Трое лучших учащихся Поставского колледжа получили поощрительную стипендию

Образование

Найлепшым – заахвочвальныя стыпендыі

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксей Філімонаў ў Пастаўскі дзяржаўны каледж ехаў з прыемнай місіяй: уручыць заахвочвальныя стыпендыі найлепшым навучэнцам. На жаль, дваіх стыпендыятаў убачыць не ўдалося — яны ўжо праходзяць вытворчую практыку. А вось Лучану Чубрэвіч сустрэлі на перапынку пасля лекцыі, дзяўчына абрадавалася сюрпрызу.

Лучана атрымлівае спецыяльнасці повара і кантралёра-касіра. Па ўсіх прадметах мае добрыя і выдатныя адзнакі.

— А яшчэ Лучана надзвычай актыўная ў грамадскім жыцці, — расказвала старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі навучэнцаў каледжа Анастасія Краўчанка. — Яна цудоўна спявае, займаецца ўсімі магчымымі відамі спорту, адстойвае гонар навучальнай установы на турыстычных злётах, розных конкурсах і спаборніцтвах.

Аляксей Філімонаў уручае заахвочвальную стыпендыю і падзячнае пісьмо Лучане Чубрэвіч

— Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, Віцебская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў АПК і наш райкам актыўна падтрымліваюць таленавітую, працавітую і перспектыўную моладзь, — гаварыў Аляксей Філімонаў. — Галоўныя крытэрыі адбору стыпендыятаў: высокія паказчыкі ў вучобе, прафсаюзнай і грамадскай дзейнасці, удзел у творчым, спартыўным жыцці навучальнай установы. Жанна і Лучана ўдастоены заахвочвальных стыпендый ад раённай арганізацыі, а Дзяніс — ад абласной.

Дзяніс Маркаў — чацвёртакурснік, атрымлівае сярэднеспецыяльную адукацыю. Ён — будучы тэхнік-механік па эксплуатацыі аўтамабіляў. Паспявае ў вучобе, з’яўляецца старастай групы, прыкладам для іншых. Жанна Яшэўская жыве ў Ашмянах. Пастаўскі каледж выбрала таму, што марыць стаць поварам. Мае здольнасці да гэтай прафесіі. Сярод аднагрупнікаў вызначаецца дысцыплінаванасцю, актыўнасцю, настойлівасцю ў дасягненні пастаўленай мэты.

Старшыня райкама прафсаюза пацікавіўся ў Лучаны Чубрэвіч пра яе далейшы шлях. Дзяўчына плануе паступаць у ВНУ. Аляксей Філімонаў парэкамендаваў выбраць установу сельскагаспадарчага профілю, расказаў пра льготы і магчымасці абітурыетаў, якія паступаюць па накіраванні.  

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.