Всем, кто служит и служил обществу. В Поставах отметили День белорусской милиции

Безопасность

Усім, хто служыць і служыў грамадству прысвячаліся ўрачысты сход і святочны канцэрт з нагоды Дня беларускай міліцыі. Яны прайшлі 4 сакавіка ў раённым Доме культуры, дзе сабраліся як дзеючыя супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, так і ветэраны, іх жонкі і дзеці.

На пачатку ўрачыстасці з відэавіншаваннем да прысутных звярнуўся начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Грыб. Ён выказаў глыбокую павагу і ­ўдзячнасць людзям у пагонах за іх уклад у забеспячэнне правапарадку і грамадскай бяспекі на падведамнай тэрыторыі. Асаблівыя словы ўдзячнасці і шчырыя пажаданні моцнага здароўя і бадзёрасці духу адрасаваў ветэранам, працоўныя дасягненні якіх з’яўляюцца надзейным арыенцірам для маладых супрацоўнікаў міліцыі. Пры гэтым адзначыў, што службовыя поспехі немагчымыя без падтрымкі родных і блізкіх, якія з цярпеннем і разуменнем ставяцца да таго, што ў міліцыянераў няма рамак рабочага часу — яны заўсёды на службе.

Аляксандр Гарус уручае Падзяку Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Дзмітрыю Шыману

Затым на сцэну падняўся начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Гарус. Віншуючы калег з прафесійным святам, ён канстатаваў: вартавыя парадку ўсіх пакаленняў сумленна выконвалі і выконваюць свой службовы абавязак, садзейнічаюць эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ў рэгіёне, абараняюць канстытуцыйныя правы і інта­рэсы грамадзян, дзякуючы чаму пастаўчане могуць спакойна жыць і працаваць. Аляксандр Мікалаевіч выказаў упэўне­насць у тым, што асабовы склад аддзела і далей будзе эфектыўна вырашаць пастаўленыя перад ім задачы з улікам сучасных патрабаванняў і ўмоў, прымнажаць выпрацаваныя традыцыі, годна служыць Айчыне.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта, райсавета дэпутатаў, усіх пастаўчан і сябе асабіста з віншаваннямі і пажаданнямі здароўя, шчасця, дабрабыту і згоды ў сем’ях да віноўнікаў урачыстасці звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Такой ж магчымасцю скарысталіся начальнік Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Вадзім Крыштафовіч  і атаман Пастаўскага казацкага аддзела Аляксандр Зазулін.

Заўсёды ёсць пра што пагаварыць ветэранам райаддзела

Найлепшыя супрацоўнікі пастаўскай міліцыі і шэраг ветэранаў атрымалі граматы, падзякі, нагрудныя знакі і медалі абласнога ўпраўлення і Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, раённага выканаўчага камітэта, а таксама грашовыя прэміі. Акрамя таго, медалём упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама «Жонцы супрацоўніка міліцыі» ўзнагароджаны жонкі пенсіянераў МУС Аліна Аніськовіч і Часлава Будзіч, Ганаровымі граматамі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама — члены добраахвотнай дружыны Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускае казацтва» Наталля Гутар і Іван Пісарык.

Па традыцыі на свяце падвялі вынікі раённага агляду-конкурсу на найлепшыя грамадскі пункт аховы парадку, добраахвотную дружыну і дружынніка. У лік узнагароджаных трапілі грамадскія пункты аховы парадку Варапаеўскага, Казлоўшчынскага і Камайскага сельскіх выканаўчых камітэтаў, дружыны з ліку жыхароў Пастаў, якія з’яўляюцца членамі РГА «Беларускае казацтва», УП ЖКГ і лясгаса, дружыннікі Дзмітрый Сіланаў, Аляксандр Стоцік і Рыта Снапок. Яны занялі аднаведна першыя, другія і трэція месцы ў сваіх намінацыях.

Завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам, у якім выступілі ўзорная цыркавая студыя «Каскад», раённы маладзёжны ваенна-спартыўны клуб «Азімут», танцавальны калектыў «Карамелькі», салісты Арцём Маргуноў, Наталля Гутар, Арсеній Леўшын, Дзіяна Дзя­менцьева, Пётр Кароль і Ганна Антух.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.