Поставчанину Николаю Довманту посчастливилось сфотографировать лисят

Важное Экология

Фотапаляванне на лісянят правёў пастаўчанін Мікалай Доўмант і даслаў свае здымкі ў рэдакцыю «ПК»

«Лаві пазітыў і тэму для «ЭкаДома», — ставіць мне прыемную задачу галоўны рэдактар, гартаючы на сваім смартфоне цэлую фотагісторыю пра лісянят. Станоўчыя эмоцыі б’юць цераз край. Не магу не спытацца ў аўтара фотасесіі, пры якіх абставінах яму ўдалося «пашчоўкаць» мілых істот.

— Днямі паехаў парыбачыць на рэчку каля падстанцыі «Бірвіта», —  адказаў Мікалай Доўмант. — На зваротным шляху, які пралягаў праз поле, мне насустрач выбег заяц, а праз некалькі хвілін убачыў лісу. Яна не гналася за буйной здабычай — мышкавала. Гэта значыць, палявала на грызуноў. На неўзараным полі іх процьма. Зрабіў некалькі крокаў, як бачу: нешта варушыцца ля слупа высакавольтных ліній, што ляжыць на зямлі. Прыгледзеўся — скачуць 6 лісянят. Заўважыўшы мяне, яны адразу нырнулі ў сховішча.

Звяркі маленькія, а таму цікаўныя, вырашыў «паляўнічы», і прытаіўся за тры метры ад іх. Рудыя камячкі не заставілі сябе доўга чакаць: праз хвіліну з бетоннай нары выглянуў адзін, другі, трэці… Яшчэ праз момант уся кампанія наблізілася да Мікалая Доўманта, скараціўшы адлегласць паміж сабой і чалавекам удвая. За гэты прамежак часу ён паспеў зрабіць некалькі ўдалых кадраў, чым парадаваў не толькі сябе, але і ўвесь рэдакцыйны калектыў. Спадзяюся, і чытачоў газеты — таксама (больш здымкаў з фотапалявання на лісянят глядзіце на нашых інтэрнэт-рэсурсах).

Як лісяняты апынуліся ў бетонным слупе, застаецца толькі здагадвацца. Мікалай Доўмант разглядае 2 версіі. Згодна з першай, лісы першапачаткова выкарыстоўвалі яго ў якасці нары. Па другой, ліса вывела патомства ў іншым месцы, а сюды прывяла, каб дзетак было лягчэй пракарміць.

Вераніка Філановіч
Фота Мікалая Доўманта



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.