Праздник памяти и гордости. В Поставах прошли торжественные мероприятия ко Дню Победы

75 лет Победы Главное

Дзень Перамогі ўжо даўно стаў святам гонару і ўдзячнасці старэйшаму пакаленню, якое адстаяла свабоду і незалежнасць Айчыны. Сёлета на Пастаўшчыне яму было прысвечана не адно мерапрыемства, зрэшты, як і заўжды. Толькі з адзінай асаблівасцю — усе яны былі немнагалюднымі. Гэтага патрабуе эпідэміялагічная сітуацыя, выкліканая каранавірусам.

Фота Сяргея Вшыўкава

Беларусь памятае. Памятаем Кожнага

Пад такім слоганам прайшоў тыдзень, які папярэднічаў Дню Перамогі. Рэспубліканская акцыя аб’яднала ўсіх неабыякавых беларусаў. Яны ўшанавалі памяць загінулых воінаў, якія злажылі галовы за нашу светлую будучыню. Наш раён далучыўся да акцыі 7 мая. У гэты дзень прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская, Ірына Лойка і Наталля Субко, а таксама найбуйнейшых грамадскіх аб’яднанняў — раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» (Вольга Мацкевіч), райкамаў прафсаюзаў (Іна Далецкая) і БРСМ (Вераніка Казлоўская) — усклалі жывыя кветкі да брацкай магілы воінаў-вызваліцеляў на галоўнай плошчы горада.

Пакланіліся героям

Нятленная веліч подзвігу нашага народа. Ён навечна ў памяці. І колькі б часу ні прайшло, людзі будуць схіляць галовы перад бяспрыкладнай мужнасцю тых, хто ваяваў і перамог. 8 мая ў нашым раёне адбыўся аўтапрабег «Памяці загінулых герояў» з наведваннем воінскіх пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Яго старт адбыўся на плошчы Леніна ў райцэнтры.

 

— Мэта аўтапрабегу — пакланіцца праху, аддаць даніну памяці і павагі тым, хто паклаў на алтар Перамогі самае каштоўнае — сваё жыццё, — гаварыў яго ўдзельнікам намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. — Гэта традыцыйнае мерапрыемства аб’ядноўвае нас не толькі для таго, каб мы памяталі і разумелі жахі той вайны, шанавалі гераічны подзвіг нашых продкаў, але і каб больш ніколі не дапусцілі падобнага.

Шлях удзельнікаў аўтапрабегу пралёг па двух кірунках. Першая група наведала пахаванні па вуліцах Горкага і Ленінскай у Паставах, у Манькавічах, Дунілавічах, Альцах, Крывым, Сіўцах, Варапаеве і Васілінах. Другая — па вуліцы Савецкай у райцэнтры, у Кашыцах, Камаях, Лынтупах і Апідамах. Да ваеннаслужачых, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і супрацоўнікаў раённага краязнаўчага музея ў кожным населеным пункце далучаліся мясцовыя жыхары.

Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым

Увянчала ўрачыстасці ўскладанне вянкоў, карзін і кветак да брацкіх магіл, якое адбылося 9 Мая ў райцэнтры. Спачатку прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў і грамадскасці сабраліся ля абеліска ў скверы па вуліцы Чырвонаармейскай, потым — на плошчы Леніна. Тут жа адбыўся мітынг-рэквіем.

З Дня Вялікай Перамогі мінула 75 гадоў. І ўвесь гэты час беларускі народ захоўвае памяць пра ахвяры фашызму, подзвіг герояў і муж­насць людзей, якія яе набліжалі. Памяць утрымлівае кожнае імгненне той страшнай вайны і перадаецца з пакалення ў пакаленне, бо зберагчы яе — гістарычны абавязак кожнага перад мінулым і будучыняй.

Гучаць пазыўныя, і дыктарскі голас абвяшчае: «75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне прысвячаецца». Затым — урывак з рэквіема Роберта Раждзественскага «Вечная слава» ў выкананні Юрыя Левітана. Яго голас і сёння здольны ўстрывожыць струны душы любога чалавека. Як і словы і музыка песень «Сколько вечных огней мы зажгли на земле…» і «Журавли», пад якія адбылося ўскладанне вянкоў і кветак. Замест тысячы слоў у знак асаблівага смутку і ўдзячнасці героям аб’яўляецца хвіліна маўчання. Напрыканцы мітынгу цішыню разрывае трохразовы ружэйны залп.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.