СШ №1 г. Поставы участвует в пилотном проекте белорусского Парка высоких технологий «Scratch+Micro:bit»

Важное Образование

Глядзіць у будучыню школа

Са студзеня бягучага года СШ №1 г. Паставы ўдзельнічае ў пілотным праекце беларускага Парка высокіх тэхналогій «Scratch+Micro:bit».

Яго мэта — навучыць школьнікаў 5—6 класаў падчас факультатыўных заняткаў ствараць камп’ютарныя гульні з выкарыстаннем Micro:bit. З сотні агульнаадукацыйных устаноў рэспублікі, якія падавалі заяўкі на ­ўдзел, у праект увайшлі 27,  у тым ліку наша першая гарадская. А таксама адразу два настаўнікі гэтай школы, што вялікая рэдкасць і ўдача, — Анжаліка Рагута і Ірына Новік, якія выкладаюць інфарматыку.

З чаго ўсё пачалося, расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №1 Наталля Ярынская:

— Зараз у школах вывучаецца праграмаванне на мове Pascal. А пры выкананні алімпіядных і конкурсных заданняў патрабуецца веданне розных моў праграмавання. Таму мы вырашылі пачаць іх вывучаць. Спачатку два настаўнікі нашай школы — Анжаліка Рагута і Георгій Несцяровіч, а за імі і Ірына Новік сталі ездзіць на розныя курсы і актыўна супрацоўнічаць з Паркам высокіх тэхналогій: падпісаліся на ўсе яго рассылкі, каб валодаць інфармацыяй пра мерапрыемствы, якія там арганізуюць. Менавіта з рассылак у 2016 годзе і даведаліся пра тое, што ПВТ пачынае работу з малодшымі школьнікамі па вывучэнні моў праграмавання, у прыватнасці Scratch, і пастараліся трапіць у праект.

Анжаліка Рагута праводзіць факультатыўныя заняткі са школьнікамі

Так тры гады назад у школе пачалі ладзіць факультатыўныя заняткі і заняткі па інтарэсах для вучняў 2—7 класаў, выкарыстоўваць элементы мовы Scratch на ўроках інфарматыкі, право­дзіць Scratch-тыдні. Сёння ўся гэта сістэма цалкам выбудавана. Дадатковыя заняткі наведва­юць 190 дзяцей, а ў Scratch-тыднях разам з вучнямі 1-х класаў ­удзельнічаюць і бацькі. Настаўнікі знаёмяць татаў і мам з магчымасцямі праграмавання, наглядна дэманструюць, як можна навучыць праграмаваць малых. Таксама падчас тыдня праводзяцца віртуальныя віктарыны для школьнікаў, дзеці пішуць свае Scratch-гісторыі, ствараюць вырабы ў стылі Scratch.

Актыўная работа ў дадзеным напрамку прыносіць нядрэнныя вынікі: вучні першай школы рэгулярна атрымліваюць дыпломы на дыстанцыйнай алімпіядзе «Юны скрэтчар». Іх маюць ужо 6, у тым ліку адзін І ступені.

— Тое, што мы ўвайшлі ў пілотны праект Парка высокіх тэхналогій, важна не толькі для вучняў, але і для педагогаў, якія растуць прафесійна, — працягвала Наталля Ярынская. — Ледзь не штомесяц нашы настаўнікі ездзяць на розныя семінары, дзе сустракаюцца з мэтрамі праграмавання. Напрыклад, Анжаліка Рагута была на семінары, які праводзіў сам стваральнік мовы Scratch Мітчал Рэзнік. Акрамя таго, зараз яна і Ірына Новік складаюць урокі па Scratch і адпраўляюць у ПВТ, дзе іх рэдагуюць ІТ-спецыялісты. У далейшым з гэтых урокаў будзе створана праграма для факультатыўных заняткаў па праграмаванні.

Ірына Новік і Георгій Несцяровіч са сродкамі навучання, перададзенымі Паркам высокіх тэхналогій

Таксама вучні і педагогі СШ №1 ахвотна ўдзельнічаюць у ІТ-канікулах: ужо наведалі некалькі ІТ-кампаній Парка, дзе ім расказалі пра прафесію праграміста і ўсё, што з ёй звязана. Супрацоўніцтва з ПВТ выгаднае для школы яшчэ і тым, што яна рэгулярна атрымлівае спонсарскую дапамогу. Так, дзякуючы праекту ў навучальнай установе з’явіліся новы камп’ютарны клас, інтэрактыўная дошка, ноўтбукі, навушнікі, мікракантролеры Micro:bit з наборам розных датчыкаў. У верасні 2019 года кіраўніцтва Парка падарыла сертыфікат на 400 рублёў.

Маючы нядрэнную матэрыяльную базу, падрыхтаваныя кадры і наладжаную сістэму работы, у наступным навучальным годзе ў школе збіраюцца адкрыць клас з павышаным узроўнем вывучэння інфарматыкі. З гэтай мэтай Георгій Несцяровіч пачаў вывучаць мову праграмавання Python, якая выкарыстоўваецца на алімпіядах па інфарматыцы. У СШ №1 глядзяць у будучыню.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.