Тревожная статистика. В 2019 году в Поставском районе расторгнут 121 брак, зарегистрировано 166

Общество

Скасаваць шлюб нельга захаваць сям’ю

Паразважаем, дзе ў гэтым сказе варта паставіць коску.

Не буду цытаваць цалкам 2 прытчы, мудрасць якіх уразіла, але коратка перакажу іх змест. У адной гаворыцца, як жанчына пасля двух гадоў замужжа прызналася святару, што не можа больш жыць з мужам і жадае скасаваць шлюб. Але бацюшка даў ёй дзіўную параду: спячы смачны хлеб і прынесці яму ў царкву. Прытым загадаў, каб не выкарыстоўвала сваіх прадуктаў, а папрасіла мукі, солі і вады ў знаёмых, абавязкова расказаўшы ім пра прычыну сваёй просьбы. Так і зрабіла, наведаўшыся да трох суседак. Кожная з іх скар­дзілася: «Эх, каб ты ведала, які мой муж!» і расказвала пра свае крыўды. Калі жанчына прынесла святару свежы бохан хлеба, настрой у яе быў ужо зусім іншы. «Я перадумала скасоўваць шлюб. Аказваецца, мой муж лепшы за ўсіх».

Герой другой прытчы пра намер скасаваць шлюб аб’явіў свайму бацьку: «Надакучыла цярпець жонку!» На што той адказаў: «Насамрэч, сынок, ты не жонку церпіш, а свае адносіны да яе. Як толькі зменішся сам, то і ў сям’і ўсё зменіцца. Жонка — твая памочніца, маці тваіх дзяцей, і ты павінен яе кахаць і берагчы. Усё астатняе — дробязі. Калі што не ўмее рабіць — навучыцца. Ты таксама не ўсё ўмееш».

Напэўна, гэтыя прытчы не чыталі або не задумваліся над іх сэнсам тыя, хто разбурае свае сем’і. Тэма скасавання шлюбаў зараз вельмі актуальная ў грамадстве. Па статыстыцы, у Беларусі распадаецца кожны другі шлюб. Але і гэта не поўная карціна, паколькі размова ідзе толькі пра зарэгістраваныя шлюбы. А колькі распадаецца грамадзянскіх! Прывяду лічбы па Пастаўшчыне.

Трывожна. Пары, якія не ма­юць непаўналетніх дзяцей і ў якіх не ўзнікае спрэчак пра раздзел сумесна нажытай маёмасці, звяртаюцца з заявай аб скасаванні шлюбу ў ЗАГС. Тыя ж, у якіх дзеці да 18-гадовага ўзросту, ставяць апошнюю кропку ў сямейных адносінах у судзе.

— У панядзелак на мінулым тыдні я разглядала ажно пяць такіх грамадзянскіх спраў, — расказвала мне суддзя суда Пастаўскага раёна Наталля Жукава. — Па чатырох давялося выносіць рашэнне аб скасаванні шлюбу. Прычыны наступныя: закончыўся тэрмін, дадзены бакам для прымірэння, вырасла напружанасць у адносінах паміж мужам і жонкай, а то і агрэсія праяўляецца, хтосьці ўжо жыве з іншым партнёрам, а адна маладзіца вось-вось павінна нара­дзіць дзіця (не ад мужа, а ад іншага мужчыны). Зразумела, што сем’і фактычна разбурыліся. Адной, у якой на выхаванні трое непаўналетніх дзяцей, прадоўжылі тэрмін на роздум. Безумоўна, мы гутарым з кожнай парай, якая звяртаецца ў суд, заклікаем усё ўзважыць, пайсці насустрач адно аднаму, падумаць пра дзяцей, якім распад сям’і наносіць вялікую траўму. Але пераканаць людзей атрымліваецца ў рэдкіх выпадках.


У 2018 годзе ў раёне скасавана 92 шлюбы, летась – 121, а зарэгістравана адпаведна 194 і 166.


Начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Аніта Несцяровіч прызналася:

— Самы прыемны абавязак у маёй рабоце — рэгістрацыя шлюбаў. Закаханыя маладажоны, радасныя родныя і сябры, прыгожая цырымонія. Здаецца, вось яно, шчасце, якому доўжыцца і доўжыцца. Але ж якое расчараванне, калі праз некаторы час сужэнцы, чый шлюб я рэгістравала, прыходзяць у ЗАГС, каб скасаваць яго. Адна пара заявілася з такой мэтай усяго праз два месяцы пасля вяселля. Ну хіба не безадказнасць?! Радуе, калі ўдаецца пераканаць у тым, што не варта прымаць паспешных рашэнняў, і людзі забіраюць свае заявы аб скасаванні шлюбу. Але трэба праўду казаць: гэта — рэдкасць. Абнадзейвае, што з 1 ліпеня бягучага года ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і ўносіцца шэраг паправак, у тым ліку будзе дзейнічаць інстытут медыятарства. Гэта значыць, тым, хто збіраецца скасаваць шлюб, будуць прапаноўвацца паслугі медыятара — чалавека, які павінен мець адукацыю не толькі псіхолага, але і юрыста і дасканала разбірацца ў тонкасцях сямейных узаемаадносін. Задача медыятара — пераканаць пару ў важнасці захавання сям’і.

У шатландскага пісьменніка Роберта Стывенсана ёсць такая фраза: «Шлюб — гэта доўгая размова, якая перапыняецца спрэчкамі». Вельмі важна пачуць у гэтых спрэчках сваю другую палавінку. Я некалькі разоў пісала пра юбіляраў, якія адзначылі залатое вяселле, прайшоўшы поруч паўстагоддзя. Думаеце, яны расказвалі мне пра каханне? Не, найперш пра цярпенне, уменне берагчы адно аднаго, саступіць у спрэчных момантах, падтрымаць словам і справай, пра любоў да дзяцей і ўнукаў і клопат пра іх. На тым, а не на амбіцыях, пыхлівасці, няўступчывасці, пагоні за раскошай трымаюцца сем’і. Раней было сорамна застацца без мужа або жонкі, грамадства асуджала развядзёнкаў. Зараз гэта стала ледзьве не нормай. Але хіба так павінна быць?

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.