Смотрите, с каким размахом в г.п. Лынтупы отпраздновали Масленицу (фото, видео)

Важное Общество

На Запусты – забаў густа

Як толькі ў розных краінах свету не называюць Масленіцу! У Англіі гэта Блінны дзень, у ЗША — «тлусты» аўторак, у Францыі і Канадзе — Мардзі Гра, у Грэцыі — Апокрыес…

У беларускіх католікаў апошні тыдзень перад Вялікім постам завецца Запустамі. Спрадвеку гэта быў самы вясёлы, бесклапотны і сыты час у годзе, асабліва ў шляхецкіх і магнацкіх сем’ях. Старадаўняя прыказка сцвярджала: на Запусты не хоча панства капусты. На стале было ўдосталь аляніны, ласяціны і нават зубраціны…

Гэта далёка не ўсе факты, якія прагучалі падчас святкавання Масленіцы ў Лынтупах. Масавае мерапрыемства адбылося 25 лютага, яго, як і ў мінулыя гады, падрыхтавалі работнікі мясцовай сацыяльнай службы. Вядучая і аўтар сцэнарыя — загадчыца лынтупскага філіяла ТЦСАН Алена Валасевіч — сёлета вырашыла крыху адступіць ад традыцыйнага фармату правядзення свята. Не было, напрыклад, спальвання чучала зімы, затое ўпершыню гаварылася (і дэманстравалася!), якія масленічныя абрады і традыцыі існуюць у розных краінах свету.

Запусты ў Лынтупах сабралі нямала гасцей. Сярод іх былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, дырэктар Пастаўскага ТЦСАН Дзіяна Пякарская, работнікі і наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ў Докшыцах, Паставах і Лынтупах, некалькі соцень мясцовых жыхароў. Не абмінулі свята і ваеннаслужачыя пагранічнай заставы «Лынтупы» — усіх ахвотных яны частавалі юшкай, прыгатаванай на палявой кухні.

Пачалося мерапрыемства з касцюміраванага шэсця, прадоўжылі яго музычныя нумары і шматлікія конкурсы. Сярод іх былі «блінныя забегі» з па­тэльнямі ў руках, хвастанне бярозавымі венікамі, стральба з вялізнай рагаткі, традыцыйнае пілаванне дроў… Усіх, хто прыйшоў на свята, частавалі не толькі блінамі, але і шматлікімі іншымі хатнімі прысмакамі.

Якія ўражанні пакінула свята? Пра гэта спытала ў гасцей з Докшыц. У пасёлак завітала ажно 15 жанчын (старэйшай з іх — 83 гады). Яны праспявалі некалькі песень, а таксама сталі актыўнымі ўдзельніцамі конкурсаў.


Спальванне чучала ў апошні дзень масленічнага тыдня на самай справе сімвалізуе не столькі праводзіны зімы, колькі ахвярапрынашэнне. Чучала лічылася сімвалам урадлівасці: спальваючы яго, людзі перадавалі ўрадлівасць зямлі. Менавіта таму попел, які застаўся ад чучала, раскідвалі па палях.


— Да сваіх лынтупскіх калег мы прыехалі ўжо ў другі раз, і зноў у захапленні! — расказвала загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Докшыцкага ТЦСАН Алена Сарокіна. — У рабоце ў нас агульныя мэты — зрабіць так, каб пажылыя людзі не замыкаліся ў сабе, знаходзілі радасць у кожным новым дні. Такія паездкі дораць эмоцыі, знаёмствы, магчымасць паказаць сваю творчасць. Для людзей старэйшага пакалення гэта бясцэнна.

…Свята ў Лынтупах пачыналася амаль што пад вясеннімі промнямі сонца, напрыканцы ж рэзка прыйшла зіма — са снегам і ветрам. Напэўна, хацела развітацца… 

 Іна Сняжкова. Фота аўтара

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.