Какие коррективы в сферу обслуживания Поставщины внесла пандемия коронавируса?

Главное Общество

Кліентаў паменела, выручка знізілася

Пандэмія каранавіруса ўнесла карэктывы ў жыццё грамадства. «Ковід» выпрабоўвае на трываласць усе сферы без выключэння. На перадавой апынуліся медыкі, якія на мяжы магчымага змагаюцца за здароўе і жыцці людзей. Пакутуе і сфера абслугоўвання, у тым ліку Пастаўшчыны.

Многія імкнуцца выконваць рэкамендацыі спецыялістаў і практыкуюць сацыяльнае дыстанцыраванне: не падыходзяць да іншых бліжэй чым на метр-паўтара, пазбягаюць людных месцаў. Паводзіны, безумоўна, правільныя. Гэта падтрымліваюць і прадстаўнікі сферы абслугоўвання, але вымушаны канстатаваць, што існуючая сітуацыя значна падкасіла іх у фінансавым плане.

— Колькасць кліентаў зменшылася, а ў параўнанні з лютым выручка за сакавік знізілася напалову, — дзялілася дырэктар райбыткамбіната Тэрэза Карчажка. — Прычым знізіўся попыт на паслугі як цырульні, так і комплексных прыёмных пунктаў, атэлье па рамонце абутку, пральні.  Зразумела, прымаем усе меры, каб засцерагчы ад небяспекі і кліентаў, і работнікаў прадпрыемства: працуем у масках і пальчатках, праводзім дэзінфекцыю інструментаў і паверхняў.

Але факт застаецца фактам: кліентаў у бытавікоў не прыбаўляецца. Каб людзі не сядзелі без працы, вырашана па жаданні работнікаў адпраўляць іх у водпуск.

У вымушаным прастоі зараз знаходзяцца і кропкі грамадскага харчавання Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства. Так, з дзевяці такіх аб’ектаў у раёне наведвальнікаў прымае толькі рэстаран «Світанак». І той працуе па змененым графіку (з 8.00 да 19.00 з перапынкам на абед). У райцэнтры можна трапіць яшчэ і ў бар «Папараць-кветка», размешчаны на рынку філіяла. Але тут ажыццяўляецца толькі спецабслугоўванне. Пры гэтым людзям рэкамендуецца рассаджвацца праз паўтара метра адно ад другога.

Рэжым работы магазінаў не змяніўся, але і тут наведвальнікаў значна паменела.

— Зніжэнне колькасці пакупнікоў назіраецца нават у гадзіны пік. А тыя, хто прыходзіць, імкнуцца набыць тавары першай неабходнасці, доўга ў гандлёвай кропцы не затрымліваюцца, — акрэслівае сітуацыю вядучы таваразнавец філіяла аблспажыўтаварыства Кацярына Аўгусціновіч. — За 19 дзён красавіка тавараабарот у нашых магазінах склаў 1 320,3 тысячы рублёў, за аналагічны перыяд мінулага года — 1 527,9. Гэта 81,8% у супастаўных цэнах да 2019-га. А па аб’ектах грамадскага харчавання — увогуле 45,6%.

Каб крыху мінімізаваць страты, кааператары пачалі прымаць ад жыхароў раёна заяўкі на дастаўку прадуктаў дадому. Для гэтага неабходна патэлефанаваць на нумар 2-04-61 ці 8(029)214-47-89 і зрабіць заказ на суму не меншую за 15 рублёў для жыхароў райцэнтра альбо не меншую за 25 рублёў для жыхароў сельскай мясцовасці. У пералік тавараў для заказу алкаголь не ўвахо­дзіць. Выключэнне: у мінімальных аб’ёмах яго могуць даставіць пры адначасовым заказе гатовых кулінарных страў вытворчасці кааператараў на суму звыш 18 рублёў. Тэрмін выканання заяўкі — у той жа дзень да 18 гадзін. Як ні дзіўна, але паслуга асаблівай папулярнасцю не карыстаецца. «Безумоўна, нас гэта засмучае, — робіць выснову Кацярына Аўгусціновіч.  — Але радуе іншае — свядомасць нашых людзей: патэлефанаваўшы, многія пытаюцца, ці даставім заказ, калі ён будзе зроблены для маладога чалавека. Гэта значыць, што людзі хвалююцца, каб дапамога прыйшла найперш у той дом, дзе ў ёй маюць першачарговую патрэбу. Скажам, да адзінокіх пенсіянераў».

Несалодка даводзіцца і прадпрымальнікам. У прыватнасці, пастаўчанін Віктар Ліпніцкі займаецца гарадскімі пасажырскімі перавозкамі. Па райцэнтры курсіруюць два яго мікрааўтобусы па маршрутах «адзінкі» і «двойкі». Па яго назіраннях, колькасць пасажыраў знізілася ў 2,5 раза. А расходаў, наадварот, прыбавілася — толькі для апрацоўкі транспарту на канцавых прыпынках штодзень расходуецца 1,5 літра дэзраствору.

— Напрыклад, на Вялікдзень выручка склала ўсяго 29 рублёў. Гэта пры тым, што саляркі зрасходавана на суму 41,4 рубля, — падлічваў Віктар Ліпніцкі. — А зарплату вадзіцелям усё адно выплачваць трэба. Зразумела, што яна будзе мінімальнай. Разумею, што ні адна жанчына не хоча, каб муж прыносіў дадому, скажам, 300 рублёў. У такім становішчы крыху суцяшае тое, што амаль усе мае вадзіцелі — пенсіянеры. Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, што ў выпадку захворвання вадзіцеля няма каго паставіць на замену.

А вось уласнікі кафейні, якая адкрылася напрыканцы мінулага года ў цэнтры Пастаў, з-за малой колькасці наведвальнікаў вырашылі прыпыніць яе работу. Кафейня закрылася ў канцы сакавіка, бо няма сэнсу плаціць арэндную плату за прастой.

— У нас тры кафейні, дзве з іх — у сталіцы, — расказваў адзін з уласнікаў бізнесу Дзмітрый Данясевіч. — Адну былі вымушаны закрыць, а ў дзвюх не прымаем наведвальнікаў часова. Прадпрымальнікі мяркуюць, што ў такіх умовах малы бізнес зможа пратрымацца месяцы тры, а потым пойдзе на дно. А за ім і буйны, бо напрамую залежыць ад яго. Да прыкладу, калі пазакрываюцца кафейні, гэта ўдарыць па буйных пастаўшчыках кавы і адпаведнага абсталявання. Але мы спадзяёмся на лепшае і чакаем, што абстаноўка стабілізуецца да канца мая.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.