Снимаешь видео и выкладываешь его в интернет? Информация для тебя!

Важное Общество

Чым горш – тым лепш?

Нядаўна адно за другім мне паступілі на Viber тры відэа. І ўсе ўразілі. Ды так, што не магу не ўзяцца за пяро.

На першым — пажар. Ахоплены дымам магазін «Купалінка» ў райцэнтры. Усплёскі агню за вокнамі будынка. Пажарныя машыны ля яго. Ратаўнікі змагаюцца са стыхіяй. З пранізлівай сірэнай імчыць хуткая дапамога. Той, хто здымае відэа, каменціруе: «Які жах! Там усё палае! Спадзяюся, што людзі паспелі выскачыць з будынка». Голас ажно перарываецца ад суперажывання.

На другім — яшчэ большы разгул вогненнай стыхіі. «Купалінка» літаральна патанае ў дыме. Але што чую за кадрам?! Частку слоў працытаваць не магу, паколькі яны нецэнзурныя. Стаўлю замест іх шматкроп’е: «Гары агнём сінім!.. Вадзяра гарыць… (следам за матам раздаецца ідыёцкі смяшок мужчыны — аўт.). Яны там…не тушаць, сэлфі сабе здымаюць…»

Як можна пракаменціраваць такі каментарый? Хіба толькі канстатаваць, што, на жаль, ёсць у нашым грамадстве людзі, якія не толькі не дапамогуць у чужой бядзе, але і нават парадуюцца ёй. Менавіта зларадствам прасякнута і трэцяе відэа, якое паступіла мне на тэлефон. Яго аўтар — блогер Сяргей Ціханоўскі — пабываў у нашым раёне, у прыватнасці на Варапаеўшчыне, і ўбачыў тое, што і хацеў убачыць: толькі негатыў. Так, у пасёлку не працуюць дрэваапрацоўчы камбінат і завод жалезабетонных вырабаў, пустуюць некаторыя будынкі, ёсць праблемы з працаўладкаваннем. Але блогера найменш цікавіла тое, чаму так здарылася і якія меры прымаюцца, каб зноў удыхнуць у іх жыццё. Галоўнае — закляйміць чыноўнікаў. Вось і гучыць з экрана, што «ўлада не зацікаўлена ў аднаўленні работы прадпрыемстваў, нават не жадае прадаць ДАК палякам, якія хочуць яго купіць, што чыноўнікі з 8.30 да 17.30 сядзяць у сваіх кабінетах і жыруюць за кошт падаткаплацельшчыкаў. Наменклатура толькі і чакае, калі ўсе вымруць». І робіцца вывад, што ні ў Пастаўскім раёне, ні ва ўсёй Беларусі жыць немагчыма.

Як верны паж блогера паўсюль суправаджаў ураджэнец Варапаева, а зараз ваенны пенсіянер і, як сам сябе называе, радыкал. Для большай пераканаўчасці ў тым, як яму шкада землякоў, нават слязу, скупую мужчынскую, пусціў. Але ні слова не сказаў, ці зрабіў сам хаця б што-небудзь карыснае для варапаеўцаў. І не параіў залётнаму блогеру звярнуцца па інтэрв’ю да прадстаўнікоў мясцовай улады, каб тыя далі свае тлумачэнні сітуацыі. А калі Сяргей Ціханоўскі вельмі ўбедаваўся тым, што ў Варапаеве нават спортам няма дзе заняцца, не прапанаваў яму заглянуць на шыкоўны для сельскай мясцовасці фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Ну а над фінальнымі кадрамі відэаздымак можна толькі пасмяяцца. Блогер нямала зацікавіўся… сметніцай у аўтапавільёне на аўтобусным прыпынку ў вёсцы Парыж. І адшукаў дзве пустыя бутэлькі з-пад віна. Яны, напэўна, таксама сімвалізуюць, як цяжка жывецца людзям: не каньяк ці віскі п’юць, а таннае віно.

А калі сур’ёзна, то гэта такая брудная тэхналогія — сфакусіраваць увагу толькі на негатыве і не заўважаць нічога добрага. А жыццё ж не бывае аднакаляровым.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.