Поставские медики рассказали про работу в условиях COVID-19

Здравоохранение

У напружанні, але з надзеяй

Апошнім часам я нават патэлефанаваць лішні раз у Пастаўскую ЦРБ не адважваюся: не хачу ўскладняць і без таго напружаны графік работы ўрачоў, медсясцёр, розных спецыялістаў. Між тым напісаць пра медыкаў, якія працуюць непасрэдна ва ўмовах, звязаных з каранавірусам, намервалася даўно. І вось, нарэшце, зручны выпадак прадставіўся.

У экіпіроўцы – нібы ў лазні

Каб адправіцца на абход у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі, пульманалогіі, у спецыяльным памяшканні паліклінікі ў супрацьчумныя касцюмы апранаюцца галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Чакавы і яго намеснік па лячэбнай дзейнасці Людміла Сямёнава. Гэткія ж сродкі аховы выдаюць і мне, падказваюць, што за чым апранаць. Справа гэта не адной хвіліны і патрабуе спрактыкаванасці. Напрыклад, мне ніяк не хацеў паддавацца рэспіратар, рызінкі якога ўвесь час з’язджалі з вушэй. Але з дапамогай медыкаў быў зафіксаваны.

Накіроўваемся ў рэанімацыю. Тут сустракае такі ж «упакаваны» медперсанал і разам з адміністрацыяй адпраўляецца на абход палат. Правядзенне кансіліума, абмеркаванне сітуацыі, парады, заўвагі, словы падтрымкі і ўдзячнасці падначаленым… Аналагічная карціна і ў пульманалогіі. Я тым часам спрабую «злавіць» удачны кадр. Зрабіць гэта надзвычай складана з-за ахоўнага пластыкавага шчытка, які не дазваляе паднесці фотаапарат да вока, каб сфакусіравацца на аб’екце здымкі. Яшчэ адна нязручнасць — парушаны цеплаабмен. У такой экіпіроўцы вельмі душна, і ўжо хвілін праз 15 па твары сцякаюць струменьчыкі поту. Час ад часу медыкі цікавяцца: «Ну як?» Адказваю, што прыблізна так сабе і ўяўляла, бо сачу за сітуацыяй у свеце і краіне, чытаю расказы ўрачоў і медсясцёр, бачу на фотаздымках чырвоныя адбіткі ад сродкаў аховы на іх тварах. Нездарма іх вытрымцы і гуманізму апладзіруюць людзі на ўсіх кантынентах.

Трымаюць руку на пульсе

У розных будынках ЦРБ зараз функцыянуюць 197 ложкаў, у тым ліку 105 перапрафіляваных інфекцыйных, занятых — 68. Ёсць рэзерв. На базе Варапаеўскай раённай бальніцы разгорнуты ложкі для далечвання хворых з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй. Сюды пераведзены 2 пацыенты. Апроч таго, праз паліклініку арганізавана амбулаторнае далечванне. У будныя дні праводзіцца абход усіх інфекцыйных ложкаў, выбарачны — у выхадныя. Яго ажыццяўляюць намеснікі галоўнага ўрача і загадчык паліклінікі, на чыю змену выпадае дзяжурства. Метады барацьбы з каварнай інфекцыяй удасканальваюцца з кожным днём, у тым ліку дзякуючы пастаянным навучальным семінарам, вебінарам, канферэнцыям, штодзённым кансультацыям. Зусім цяжкіх пацыентаў адпраўляюць на Віцебск. На мінулым тыдні такіх было тры.

— Тыдзень назад да нас прыязджала брыгада ўрачоў-спецыялістаў з вобласці. Сярод іх — галоўны ўрач інфекцыйнай абласной клінічнай бальніцы Таццяна Кавалёва і галоўны анестэзіёлаг-рэаніматолаг гэтай установы Аляксандр Ганчароў, — расказваў галоўны ўрач Пастаўскай ЦРБ Уладзімір Чакавы. — Віцебскія калегі правялі абход пацыентаў, ацанілі, як арганізавана раздзяленне на шлюз, «чыстую» і «брудную» зоны. Выкананне эпідрэжыму ў нашых аддзяленнях рэгулярна кантралюе эпідэміёлаг раёна Людміла Сафронава. Усе рэкамендацыі выконваем добрасумленна, трымаем руку на пульсе, бо каранавірус увесь час патрабуе новых падыходаў да лячэння.

Неабходныя сродкі індывідуальнай аховы для медыкаў і пацыентаў на складах і ў аддзяленнях ёсць на 14 дзён наперад. Усе яны адпавяда­юць патрабаванням. Уладзімір Мікалаевіч дзякуе ўсім, хто клапоціцца пра забеспячэнне імі нашай ЦРБ і яе структурных падраздзяленняў. Гэта рэспубліканскі і абласны бюджэты, гуманітарныя фонды, спонсары і проста неабыякавыя людзі. Іх падтрымка вельмі істотная: толькі ў красавіку ў дадатак да бюджэтных сродкаў, вы­дзеленых раёнам, на супраць­эпідэмічныя мерапрыемствы зрасходавана 185 тысяч рублёў. Мяркуючы па ўсім, у маі гэта лічба будзе яшчэ вышэйшай.

Медыкі працуюць у няпростых умовах, таму з удзячнасцю ўспрынялі Указ кіраўніка краіны №131 «Аб матэрыяльным стымуляванні работнікаў аховы здароўя».

— У адпаведнасці з дакументам, у нашай установе створаны пералік структурных падраздзяленняў, праца ў якіх дае права на ўстанаўленне штомесячных надбавак, — паведаміла галоўны бухгалтар ЦРБ Ала Герасімюк. — У яго ўвайшлі 5 перапрафіляваных пад інфекцыйныя ложкі аддзяленняў: анестэзіялогіі і рэанімацыі, пульманалогіі, наркалогіі, неўралогіі і інфекцыйнае. Апроч гэтага, на разавую надбаўку могуць разлічваць тыя работнікі, якія мелі эпізадычны характар сутыкнення з ковід-пазітыўнымі. Спіс такіх работнікаў у спецыяльную камісію, якую ўзначальвае галоўны ўрач установы, падаюць загадчык аддзялення і старшая медсястра.

Калі па нейкіх прычынах вам не налічылі надбаўку, звяртайцеся да начальніка свайго пярвічнага звяна, і ён падасць адпаведную дакладную запіску ў камісію. Так, на яе паўторным пасяджэнні былі разгледжаны 3 звароты і зроблены пераразлік заяўнікам. Усяго за красавік надбаўка налічана 130 штатным адзінкам у памеры амаль 112 тысяч рублёў. У некаторых яна ў разы перавышае зарплату.

Жывуць пачуццём перамогі

Адзін з тых, хто быў заахвочаны матэрыяльна ў адпаведнасці з указам, — урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі ЦРБ Генадзій Васюковіч. У медыцыне ён працуе ўжо 12 гадоў. Да канчатковага пераводу ў рэанімацыю шчыраваў у аддзяленнях тэрапіі і гемадыялізу Оршы і Пастаў. Зараз з-за часовай адсутнасці загадчыка аддзялення выконвае яго абавязкі: сочыць за назначэннямі, займаецца арганізацыйнымі пытаннямі, кантралюе выкананне падначаленымі санэпід­рэжыму, прычым не толькі ў аддзяленні, але і за яго межамі. Напрыклад, нікому з іх нельга наведваць паліклініку, радзільнае аддзяленне.

Працоўны дзень Генадзія Васюковіча пачынаецца ў 8 гадзін з арганізацыйнай планёркі ў галоўнага ўрача, а потым і ў аддзяленні. Затым — абход хворых і запаўненне дзённіка на кожнага пацыента. У ім апісваецца статус хворага, стан, сімптомы, дыханне, сардэчная дзейнасць, пульс, узровень насычанасці крыві кіслародам, падстава для назначэння альбо адмены медыкаментаў, а таксама яго скаргі на самаадчуванне. Паўторна дзённік урач запаўняе па стане пацыента на 14 гадзін. Усяго за суткі на хворага складаецца 6 дзённікаў. На абед Генадзій адводзіць паўгадзіны. Пасля яго фарміруе справаздачу па кожным пацыенце і адпраўляе па электроннай пошце на Віцебск. Завяршаецца дзень хірургічнымі маніпуляцыямі, дзе выступае ў якасці анестэзіёлага.

— Пасля рэарганізацыі аддзялення работы прыбавілася ўдвая. Жывём нібы на вайне — пачуццём перамогі, — апісвае будні работнікаў рэанімацыйнага аддзялення Генадзій Васюковіч. — У ахоўных касцюмах працаваць душна, але большы дыскамфорт асабіста мне дастаўляе рэспіратар, ад якога на скуры ўтвараюцца адбіткі, і акуляры, якія ўвесь час запацяваюць. Апошнія спрабавалі націраць спіртам і мылам, каб вільгаць збіралася ў кропелькі, але ўсё дарэмна.

Пасля змены накіроўваецца дадому, дзе… яго ніхто не чакае: каб засцерагчы цяжарную жонку ад каранавіруса, адправіў яе да цешчы ў Дубровенскі раён. Так спакайней.

Значную прыбаўку да зарплаты атрымала і старшая медсястра рэанімацыі Наталля Дзеўгуць. У медыцыне яна з 1984 года, а ў аддзяленні — з 2016-га. У яе асноўныя абавязкі ўвахо­дзіць кантроль за работай медсясцёр і спраўнасцю абсталявання, забеспячэнне аддзялення медыкаментамі.

— Наша аддзяленне спецыфічнае само па сабе, бо дзень і ноч змагаемся за жыцці пацыентаў, за кожнага перажываем, нібы за роднага, укладваем душу ў яго лячэнне і догляд, а чужы боль прапускаем праз сэрца, — расказвала Наталля Дзеўгуць. — Да працы ў псіхалагічна складаных умовах мы падрыхтаваныя ў адрозненне ад тых нязручнасцей, якія стварае экіпіроўка. Таму ўсе ўзрадаваліся надбаўцы да зарплаты. Напрыклад, медсёстры атрымалі па 2 тысячы рублёў.

Абстрагавацца ад тэмы каранавіруса Наталлі Леанідаўне не выпадае нават дома, бо ўсе члены яе сям’і звязаны з медыцынай. Муж працуе ў Пастаўскай ЦРБ стаматолагам, сын — педыятрам-неанатолагам. Дачка і зяць жывуць у Мінску. Яна працуе афтальмолагам у трэцяй бальніцы, ён — траўматолагам у шпіталі МУС. Разам сочаць за навінамі па распаўсюджванні і лячэнні пандэміі, моладзь дзеліцца з бацькамі тым, што прачытала па хвалюючай усіх тэме ў замежных аўтарытэтных выданнях.

— Падтрымліваюць суседзі і знаёмыя, — працягвала Наталля Дзеўгуць. — А больш за ўсё — адзінаццацігадовы ўнучок, які нам з мужам кажа: «Усё гэта часова і хутка пройдзе. І мы зноў па­е­дзем адпачываць на Балтыку». Ад такіх слоў адразу на душы цяплее і верыцца ў лепшае.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.