькі), Вольга і Сяргей Савіцкія (Лучай), Наталля і Часлаў Ясінскія (Стары Двор), Віктар і Рыма Падгайскія, Яўгеній і Тамара Пугачовы (Навасёлкі).

Гэтыя 12 пар і былі галоўнымі дзеючымі асобамі святочнага вечара. Але яго праграму склала не толькі выкананне даўнейшых танцаў. Выступалі і салісты, вакальная група, дзіцячы танцавальны калектыў. І вось што адметна: нават калі гучалі песні і паказальныя пары маглі перадыхнуць, яны ўсё роўна ішлі ў круг. А да іх далучаліся іншыя аматары танцаў. У зале панаваў гумар, калі ўдзельнікі спаборнічалі ў выкананні частушак, а потым у танцы з шарамі.

Быў і вельмі кранальны момант — ушаноўванне найстарэйшай пары — Яўгенія Максімавіча і Тамары Васільеўны Пугачовых з Навасёлак. Ім пад 80, а бачылі б вы, як танцавалі! «Дата ў пашпарце нічога не значыць, — гаварыла вядучая. — Мы маладыя, пакуль рухаемся, танцуем, кахаем». А ў згаданай пары дзень быў асабліва адметны — менавіта 7 сакавіка споўнілася 47 гадоў, як яны разам. З чым іх цёпла павіншавала старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч і ўручыла падарунак. Дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык уручыў жанчынам кветкі, а старшыня прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Славамір Шапель — усім удзельнікам — падарункі.

Праграма завяршылася. «Зорныя» пары атрымалі асалоду ад публічнага выступлення самі і падарылі радасць гледачам. І ім зусім не хочацца развітвацца з танцавальным чараўніцтвам. Мараць пра тое, каб такія балі або проста танцавальныя вечары для людзей старэйшага пакалення сталі традыцыйнымі. І не толькі ў Навасёлках, але і ў райцэнтры, дзе магчымасці, несумненна, большыя. Спадзяюцца, што гэта магчыма ажыццявіць.

Уражаннямі дзеляцца ўдзельнікі балю

Вольга Назаранка, аг. Юнькі:
— Мы з мужам вельмі рады, што атрымалі запрашэнне ўдзельнічаць у балі. Са сцэнай сябруем даўно. Муж іграе на баяне і хораша спявае, прымае ўдзел у канцэртах. Я працую ў дзіцячым садку, арганізоўваю ранішнікі, пішу сцэнарыі. Што наконт балю, то атрымалі мноства пазітыву, пазнаёміліся з цікавымі, творчымі людзьмі. Ахоплівала пачуццё эйфарыі. І так хочацца працягу…

Іван Маслюк, аг. Навасёлкі:
— Вельмі люблю танцаваць, асабліва вальс. Але найчасцей даводзілася назіраць, як танцуюць іншыя, і зайздросціць ім. Таму што сам быў акампаніятарам. Шмат гадоў працаваў у культуры. Вяду актыўны лад жыцця і зараз. Таму з задавальненнем прыняў удзел у балі.

Ванда Купран, г. Паставы:
— Нягледзячы на гады, я, нібыта Папялушка, марыла калі-небудзь трапіць на баль. І мара збылася! Шмат станоўчых эмоцый атрымлівала на рэпетыцыях, яшчэ больш — на самім балі. У захапленні ад Алены Міхайлаўны Салавей, якая на працягу паўтара месяца працавала з намі і ўмела ўсяліць упэўненасць, што ўсё атрымаецца. Усе мы, удзельнікі, атрымалі аддушыну ў жыцці. Развітваліся, як родныя. Але, спа­дзяюся, будзем сустракацца і танцаваць.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара і Антона Чаляя

📷 Больше фото в наших группах в ВК и ОК (Газета «Пастаўскі край»)!

***

Видео: Наталья Налей 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.