Стали известны имена лучших сотрудников Поставского отделения Департамента охраны РБ

Безопасность Важное

Ахоўваць – гэта іх работа

Па выніках работы за мінулы год прапаршчык міліцыі Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Аляксандр Бакуновіч прызнаны найлепшым настаўнікам, а вадзіцель групы затрымання Андрэй Якубовіч — адным з найлепшых міліцыянераў страявога падраздзялення міліцыі.

У 1995 годзе Аляксандр Бакуновіч, вярнуўшыся з тэрміновай службы, уладкаваўся ў «ахову» вартаўніком. Кіраўніцтва прыкмеціла яго адказнасць і добрасумленнасць, і, як толькі вызвалілася месца міліцыянера-кінолага, прапанавала заняць гэту пасаду. Сабак Саша любіў, таму трэніраваць свайго першага гадаванца было не вельмі складана. Хутка Мая (мянушка сабакі) стала надзейнай памочніцай на дзяжурствах, пры затрыманні парушальнікаў закону. Кіналагічнай службе Аляксандр прысвяціў 10 гадоў. Навучыў яшчэ і Чэлсі.

Пазней быў пераведзены дзяжурным вадзіцелем групы затрымання, якая першай выязджае на выклік па трывожнай кнопцы на аб’ект, які ахоўваецца, або калі спрацоўвае ахоўная сігналізацыя ў доме. Цяпер ён — міліцыянер узвода міліцыі, нясе дзяжурствы на адказных пастах. Сваім вопытам дзеліцца з маладымі супрацоўнікамі. Многія з іх ужо прайшлі прыступкі прафесійнага росту і цяпер займаюць сур’ёзныя пасады. Ён заўсёды радуецца поспехам сваіх вучняў. А колькі разоў за 25 гадоў службы ратаваў жыцці людзям, аказваў ім неабходную дапамогу, абараняў, нават пералічыць немагчыма.

З узнагародамі Андрэй Якубовіч і Аляксандр Бакуновіч

— Ахоўваць — наша работа, — гаварыў Аляксандр. — Супрацоўнікі аддзялення Дэпартамента заўсёды стаяць на варце жыцця і здароўя чалавека, грамадства і ў цэлым дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў.

Андрэй Якубовіч нарадзіўся і вырас у невялікай вёсцы Лукашова Навасёлкаўскага сельсавета. Пасля школы паступіў у Свірскі сельскагаспадарчы ліцэй. Затым былі служба ў паветрана-дэсантных войсках у Мар’інай Горцы і прапанова застацца ў арміі. Але хлопца цягнула на радзіму, да бацькоў.

— Мяне не пакідала думка ўладкавацца ў сілавыя структуры, — расказваў Андрэй. — Лёс прывёў у Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы. Першы кантракт на 5 гадоў мяне не расчараваў. Работа падабаецца: зручны графік, годная зарплата, забяспечаны форменным абмундзіраваннем, ёсць шмат ільгот.

— Мы таксама задаволеныя Андрэем і прапанавалі яму заключыць чарговы кантракт на 5 гадоў, — расказваў начальнік аддзялення Вадзім Крыштафовіч. — У Аляксандра і Андрэя розны стаж работы, але абодва вызначаюцца высокім прафесіяналізмам, адказнасцю. Андрэй у мінулым годзе ўдзельнічаў у аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Ён па-майстэрску на хуткасць выканаў элементы фігурнага ваджэння аўтамабіля, трапна страляў з табельнай зброі, прадэманстраваў высокі ўзровень валодання прыёмамі барацьбы, уменне аказ­ваць першую медыцынскую дапамогу. У выніку яму было прысуджана трэцяе месца.

— Усе гэтыя навыкі неабходныя ў паўсядзённай рабоце, — сцвярджаў Андрэй. — Выязджаючы па сігнале трывожнай кнопкі, мы павінны быць гатовыя да непрадбачанай сітуацыі. Здараецца, што сутыкаемся і са злачынцамі. А яны пры затрыманні, як правіла, вядуць сябе агрэсіўна. Часта прыходзіцца ўладжваць сямейныя скандалы. Начным нарадам найбольш клопатаў дастаўляюць наведвальнікі дыскатэк, бараў,  іншых забаўляльных устаноў. Спакойнае дзяжурства выдаецца рэдка.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.