В г.п. Воропаево на ликвидации последствий бури работало 11 бригад, задействовано 18 единиц техники

Безопасность

Нарабіла бура клопатаў

У мінулы чацвер сіноптыкі папярэдзілі адпаведныя службы пра неспрыяльнае надвор’е. У раёне электрычных сетак на начное дзяжурства заступілі два дыспетчары і дзве аператыўныя брыгады замест адной. Разам з электраманцёрамі дзяжурылі вальшчыкі лесу. Ноч з чацвярга на пятніцу і сапраўды была неспакойнай: вецер выў за акном з неверагоднай сілай.

Раніцай патэлефанавала ў РЭС. Начальнік аварыйна-дыспетчарскай службы Мікалай Ожэль далажыў: «Першыя заяўкі сталі паступаць у 7 вечара. На ліквідацыі наступстваў моцнага ветру працавалі ўсю ноч, работы прадаўжаюцца і цяпер. Найбольшы іх аб’ём — у Варапаеве: на цэнтральнай вуліцы бура з каранямі вырвала пяць таполяў, якім гадоў па 70, яны абарвалі правады ліній  электраперадачы. Брыгада майстра Анатоля Мышко адразу абясточыла лінію, а раніцай, каб было магчыма дабрацца да правадоў, прыступіла да разбору завалу».

Накіравалася ў гарпасёлак. На пад’ездзе ўбачыла зламаную елку, якая перакрыла лясную дарогу на Балаі, насупраць чыгуначнага вакзала ляжала яшчэ адна, вывернутая з каранямі. Буралом з таполяў утварыўся за будынкам Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў. Да нашага прыезду першапачатковыя работы завяршаліся.

На ліквідацыі наступстваў буры працавала 11 брыгад, было задзейнічана 18 адзінак тэхнікі.

— Дзяжурства выдалася вельмі напружаным, — расказваў майстар Анатоль Мышко. — Электрычнасць адключалася і ў Варапаеве, і ў Дунілавічах. Выяз­джалі на падключэнне. А як толькі стала світаць, пачалі працаваць тут. Хапіла работы электраманцёрам Валянціну Кузьмічу, Генадзію Мышко, Віктару Балаю, Аляксандру Скачко, Сямёну Лысёнку, вадзіцелю Ігару Стрыгаловічу.

— Гэта ж якая сіла ветру, што таполю з каранямі з-пад тратуара вырвала! — гаварыла старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская. — Добра, што дрэвы ўпалі не на праезную частку, а на абочыну. Галоўнае, што не пацярпелі лю­дзі. Клопатаў бура нарабіла: пазрывала металапрофільныя агароджы, полікарбанатныя цяпліцы, на некаторых полікарбанат паламала на дробныя кавалачкі.

У прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне ў пятніцу зраніцы абрываліся тэлефоны, прыходзілі тыя, чыю маёмасць пашкодзіла бурай.

— Найбольш зваротаў ад гаспадароў, у якіх вецер паламаў полікарбанатныя цяпліцы, — расказваў дырэктар прадстаўніцтва Грыгорый Шэцка. — Ёсць выпадкі пашкоджання дахаў, казыркоў, металапрофільных агароджаў.  У пятніцу спецыялісты аб’ехалі адрасы па горадзе, з панядзелка адправяцца ў населеныя пункты раёна. Шмат зваротаў з просьбай застраха­ваць цяпліцы паступае ад тых, хто раней ад гэтага адмаўляўся, хаця такі від страхавання ўжо існуе некалькі гадоў.

— За двое сутак прынялі 86 заявак, — расказваў начальнік РЭС Аляксандр Скрыцкі. — З-за па­дзення дрэў электрычнасці не было на некаторых вуліцах Варапаева, у Старым Двары,  Свірдунах, Пешкаўцах, Радуце, Вайшкунах, Станчыках, Забалацці. На ліквідацыі наступстваў непагадзі працавала 11 брыгад у складзе 76 чалавек, было задзейнічана 18 ­адзінак тэхнікі.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.