Самый высокий показатель привеса телят в районе — у оператора ОАО «Камайский-агро» Лии Кармановой

Важное Сельское хозяйство

Майстар высокіх прываг

Сярэднясутачная прывага цялят, якіх даглядае аператар ААТ «Камайскі-агра» Лія Карманава, за мінулы год склала 841 грам. Гэта самы высокі паказчык у раёне.

Калі я прыехала да Ліі дадому, яна з дзецьмі абмяркоўвала школьныя справы.  11-класнік Кірыл і 5-класніца Маргарыта заўсёды з нецярпеннем чакаюць маму з работы, імкнуцца разам праводзіць больш часу.

— Дзеці — маё найбольшае шчасце, — прыхінае абаіх да сябе Лія. — Іх у мяне трое. Старэйшаму, Арцёму, 21 год. Ён закончыў Гарадоцкі дзяржаўны каледж, працуе ў Вярхоўі Віцебскага раёна, завочна на бюджэтнай аснове вучыцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Радуе поспехамі Кірыл. Ну а Маргарыта — шчабятушка і пястушка.

Лія нарадзілася ў Цюменскай вобласці. Яе бацькі развяліся, і маці пакінула дзяўчынку з бацькам. Пазней яе забралі ў Пожарцы нашага раёна бабуля з дзядулем. У першы клас пайшла ў Груздаўскую школу.

Лія Карманава з дзецьмі Маргарытай і Кірылам

— Час быў вясёлы, — успамінала. — Мела шмат сяброў. Школьнікаў вучылі граць на цымбалах, з груздаўскім аркестрам ездзілі на розныя канцэрты. Мамінай ласкі мне не хапала. Можа, таму, калі з’явіліся свае дзеці, я па-асабліваму стала атуляць іх сваёй любоўю.

Як перадавік па выніках работы за мінулы год у лютым Лія Карманава прымала ўдзел у злёце жывёлаводаў Віцебскай вобласці. Там атрымала грамату Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» і памятны падарунак.

— Ад злёту засталося шмат станоўчых уражанняў, — расказвала. — Спадабалася канцэртная праграма. Была магчы­масць пагутарыць з іншымі жывёлаводамі, пачэрпнуць у іх вопыту. У мяне яго малавата: аператарам на малочнатаварным комплексе працую ўсяго пару гадоў. Работу вельмі люблю. У групу набіраю маладняк менш чым месячнага ўзросту. Цяпер у мяне больш за 100 галоў. У нас створаны добрыя ўмовы ўтрымання: ёсць спецыяльныя навесы на свежым паветры, выгульная пляцоўка. Хапае кармоў, рацыёны збалансаваныя. Аператару трэба толькі строга захоўваць тэхналагічныя нормы, сачыць, каб цяляткі ляжалі на сухой падсцілцы, прыслухоўвацца да парад зоаветспецыялістаў, выконваць іх рэкамендацыі. І дадаць свайго старання. Жывёла, як і чалавек, любіць ласку: аднаму бычку шыйку пачашу, другому — за вухам. Яны рэагуюць на мой голас, цягнуцца мыскамі да рук.

Слухала суразмоўцу — і яе работа здавалася мне рамантыкай. Але на самай справе яна нялёгкая: трэба ў вёдрах разнесці пойла, раскласці сена, пачысціць стойлы — гэта толькі частка таго, што робіць жанчына на працягу рабочага дня. Неабходна пільна сачыць за здароўем падапечных, пры патрэбе выклікаць ветурача. У групу Ліі цяляткі паступаюць вагой прыкладна 30 кілаграмаў, за два з паловай месяцы вырастаюць да 120. Менавіта ў першыя тры месяцы цяляці закладваецца здароўе будучай каровы. Таму аператар стараецца прытрымлівацца базавых прынцыпаў па доглядзе і ўтрыманні. Адсюль высокая захаванасць маладняку, добрае прыбаўленне ў вазе.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.