Екатерина Кузьмич является старейшиной д.Гута уже на протяжении многих лет

Общество

Мае і вопыт, і аўтарытэт

Са старэйшынай вёскі Гута Кацярынай Генадзьеўнай Кузьміч я сустрэлася напярэдадні сёлетняга Дня Перамогі — падчас адкрыцця ў населеным пункце помніка бязвінным ахвярам Вялікай Айчыннай. Пасля мерапрыемства прапанавала падвезці на рэдакцыйнай машыне дадому, бо ісці было далекавата. Жанчына адмовілася: «Дзякуй! Але ў мяне тут яшчэ ёсць справа: трэба праве­даць адну бабулю. Яна будзе рада».

— Кацярына Генадзьеўна — і камунальшчык, і псіхолаг, і міліцыянер. Зразумела, у пераносным сэнсе, — патлумачыла старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Іна Касарэўская. — Яна сур’ёзны, адказны, нераўнадушны, вельмі эмацыянальны чалавек. Пастаянна ўнікае ва ўсе праблемы. Чула адносіцца да людзей.

Старэйшына вёскі Гута Кацярына Кузьміч

Каго выбіраюць старэйшынай? Чалавека, які карыстаецца аўтарытэтам, мае багаты жыццёвы вопыт. Упэўненая, у Гуце не знойдзецца нікога, хто не ведае Кацярыну Кузьміч. Не адно дзесяцігоддзе яна адпрацавала выхавальнікам мясцовага дзіцячага садка. 16-ы год з’яўляецца загадчыцай установы. Многія яе былыя выхаванцы ўжо маюць сваіх дзяцей. Выраслі, стварылі сем’і і ўласныя дочкі-блізняты і сын. Дзеці Кузьмічоў дружныя, працавітыя, клапатлівыя.

На жаль, не ва ўсіх сем’ях пануе гармонія. Здараецца, што і сярод ночы да старэйшыны прыбягае перапалоханая заплаканая жанчына і просіць дапамогі, бо п’яны муж учыніў скандал. Генадзьеўна ідзе ў дом, размаўляе з мужчынам, супакойвае яго. Вядома, маглі б выклікаць міліцыю. Але тады гісторыя набыла б галоснасць і без штрафу або сутак арышту не абышлося б.

Пастаянна ў полі ўвагі Кацярыны Кузьміч пажылыя людзі. Яна любіць размаўляць з імі, вучыцца ў іх жыццёвай мудрасці. Падтрымлівае зносіны з тымі, хто, выехаўшы з Гуты на іншае месца жыхарства, да дзяцей, вельмі сумуе па родных мясцінах і людзях, побач з якімі жылі да гэтага.

Нязменны клопат старэйшыны — добраўпарадкаванне. На жаль, не ўсе імкнуцца да гэтага, а ў старых і хворых няма сіл. Таму Кацярына Генадзьеўна звяртаецца па дапамогу да маладых. Просіць, пераконвае, ушчувае. Не ўсім гэта даспадобы. «Два гады назад я атрымала ананімнае пісьмо, над якім не магла не расплакацца, — прызнаецца жанчына. — У пісьме было выказана ў мой адрас шмат крыўднага і несправядлівага. Я здагадалася, хто яго напісаў, але высвятляць адносіны не стала. Хай той непрыгожы ўчынак застанецца на сумленні ананіма».

Грамадскі абавязак Кацярына Кузьміч выконвае на працягу ўжо многіх гадоў. Неаднойчы наважвалася адмовіцца ад ганаровай, але не заўсёды ўдзячнай місіі. Аднак кіраўніцтва сельскага Савета і гутчане па-ранейшаму бачаць у гэтай ролі толькі яе.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.