15 мая — Международный День семьи. На Поставщине в 2019 году зарегистрированы 166 браков, родилось 260 детей

Общество

Аснова ўсяго

Сям’я — найвялікшая каштоўнасць у жыцці кожнага чалавека, выток, з якога ўсё пачынаецца: нараджэнне, выхаванне, перадача традыцый і маральных прынцыпаў. Нездарма ў Беларусі ўстаноўлена свята Дзень сям’і, якое адзначаецца 15 мая.

На жаль, у сучасным грамадстве сям’я перажывае якасныя змены. Маладыя людзі, ставячы на першае месца асабістую свабоду, не імкнуцца ўзаконьваць свае адносіны, жывуць без рэгістрацыі, што вядзе да разбурэння сям’і як сацыяльнага інстытута. Мяняюцца і некаторыя яе функцыі, адбываецца пераразмеркаванне сямейных роляў. Такім чынам губляецца сувязь з мінулым народа, яго традыцыямі і ўяўленнямі, якія склаліся на аснове шматвяковага жыццёвага вопыту.

Трэба адзначыць, што юрыдычнае значэнне мае толькі афіцыйна зарэгістраваны шлюб у адрозненне ад шлюбаў, заключаных па рэлігійных абрадах, і сумеснага пражывання пар без рэгістрацыі. Толькі заключэнне шлюбу ў органах, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, нараджае прававыя наступствы, прадугледжаныя шлюбна-сямейным заканадаўствам.

У Пастаўскім раёне ў мінулым годзе свае адносіны ўзаконілі 166 пар. Пры гэтым упершыню ўступілі ў шлюб 110 жаніхоў і нявест, 47 мужчын і 53 жанчыны паўторна зарэгістравалі сямейныя саюзы. З кожным годам усё больш маладых людзей ствара­юць сем’і ў такім узросце, калі атрымана адукацыя, ёсць стабільная работа, матэрыяльная незалежнасць ад бацькоў і магчымасць забяспечыць уласную сям’ю, несці за яе адказнасць. Так, сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб у мужчын складае зараз 32 гады, у жанчын — 30 гадоў.

Асаблівае месца сям’я займае ў жыцці дзяцей. Менавіта праз яе маленькі чалавек пазнае навакольны свет, вучыцца адрозніваць дабро і зло, праўду і падман. У сям’і фарміруецца мяккая як воск душа дзіцяці, яго розум, воля і характар. А прыкладам і арыенцірам з’яўляюцца бацькі. Іх правільнае выхаванне здольнае перадаць і прымножыць вечныя ідэалы дабра, любові, узаемнай вернасці мужа і жонкі.

Летась на Пастаўшчыне з’явіліся на свет 131 хлопчык і 129 дзяўчынак. Радасна канстатаваць той факт, што ў нашым раёне дзеці нараджаюцца пераважна ў поўных сем’ях і ўсё больш бацькоў вырашаюць стаць шматдзетнымі. З 260 нованароджаных толькі 27 зарэгістраваны па заявах маці, якія не знаходзяцца ў шлюбе. 51 сям’я адчула шчасце бацькоўства ў трэці раз, 14 — у чацвёрты, 8 — у пяты, 4 — у шосты, 1 — у сёмы раз.

Менавіта дзеці здольныя ўмацаваць сям’ю, зрабіць яе поўнай і шчаслівай. Яны — працяг бацькоў, іх надзея і апора ў старасці. На жаль, дажыць да залатога, а тым больш брыльянтавага вяселля ўдаецца нямногім сямейным парам. Але калі яны прыходзяць да нас на ўрачыстую рэгістрацыю шлюбу ў акружэнні дзяцей, унукаў і праўнукаў, мы ведаем: каханне і шчасце тут перадаюцца ў спадчыну.

Аніта Несцяровіч, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.