В Поставах прошли масштабные тактико-специальные учения на случай возникновения чрезвычайных ситуаций

Безопасность

Аператыўнасць і зладжанасць прадэманстравалі падчас маштабных тактыка-спецыяльных вучэнняў работнікі РАНС, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Пастаўшчыны, адказныя на выпадак узнікнення надзвычайных сітуацый.

Вучэнні на тэрыторыі раёна праводзіліся на працягу трох дзён. Падчас іх вывучалася дзейнасць раённага звяна Віцебскай тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны. Напачатку адказныя з усіх службаў сабраліся ў вялікай зале райвыканкама. Першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Андрэй Гаўрыленка расказаў пра парадак правя­дзення мерапрыемстваў, засяродзіў увагу на асноўных момантах, на якіх будзе зроблены акцэнт падчас вучэнняў.

У тэарэтычнай частцы камісія па надзвычайных сітуацыях разгледзела магчымы план дзеянняў пры ўмоўным падтапленні вёскі Кукляны Камайскага сельсавета і размыве дарогі: перакрыццё дарогі і ахова маёмасці грамадзян, пераправа пацярпелых, арганізацыя іх харчавання і многае іншае.

Затым ад тэорыі перайшлі да практыкі. Вучэнні праводзіліся на многіх аб’ектах. Напрыклад, у раёне гаражнага кааператыва па вуліцы Станкевіча была адпрацавана сітуацыя падзення на праезную частку дарогі дрэва, якое перакрыла рух транспарту. Пасля таго, як паведамленне пра гэта здарэнне паступіла на тэлефон раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, да работы прыступілі дарожнікі. Сіламі работнікаў філіяла ­«ДЭУ-33» і лясгаса дрэва ў кароткі час распілавалі і вывезлі.

Наступныя сітуацыі: уцечка газу ў шматкватэрным жылым доме і тушэнне пажару на аб’екце раёна электрычных сетак. На базе спажывецкага таварыства адпрацавалі алгарытм дзеянняў пры ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі на хімічна небяспечным аб’екце, ратавалі ўмоўна пацярпелых.

З ранку другога дня асноўныя дзеянні разгарнуліся каля Навасёлкаўскай СШ, дзе знахо­дзіўся будынак былой кацельні, які ўжо не выкарыстоўваўся. Было прынята рашэнне ліквідаваць старую пабудову. Гэта і зрабілі падчас вучэнняў. Першымі да ліквідацыі наступстваў абрушэння будынка прыступілі работнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны разбіралі канструкцыі, ратавалі і эвакуіравалі ўмоўна пацярпелых, перадавалі іх медыкам. Тыя на месцы аказвалі першую дапамогу, а хто пацярпеў найбольш — адпраўлялі на шпіталізацыю. Тут жа разгарнуліся штаб па ліквідацыі наступстваў аварыі, перасоўны пункт раённага вузла электрасувязі. Прыбылі прадстаўнікі іншых службаў.

Выратаваўшы людзей з-пад завалаў будынка, удзельнікі мерапрыемства перамясціліся на Варапаеўскую гідрастанцыю, дзе, па задуме арганізатараў вучэнняў, адбыўся прарыў гідратэхнічнага збудавання. Трэба было адсяліць людзей з зоны падтаплення. На самай справе гэта сітуацыя была рэальнай некалькі гадоў таму, калі вада падчас паводкі пашкодзіла плаціну, і толькі дзякуючы зладжаным дзеянням многіх службаў, у тым ліку РАНС, тады ніхто не пацярпеў. Неабходная дапамога была аказана своечасова.

На трэці дзень вучэнняў на чыгуначнай станцыі Паставы адбылося ўмоўнае апракідванне цыстэрны з хімічна небяспечным рэчывам. Адпрацавалі дзеянні медыкаў цэнтральнай раённай бальніцы пры масавым паступленні пацярпелых. А затым вучэнні парушылі прывычны рытм работы Пастаўскага малочнага завода. Тут адбылася ўмоўная ўцечка аміяку. Тэрыторыя прадпрыемства на некаторы час ператварылася ў пляцоўку ўяўнага надзвычайнага здарэння, адкуль эвакуіравалі людзей і дзе ліквідавалі наступствы аварыі. Зладжаныя дзеянні прадэманстравалі не толькі работнікі РАНС, але і завадчане. 

— Да ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі трэба быць гатовымі пастаянна, — гаварыў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме Павел Станюш. — Ліквідацыя наступстваў любой аварыі патрабуе не толькі вялікіх часовых і матэрыяльных затрат, але і адпаведнай каардынацыі дзеянняў. Для вучэнняў многія НС былі распрацаваны на аснове рэальных падзей. У выніку адпрацавана паслядоўнасць дзеянняў людзей па ліквідацыі надзвычайных сітуацый і ўхіленні іх наступстваў, узаемадзеянне з аварыйнымі службамі, правераны парадак апавяшчэння органаў і службаў. У экстрэмальных сітуацыях усе дзейнічалі дакладна.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.