В Поставском районе с начала года изъято 114 литров самогона, 1440 литров браги и 7 самогонных аппаратов

Безопасность Важное

Канфіскуюць і штрафуюць

Па статыстыцы, каля 30% злачынстваў у рэспубліцы здзяйсняюцца асобамі ў стане алкагольнага ап’янення. Каб змяніць сітуацыю ў лепшы бок і зменшыць колькасць выпадкаў атручэння алкаголем і яго сурагатамі, якое нярэдка прыводзіць да смерці (напрыклад, на Віцебшчыне па гэтай прычыне летась загінулі 276 чалавек, з іх 189 — праца­здольнага ўзросту), супрацоўнікі органаў унутраных спраў з года ў год вядуць планамерную работу па выяўленні месцаў вырабу, захоўвання і рэалізацыі самагону, брагі і алкагольных напіткаў, не маркіраваных акцызнымі маркамі.

— Кожны тыдзень у нашым райаддзеле ствараецца рэйдавая група, задача якой — канфіскацыя нелегальнага алкаголю, — расказвае начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС райвыканкама Дзмітрый Салагуб. — Як правіла, інфармацыя пра тое, што дзесьці вырабляюць і прадаюць яго, паступае ад участковых інспектараў міліцыі. Затрымліваючы на сваіх адміністрацыйных участках грамадзян у нецвярозым стане, яны высвятляюць, што менавіта тыя пілі і, калі гэта не магазіннае спіртное, — дзе яго набылі. А затым рэйдавая група працуе па канкрэтным адрасе. Таксама ідзе абмен інфармацыяй з іншымі службамі — на выяўленне так званых кропак «заточаны» ўсе супрацоўнікі аддзела. Паведамляюць пра месцы вырабу і продажу нелегальнага алкаголю і нераўнадушныя да праблемы п’янства жыхары раёна.

З пачатку года дзякуючы агульным намаганням канфіскавана 114 літраў самагону, 1 440 літраў брагі і 7 самагонных апаратаў. Складзена 13 адміністрацыйных пратаколаў, 6 з якіх ужо разгледжаны судом. Па словах Дзмітрыя Салагуба, у асноўным самагонаварэннем займаюцца жыхары сельскай мясцовасці з невялікім дастаткам. Але бываюць і выключэнні з правіла. Так, нядаўна міліцыянеры склалі пратакол на жыхара Мінска, які гнаў самагон на сваёй дачы ў адной з вёсак раёна. Як патлумачыў мужчына, вырабляў яго для сябе, а не на продаж, і пра тое, што гэта забаронена заканадаўствам, не ведаў. Зараз пратакол на мінчаніна знаходзіцца ў судзе, яму пагражае штраф да 5 базавых велічынь.

Папярэджанне або штраф у такім жа памеры прадугледжаны за захоўванне самагоннага апарата, а таксама за набыццё самагону і брагі. Продаж фізічнай асобай, якая не з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, алкагольных напіткаў, не маркіраваных акцызнымі маркамі, караецца штрафам у памеры ад 5 да 20 БВ. Выраб, уцягненне ў абарот такой асобай фальсіфікаваных алкагольных напіткаў, як і перамяшчэнне іх па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, захоўванне і гандаль імі, цягнуць за сабой штраф у памеры ад 100 да 200 БВ.

Як заўсёды, супрацоўнікі міліцыі звяртаюцца да ўсіх жыхароў раёна з просьбай. Калі вы валодаеце інфармацыяй пра грамадзян, якія маюць дачыненне да незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі, паведаміце пра іх у АУС райвыканкама па тэлефонах: 102, 4-10-02 або 8(029)510-29-45.

Алена Шапавалава
Фота з архіва АУС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.