Библиотекари Поставского района подготовили для читателей интересные мероприятия к 75-летию Победы

75 лет Победы

Кніжным радком пра вайну

Дзень Перамогі — свята ўсеагульнае. Не маглі застацца ў баку ад яго і бібліятэкары раёна.

Нягледзячы на тое, што ў апошні час работа спецыялістаў па захоўванні і выдачы кніг у многім ускладнілася, перамясціўшыся ў анлайн-прастору, яны падрыхтавалі для чытачоў нямала цікавых мерапрыемстваў да юбілейнай даты. Так, на абанеменце цэнтральнай раённай бібліятэкі разгарнулася выстава-панарама «Партызанская слава Беларусі», на якой шырока прадстаўлены кнігі, выдадзеныя ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя. У іх — успаміны пра рэальныя падзеі ад камандзіраў, камісараў, радавых партызан. У гэтых мемуарах паказана не толькі ўнікальнасць беларускага партызанскага руху, але і суровыя будні, жыццё і побыт змагароў за вызваленне, партызанскія аперацыі і разведка, дыверсійная дзейнасць, «рэйкавая вайна».

На сайце супрацоўнікі бібліятэкі размясцілі віртуальную віктарыну «Па старонках Вялікай Айчыннай вайны», у якой прапануюць наведвальнікам асвяжыць свае веды па гэтай тэме, адказаўшы на шэраг пытанняў. Там жа ў рамках праекта «Кнігі, якія ажылі на экране» размешчана інфармацыя пра раман Ю. Сямёнава «Сямнаццаць імгненняў вясны», яго аўтара і запрашэнне ўзяць пачытаць гэту кнігу ў бібліятэцы і параўнаць з фільмам. Таксама напярэдадні 9 Мая бібліятэкары зрабілі відэапрэзентацыю кнігі «Памяць. Пастаўскі раён» пад назвай «Вогненныя гады Пастаўшчыны».

Выстава-панарама «Партызанская слава Беларусі» ў цэнтральнай раённай бібліятэцы

Дзіцячая бібліятэка імя У. Дубоўкі да 75-годдзя Вялікай Перамогі падрыхтавала віртуальную віктарыну «Кнігі мужнасці і славы». З яе дапамогай можна праверыць сваё веданне мастацкай літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну. Калі пры адказах на пытанні ва ўдзельнікаў віктарыны ўзнікнуць цяжкасці, для іх ёсць падказка — віртуальнае кнігазнаёмства «Кнігі мужнасці і славы», якое раней публікавалася на сайце. У ім бібліятэкары прапануюць прачытаць вядомыя, але незаслужана забытыя кнігі, якімі зачытвалася старэйшае пакаленне.

У Варапаеўскай гарпасялковай бібліятэцы з 23 красавіка па 23 чэрвеня праводзіцца акцыя «Прачытаная кніга пра вайну — твая ўдзячнасць за Вялікую Перамогу». У гэты перыяд кожны можа ўзяць з фонду бібліятэкі кнігу ваеннай тэматыкі, прачытаць яе, пакінуць свой водгук і тым самым прыцягнуць да твора ўвагу іншых чытачоў. Акрамя таго, у бібліятэцы аформлена выстава-парад «І памяць пра вайну нам кніга ажыўляе», праводзіцца гістарычная віктарына-хранограф «Вайны свяшчэнныя старонкі навекі ў памяці людской».

Дунілавіцкая сельская бібліятэка з 30 красавіка запрашае чытачоў наведаць кніжную выставу «Я памятаю! Я ганаруся!» і прайсціся па старонках кніг, якія захоўваюць думкі і пачуцці людзей, што змагаліся за мірнае жыццё. Радок за радком чытача будуць суправаджаць салдаты, партызаны і падпольшчыкі, працаўнікі тылу, разведчыкі, якія прайшлі вялікі шлях да Перамогі і пакінулі нам бясцэнную спадчыну — праўду пра вайну. Выстава будзе працаваць у бібліятэцы да 31 мая.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.