Старейшая жительница аг. Дуниловичи Лидия Кейзик учила русский язык по роману Льва Толстого «Война и мир»

Общество

Толькі вера трымае — гаворыць  пра сябе найстарэйшая жыхарка Дунілавіч Лідзія Зіноўеўна Кейзік.

І ўспамінае, як у пасляваенныя гады ўгаворвала мужа будаваць дом не ў Навадруцку, дзе яны жылі і працавалі, а ў Дунілавічах, дзе меўся касцёл. Хоць на той час ён быў закрыты, яна верыла, што гэта не назаўсёды. Так і сталася. Дом узвялі за некалькі дзясяткаў метраў ад касцёла, які стаў для жанчыны тым месцам, дзе раскрываецца яе душа, куды ідзе з радасцямі і надзеямі, трывогамі і бедамі.

— Што ж вам расказаць пра сябе? — услых разважала бабуля, калі я наведалася да яе. — 97-ы год пайшоў. Жыццё доўгае, але нешчаслівае. Не дай Бог нікому спазнаць столькі гора, колькі яго выпала на маю долю. Тры гады назад памерла старэйшая дачка, Галя. Яшчэ праз год не стала і малодшай, Алі. А я нават не змагла паехаць на пахаванне, бо абедзве жылі з сем’ямі ў Рызе. Раней, калі не было граніцы, часта наведвалася да іх, а яны — да мяне. Пасля ўстанаўлення граніцы прыязджалі 2 разы ў год. Цяпер мяне не забываюць зяці і ўнучкі: звоняць, дасылаюць пісьмы і фотаздымкі, раз у год наведваюцца.

Чым даўжэй я знаходзілася ў Лідзіі Зіноўеўны, тым больш уражвалася, як правільна, зусім не на вясковай трасянцы яна размаўляе. Таму і не магла не запытацца, якую адукацыю атрымала.

— Закончыла 7 класаў Дунілавіцкай польскай школы і паступіла ў Глыбоцкую гімназію, — расказвала жанчына. — Але пачалася вайна і перапыніла вучобу. Пасля вызвалення нашай мясцовасці ад фашыстаў навучанне сталі весці на рускай мове, якую я не ведала зусім. Падручнікаў не было. І я стала вучыць яе па рамане Льва Талстога «Вайна і мір». Вывучыла! А як жа любіла чытаць кнігі! Спачатку на польскай мове, пазней — і на рускай. У дзявоцтве нават на танцы не хадзіла, аддавала перавагу чытанню.

Лідзія нарадзілася ў Будславе. Але яе дзяцінства і дзявоцтва прайшлі ў Норыцы, куды пераехалі бацькі. Падчас акупацыі па прымусе немцаў працавала на вырошчванні цукровых буракоў і тытуню. Пасля вызвалення — у бухгалтэрыі леспрамгаса, якая размяшчалася ўсяго за паўтара кіламетра ад Дунілавіч, а пазней была перанесена ў Навадруцк. Даводзілася штодня пехатой пераадольваць 8 кіламетраў. Да таго часу, пакуль не выйшла замуж і не атрымалі з мужам у Навадруцку пакойчык. А калі пабудавалі дом у Дунілавічах, пашчасціла ўладкавацца бібліятэкарам у мясцовую школу.

— Колькі кніг перачытала! — з настальгіяй успамінала Зіноўеўна. — Асабліва любіла творы Пушкіна, Талстога, Дастаеўскага, Заля, Стэндаля, Мапасана, іншых рускіх і замежных класікаў. На жаль, зараз з-за дрэннага зроку пазбаўленая асалоды чытання.

А вось тэлевізар бабуля глядзіць, выпісвае раённую газету. З хатнімі справамі ўпраўляецца з дапамогай сацыяльнага работніка. А сілы трымацца на гэтым свеце чэрпае ў малітвах.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.