Читатели «ПК» уже открыли грибной сезон и поделились фото своих находок

Важное Экология

Чытачы раёнкі адкрылі грыбны сезон і даслалі ў рэдакцыю «ПК» фотаздымкі сваіх знаходак.

Першай вынікам «ціхага палявання» падзялілася пастаўчанка Ірына Нецвятай. Каб знайсці гіганцкі страчок, ёй нават не давялося ісці ў лес: грыб у сваім са­дзе на ўскраіне райцэнтра заўважыла суседская дзяўчынка і расказала пра знаходку дарослым.

— Я заўзятая грыбніца, збіраю дары лесу з 1996 года, — дзялілася Ірына Нецвятай. — Страчкі з’яўляюцца ў канцы красавіка — пачатку мая. Пладовае цела вялікае, мясістае, унутры — пустое. Менавіта таму яны вельмі лёгкія. Звычайна вага грыба складае ад 40 да 60 грамаў, вышыня — 6-15 сантыметраў. А гэты заважыў ажно 350 грамаў! Такіх веліканаў я не сустракала нават у лесе. Страчкі лічацца ўмоўна ядомымі (зразумела, калі іх правільна прыгатаваць), але асабіста мне яны падаюцца самымі смачнымі.

Другая знаходка належыць настаўніцы біялогіі СШ №2 Іне Гутар. Невялічкую плантацыю маслякоў яна разам з сяброўкай заўважыла падчас нядаўняй веласіпеднай прагулкі па лесе. Здзівілі не памеры грыбоў, а час іх з’яўлення.

— Маслякі радуюць грыбнікоў з пачатку лета да сярэдзіны восені. Некаторыя іх віды з’яўляюцца ў лесе нават у красавіку, але ў асноўным першыя грыбы збіраюць у чэрвені, — расказвала Іна Гутар. — Па народных прыкметах, з’яўленне першых маслякоў супадае з цвіценнем сасны. Другая «партыя» прыпадае на цвіценне ліпы. Апошні этап пачынаецца ў жніўні і доўжыцца да верасня-кастрычніка.

Маслякі любяць дождж і не любяць холад. Камфортнай для іх з’яўляецца тэмпература 15о С. А яшчэ іх можна назваць сапраўднымі амурамі: у састаў грыбоў уваходзіць феніетыламін, гэта рэчыва выклікае ў чалавека пачуццё закаханасці.

Вераніка Філановіч
Фота Ірыны Нецвятай і Іны Гутар



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.