«Я рада, что у меня три дочурки!» Простое семейное счастье Алены и Олега Кукштель

Общество

— У нас сумна не бывае, — гаворыць мнагадзетная маці з вёскі Гута Алёна Кукштэль.

Калі б я не ведала, ідучы да Кукштэляў, што ў сям’і выхоўваюцца тры дзяўчынкі, саму Алёну ўпаўне магла б прыняць за чацвёртую, старэйшую з сясцёр. Пра што і не прамінула сказаць гаспадыні. Ад камплімента яна яшчэ больш папрыгажэла і разгубілася: «Што пра нас пісаць? Мы— самая звычайная сям‘я».

Асабліва радуецца сям’я Кукштэль, калі ўсе ў зборы

А нарадзілася сям’я 18 гадоў назад. Рабочы шклозавода «Гута» Алег Кукштэль атрымаў апёк кропляй расплаўленага шкла і трапіў у варапаеўскую бальніцу. Тут і прыглянулася яму медсястрычка Алёна. Вяселле гулялі якраз у 27-ы дзень нараджэння жаніха. Да знаёмства з Алёнай ён неаднойчы ці то жартам, ці сур’ёзна гаварыў бацькам: «Калі не ажанюся да 27-і, то сямейным чалавекам так і не стану». Стаў!

— Алег добры, ураўнаважаны, працавіты, адказны, — хваліць Алёна мужа. — Працуе ў Полаўскім лясніцтве трактарыстам. Ён у нас майстар на ўсе рукі. Шмат дапамагае дома, вельмі лю­біць дачушак. «А яшчэ наш тата — вялікі прыкаліст, — дапаўняюць дзяўчынкі. — З ім ніколі не бывае сумна».

Алегавы бацькі, Ядвіга Адамаўна і Анатолій Мікалаевіч, нарадзілі і выхавалі чацвярых дзяцей — сына і трох дачок. Дзве з іх жывуць у Варапаеве, адна — у Віцебску. Усе маюць сем’і. У бабулі з дзядулем — 9 унукаў. Калі год назад Адамаўна адзначала юбілей, на ўрачыстасць сабралася 20 самых блізкіх. Ды не толькі ў святы, але і заўсёды ў Кукштэляў пануе роднасная ед­насць. Ну а сын з сям’ёй увогуле жыве праз сцяну ад бацькоў. Дзверы абе­дзвюх кватэр заўсёды адчыненыя для кожнага.

— Я дзяжуру ў бальніцы па сутках, — расказвала Алёна. — І ніколі не хвалююся, як справы дома. Ведаю, што ўсё будзе ў парадку. Ва ўсім нам дапамагаюць свякроў са свёкрам. А як іх любяць дзяўчынкі!

Бягучы навучальны год для сям’і асабліва адказны: у верасні ў школу пайшлі ажно тры вучаніцы. Маша заканчвае 1 клас, Яна — 7-ы, Даша — выпускніца. Усе добра вучацца. Даша з’яўляецца сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ Гуцкай СШ. Вызначылася з будучай прафесіяй — рыхтуецца паступаць у педуніверсітэт імя М. Танка. Усе тры — маміны памочніцы: прыбяруць у пакоях, памыюць посуд, а пад настрой і прыгатуюць што-небудзь смачнае, нават торт могуць спячы.

— Я рада, што маю дачушак, — расчульваецца Алёна. — Толькі б шчасліва склаўся іх лёс.

А мне ўспомнілася: у народзе кажуць, што дочкі паўтараюць лёс маці. Значыць Даша, Яна і Маша будуць такімі ж шчаслівымі, як іх мама.

Фаіна Касаткіна
Фота з сямейнага архіва Кукштэль



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.