Любимое дело. Поставчанка Алла Жук создает полезные красивые вещи из газетной лозы

Общество

Без пляцення не можа ні дня

Ствараць прыгожыя і функцыянальныя рэчы з папяровай лазы пастаўчанка Ала Жук пачала амаль 7 гадоў назад і за гэты час дасягнула сапраўднага майстэрства ў любімай справе.

У госці да Алы Васільеўны я напрасілася па рэкамендацыі дырэктара Дома рамёстваў Таццяны Петух. Кіраўнік установы культуры вельмі хваліла вырабы майстрыхі, гаварыла, што яны надзвычай якасныя і акуратныя. І вось сама маю магчымасць упэўніцца ў праўдзівасці пачутага. Ветліва запрасіўшы ў залу, гаспадыня дастае з шафы і расстаўляе перада мной кошычкі, шкатулкі, сухарніцы з яркім дэкорам, якія хочацца ўзяць у рукі і ўважліва разгледзець кожную дэталь. Пры гэтым заўважае, што мне пашанцавала застаць дома так шмат работ, як правіла, яны адразу ж адпраўляюцца да новых гаспадароў. Але пра гэта крыху пазней. Спачатку прашу жанчыну расказаць пра тое, як у яе жыцці з’явілася папулярнае зараз захапленне.

— Усё пачалося з выхаду на пенсію. На падораныя роднымі і сябрамі грошы я купіла ноўтбук і стала шукаць у інтэрнэце, чым можна заняцца ў вольны час, — распавядае майстрыха. — Перагледзеўшы розныя віды рукадзелля, вырашыла спыніцца на фларыстыцы, нават насушыла ўсялякіх кветак. А потым натрапіла на сплеценыя з папяровай лазы кошычкі і захацела зрабіць такія ж. Першы атрымаўся, мякка кажучы, не вельмі — страшненькі, каравенькі, але мне спадабаўся сам працэс вырабу.

Паступова, ад работы да работы, паляпшаліся тэхніка і якасць іх выканання. Сакрэты пляцення з папяровай лазы пастаўчанка спасцігала на бясплатных майстар-класах, якіх шмат у інтэрнэце. Дзякуючы ім жа навучылася рабіць дэкор з фаамірану — матэрыялу, падобнага да замшы, які выкарыстоўваецца ў рукадзеллі.

На трубачкі Ала Васільеўна пускае ўсе газеты, якія трапляюць у дом, у тым ліку раённую, перыядычна купляе газетную паперу ў друкарні. У будаўнічых магазінах набывае колеры, марылку, лак, неабходныя для афарбоўкі трубачак. Нятанна каштуе і фааміран, з якога выразае кветкі і лісточкі. Іх таніруе пастэллю, а затым з дапамогай гарачага праса надае патрэбную форму. Для дэкору выкарыстоўвае таксама фольгу, гафрыраваную паперу, атласныя стужкі, рэшткі шпалер. Адным словам, працэс стварэння шкатулкі ці сухарніцы працаёмкі і фінансава дарагі, на захапленне жанчына траціць значную частку сваёй пенсіі. Праўда, матэрыяльныя выдаткі акупляюцца за кошт продажу вырабаў. А рэалізуе іх майстрыха не толькі ў Паставах, але і ў Барысаве, дзе жыве дачка. Заказчыкаў шмат. У асноўным просяць зрабіць шкатулкі, наборы для захоўвання касметыкі, велікодныя кошыкі. Нядаўна напляла нявестцы вялікіх каробак пад бялізну ў шафы. Ёсць заказ на домік для ката.

— Я люблю рабіць функцыянальныя рэчы, якія можна выкарыстаць у быце, — кажа Ала Васільеўна. — Многія дару родным, сябрам і проста добрым людзям.

Не раз работы жанчыны, якая з’яўляецца членам народнага клуба «Майстры» Дома рамёстваў, выстаўляліся ў «Старым млыне». Таксама іх можна было ўбачыць і набыць на фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік». Фота большасці сваіх вырабаў пенсіянерка выкладвае на ўласнай старонцы ў «Аднакласніках» і ў тэматычных групах, дзе іх заўсёды высока ацэньваюць. Цяпер ужо сама Ала Васільеўна можа навучыць іншых, як стварыць нейкі выраб, і ахвотна дзеліцца практычным вопытам, раскрывае свае ноу-хау. Акрамя таго, вучыць пляценню з папяровай лазы наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Пастаўскага ТЦСАН. Сёння без хобі жанчына не ўяўляе свайго жыцця.

— Калі дзень-два не пляту, у мяне пачынаецца «ломка», нібы ў наркамана: мне дрэнна, я злуюся, нервуюся, — прызнаецца яна. — Але варта ўзяцца за справу, як усё праходзіць. Магу цэлы дзень плесці, бывае, заседжваюся да трох гадзін ночы. За любімым заняткам я не заўважаю часу.

Алена Шапавалава. Фота аўтара і са старонкі Аллы Жук у Аднакласніках



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.