Программа «Забота». На Поставщине обследуют детские игровые площадки

Безопасность

Ухіліць любую небяспеку

З 1 мая ў рамках рэспубліканскай міжведамаснай праграмы «Клопат», якая прадоўжыцца да 1 кастрычніка, па ўсёй Беларусі пачаліся прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне правапарушэнняў і надзвычайных здарэнняў з удзелам непаўналетніх.

На Пастаўшчыне праграма стартавала з абследавання дзіцячых гульнявых пляцовак. Гэтым займаюцца супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, прадстаўнікі УП ЖКГ і камісіі па справах непаўналетніх раённага выканаўчага камітэта. Ім неабходна праверыць на прадмет бяспекі ўсе дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі ў дварах дамоў і на тэрыторыі навучальных устаноў у горадзе і сельскай мясцовасці і да 1 чэрвеня бягучага года ўхіліць выяўленыя недахопы.

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама Віталій Кішко і майстар па добраўпарадкаванні УП ЖКГ Аляксандр Стоцік абследуюць дзіцячую гульнёвую пляцоўку па вуліцы Зялёнай у Паставах

Сёння ўжо завершана абследаванне больш чым 50-ці пляцовак у мікрараёнах будаўнікоў, вуліцы Юбілейнай, 5-га і 6-га гарадкоў у Паставах, а таксама ў вёсках Гута і Камаі. На днях камісія будзе працаваць у Лынтупах, Варапаеве і Парыжы. Сярод выяўленых ёй недахопаў самыя распаўсюджаныя — гэта адсут­насць часткі дошчачак на сядзеннях арэляў і ручак для ўтрымання на іх. На некаторых пляцоўках зламаны лавачкі для адпачынку, не засыпаны пяском забетанаваныя асновы слупоў турнікоў і арэляў. Месцамі адсутнічае пясок у пясочніцах, на горках і каруселях выступаюць цвікі і самарэзы.

У ходзе абследавання ўсё гэта ўхіляюць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Па словах майстра па добраўпарадкаванні Аляксандра Стоціка, да падрыхтоўкі дзіцячых пляцовак да лета яны прыступілі, як толькі пацяплела на вуліцы і ў дварах з’явілася шмат мам з дзецьмі. Работы выконваюць паралельна ў горадзе і на сяле: спецыяльна створаныя брыгады рамантуюць арэлі і лаўкі, падфарбоўва­юць іх, падсыпаюць пясок.

Адначасова ўчастковыя інспектары міліцыі правяраюць гатоўнасць пляжаў да купальнага сезона. У далейшым міліцыянеры і іншыя адказныя асобы зоймуцца абследаваннем сацыяльна небяспечных аб’ектаў у раёне: недабудаваных дамоў, закінутых ферм, складоў, павецяў і іншых будынкаў, якія знаходзяцца ў аварыйным стане.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.