В Доме ремёсел открылась выставка живописи Иосифа Горбунова и Игоря Радникова

Культура

Родныя мясціны і марскія пейзажы

Іх можна ўбачыць на выставах жывапісу ў Доме рамёстваў «Стары млын», якія адкрыліся ў пачатку сакавіка. Аўтарамі работ з’яўляюцца члены народнага клуба «Майстры» — жыхар вёскі Жуперкі Іосіф Гарбуноў і пастаўчанін Ігар Раднікоў.

Вялікая зала «Старога млына» аддадзена пад  інсітнае (наіўнае) мастацтва. Тут прадстаўлена каля 30 карцін з сюжэтамі вясковага жыцця і беларускай прыроды Іосіфа Гарбунова. Мужчына малюе з ранняга дзяцінства. Кажа, што навучыўся ад маці, якая захаплялася маляванкай. Спачатку рабіў гэта алоўкам, потым перайшоў на фарбы. Падчас вучобы ў школе афармляў розныя стэнды і піянерскія куткі, а калі вярнуўся з арміі, кіраўніцтва Варапаеўскага завода жалезабетонных вырабаў запрасіла да сябе афарміцелем. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў афармляў актавыя залы, партыйныя кабінеты не толькі на гэтым, але і на іншых прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях і сельскіх Саветах раёна. Каб здольнасці хлопца развіваліся далей, райвыканкам накіраваў яго на вучобу ў Завочны народны ўніверсітэт мастацтваў у Маскве, які паспяхова закончыў праз 5 гадоў. Там не толькі набыў прафесійныя навыкі мастака-афарміцеля, але і падвучыўся жывапісу, якім працягвае займацца і сёння.

Ігар Раднікоў

Сюжэты сваіх карцін у асноўным прыдумвае, што бачна па выставе ў Доме рамёстваў. З натуры тут намаляваны толькі нацюрморты, дом мастака ў Жуперках і яшчэ пара-тройка работ, астатнія — вынік фантазіі аўтара. Дарэчы, гэта ўжо трэцяя яго персанальная выстава ў «Старым млыне». Столькі ж разоў удзельнічаў у нацыянальных выставах наіўнага мастацтва «Iнсіта». Нядаўна інсіце нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а імя Іосіфа Гарбунова ўвайшло ў спіс носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Непрафесійным мастаком з’яўляецца і другі аўтар — Ігар Раднікоў — авіяцыйны тэхнік па адукацыі, які зараз працуе качагарам у раённай бібліятэцы. Ігар Паўлавіч нарадзіўся ў Баку, на беразе Каспійскага мора. Адсюль і сюжэты яго работ — марскія пейзажы. Маляваць пачаў у 1999 годзе, ужо пераехаўшы ў Паставы. Сваімі настаўнікамі ў жывапісе лічыць І. Айвазоўскага і А. Пасана-Сапкова, хоць першая карціна — «Храм агню» — не звязана з морам. Гэта і іншыя работы мастака глыбока сімвалічныя. Так, напрыклад, амаль на ўсіх марскіх пейзажах прысутнічае паруснік як сімвал свабоды.

Іосіф Гарбуноў

Персанальная выстава Ігара Раднікова ў Паставах арганізавана ўпершыню. У малой зале Дома рамёстваў размешчана 21 яго работа. Але пастаўчане ўжо мелі магчымасць крыху пазнаёміцца з творчасцю аўтара. Некалькі гадоў назад чатыры яго карціны былі ўключаны ў адну з экспазіцый «Старога млына», дзве вісяць у гарадской паліклініцы, адна — у райбібліятэцы.

— Работы і аднаго, і другога аўтара вельмі цікавыя і самабытныя, — зазначае дырэктар Дома рамёстваў Таццяна Петух. — Таму абавязкова прыходзьце на выставы — не пашкадуеце!

Алена Шапавалава
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.