Сильная духом. Долгожительница Любовь Василевская никогда не опускала руки

Общество

Накіроўвала жыццё ў патрэбнае рэчышча

Любові Міхайлаўне Васілеўскай з Ляхаўшчыны 91 год. Нягледзячы на шматлікія жыццёвыя выпрабаванні, гэта моцная духам жанчына ніколі не аддавалася на волю лёсу.

У сям’і Крук (дзявочае прозвішча доўгажыхаркі) падрасталі тры дачушкі: Галіна, Любоў і Марыя. Бацька быў вядомым у акрузе кавалём, маці вяла хатнюю гаспадарку, займалася рука­дзеллем. Жылі разам з бабуляй і дзядулем у Крывым. Калі пачалася вайна, Люба вучылася ў 3 класе польскай школы ў Ласіцы. Будынак школы немцы спалілі, таму заняткі спыніліся. Хутка бацьку перавялі працаваць у Варапаева, і дачка ездзіла разам з ім. Там скончыла 7 класаў.

Любоў Міхайлаўна добра памятае, як зараджаўся ў іх мясцовасці партызанскі рух, як агітавалі камсамольцаў ісці ў падполле. З іх вёскі многія хлопцы папоўнілі шэрагі партызан. Мясцовых дзяўчат у гэты перыяд актыўна адпраўлялі на работы ў Германію. Бацькі Любы вельмі баяліся за сваіх дачок, таму выкапалі склеп пад хатай, дзе і хавалі іх. Аднак старэйшая, Галіна, усё ж трапіла ворагам на вочы, і тыя адправілі яе працаваць у канцылярыю ў Варапаева. Дзяўчына падтрымлівала сувязь з партызанамі і перадавала ім інфармацыю. З-за гэтага Люба нацярпелася шмат страху. У памяць назаўсёды ўрэзалася, як немцы падпалілі суседнюю з іхняй хату, як вёў яе паліцай пад дулам аўтамата дадому, а потым доўга пра нешта распытваў бабулю з дзядулем…

Наступіла першае пасляваеннае лета. Краіна вярталася да мірнага жыцця. Аднаўлялася гаспадарка. 18-гадовая прыгажуня Люба, нейкі час адпрацаваўшы паштальёнам, уладкавалася сакратаром у Ласіцкі сельскі Савет. Ішла калектывізацыя, трэба было весці грунтоўную работу з насельніцтвам, якая і лягла на плечы Любы. Але дзявочы запал і энергія дапамагалі ёй з лёгкасцю спраўляцца з пастаўленымі задачамі.

На пасаду старшыні сельскага Савета накіравалі са сталіцы былога ваеннага. Да вайны стварыць сям’ю ён не паспеў, і цяпер быў самы час задумацца. Яму прыглянулася Люба. Ды толькі яе сэрца ўжо было занятае: кахала аднавяскоўца Івана — прыгожага хлопца з блакітнымі, як неба, вачыма, выдатнага механізатара і першакласнага вадзіцеля калгаса.

Старшыня, не падазраючы, што трапіў у любоўны трохкутнік, у адзін з дзён прыехаў да бацькі Любы ў сваты. Той прэтэндэнта на руку і сэрца дачкі запрасіў на абед, паколькі не любіў прымаць паспешных рашэнняў. Дзяўчына стаяла збялелая як палатно, а выскачыўшы ў суседні пакой, загаласіла: «Мамачка, родненькая, не пайду за яго!»

Бацькі не пайшлі супраць жадання дачкі. Хутка Люба і Іван згулялі вяселле. Праз год у іх нарадзіўся першынец. Сямейнае жыццё пачало наладжвацца. Ды мужу прыйшла павестка на тэрміновую службу. Нікому не сказаўшы, маладая жонка паехала да ваенкама прасіць адтэрміноўкі на два гады. І зноў змагла накіраваць жыццё ў патрэбнае рэчышча, дабіцца свайго.

Усяго ў іх нарадзілася трое сыноў, якім далі годнае выхаванне, адукацыю. 30 гадоў таму Любоў Міхайлаўна аўдавела. Зараз найвялікшая радасць для бабулі — 6 унукаў і 10 праўнукаў, якія часта наведваюцца да яе, дапамагаюць. Пакідаць родную вёску доўгажыхарка не хоча… Аднавяскоўцы адзываюцца пра яе надзвычай цёпла, характарызуюць як вельмі шчырага і ўважлівага чалавека.

Святлана Шафаровіч
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.