Неделя леса. На поле площадью 2,5 гектара в субботу высадили 4 500 елей и 6 500 дубов (+видео)

Главное Экология

На карысць і радасць нашчадкам вырастуць дрэўцы, пасаджаныя ўдзельнікамі рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу».

Суботні ранак выдаўся сонечным і адносна цёплым. Надвор’е спрыяла бадзёраму настрою тых, хто прымаў ­удзел у рэспубліканскай акцыі «Ты­дзень лесу», якая прайшла і на тэрыторыі нашага раёна. Работнікі 1-га ваеннага шпіталя на чале з памочнікам начальніка — начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Сяргеем Навумчыкам і ваеннаслужачыя пагранічнай заставы «Ярэва» Смаргонскай пагрангрупы пад кіраўніцтвам начальніка Расціслава Каламацкага садзілі сеянцы дуба і елкі на сельгас­угоддзях, перада­дзеных у ляс­ны фонд, насупраць вёскі Чарты.

Майстар лесу Сяргей Ліпніцкі расказвае правілы пасадкі сеянцаў прадстаўнікам ваеннага шпіталя Віктару Лабецкаму, Сяргею Навумчыку і Зоі Галаўко

Валанцёраў прывітаў ляснічы пастаўскага лясніцтва Алег Цыунель. А майстар лесу Сяргей Ліпніцкі азнаёміў з тэхналогіяй пасадкі, выпрацаванай некалькімі пакаленнямі лесаводаў, і паказаў на практыцы, як трэба закладваць сеянцы ў глебу. Затым удзельнікі акцыі размеркаваліся па двое і прыступілі да работы. Замест лапат у гэтым працэсе ўжо больш за 100 гадоў выкарыстоўваюць меч Колесава. З яго дапамогай мужчыны рабілі лункі, жанчыны акуратна апускалі ў іх раслінкі. Каб каля каранёвай сістэмы не ўтварыўся паветраны мяшок, карані прыціскаліся з дапамогай мяча. Прадстаўнікі шпіталя больш прывычныя да медыцынскага інструменту, аднак яны хутка асвоілі і меч Колесава. І хоць многія з іх пасадкай дрэў займаліся ўпершыню, работа ішла зладжана.

Ваеннаслужачыя пагранзаставы «Ярэва» рыхтуюцца да пасадкі сеянцаў

Усяго на полі плошчай 2,5 гектара ў суботу высадзілі 4 500 елак і 6 500 дубкоў.

— «Тыдзень лесу», які па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі ў Беларусі праводзіцца ў 13-ы раз, сёлета прысвечаны Году малой радзімы і 75-годдзю Вялікай Перамогі, — расказваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў. — Таму лічу заканамерным удзел у гэтым мерапрыемстве ваеннаслужачых, якія абараняюць рубяжы краіны. Пасаджанае дрэва — найлепшая спадчына, якую пакідае пасля сябе чалавек. Праз які дзясятак гадоў тут можна будзе збіраць грыбы і ягады. А вырасце гэты лес праз стагоддзе ці нават больш, і скарыстаюцца драўнінай ужо нашы нашчадкі.

У мінулую суботу ваеннаслужачыя пагранкамендатуры «Паставы», работнікі раёна газазабеспячэння, Пастаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя садзілі малады лес у раёне вёскі Кашыцы. Ратаўнікі РАНС дасаджвалі дрэўцы па вуліцы Лясной у райцэнтры.

— Перыяд актыўнай пасадкі дрэў прыпадае на сакавік-красавік, — гаварыў майстар лесу пастаўскага лясніцтва Сяргей Ліпніцкі. — Сёлета з улікам цёплай зімы пасадачная кампанія пачалася раней, чым звычайна, і ўжо практычна завяршаецца. Яшчэ тыдзень-другі — і садзіць лес не будзе сэнсу. Тэмпература паветра з кожным днём павышаецца, і нам патрэбна спяшацца, каб не перасохла глеба.

Сёлета работнікамі лясгаса малады лес пасаджаны на 60 гектарах пры плане — 50. На 170 га праведзена дапаўненне.

— За мінулы год некаторыя сеянцы на новых пасадках не прыжыліся з-за недахопу вільгаці, — тлумачыў Аляксандр Іванькоў. — Адразу дапаўненне планавалі правесці на 100 гектарах. Аднак дасканала абследаваўшы пасадкі, дапоўнілі іх яшчэ на 70 гектарах. Усяго з пачатку сезона высаджана 300 тысяч сеянцаў. Усе яны вырашчаны ў гадавальніку лясгаса. За перыяд акцыі — 60 тысяч, яны размясціліся на 15 гектарах. У акцыі прынялі ўдзел больш за 200 работнікаў лясніцтваў лясгаса, 63 валанцёры з вышэйназваных арганізацый, а таксама з валанцёрскага атрада каледжа і Навасёлкаўскай школы.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара

Видео Натальи Налей 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.