Как уберечь детей от вовлечения в незаконный оборот наркотических средств и психотропных веществ?

Безопасность Важное

Крок, які дорага каштуе

Па даных Міністэрства ўнутраных спраў краіны, з кожным годам усё больш непаўналетніх беларусаў уцягваюцца ў незаконны абарот наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. Пры гэтым далёка не ўсе яны з’яўляюцца наркаспажыўцамі. Многія жадаюць зарабіць лёгкіх грошай, а ў выніку аказваюцца на лаве падсудных.

Як засцерагчы падлеткаў ад неабдуманага кроку, не даць зламаць сабе лёс? Пра гэта і іншае — у інтэрв’ю са старшым оперупаўнаважаным групы па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі РАУС Міхаілам Ходанам.

— Міхаіл, наколькі актуальная праблема ўцягнення непаўналетніх у наркабізнес для Пастаўскага раёна?

— Нягледзячы на тое, што сёння на Пастаўшчыне няма асоб, якія знаходзіліся б на ўліку з прычыны ўжывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, а таксама ў апошнія гады непаўналетнія не прыцягваліся да адказнасці за іх незаконны абарот, сцвярджаць, што ў нас ўсё спакойна, нельга. Вясной я аб’язджаў агульнаадукацыйныя ўстановы раёна і выступаў перад навучэнцамі. Пасля сустрэч у каледжы і Варапаеўскай СШ да мяне падышлі падлеткі і прызналіся, што ім праз інтэрнэт прапаноўвалі заняцца распаўсюджваннем наркотыкаў.

Яшчэ большая верагоднасць быць уцягнутым у злачынную дзейнасць у вялікіх гарадах, куды пасля заканчэння школы едуць многія выпускнікі. Так сталася з 17-гадовай жыхаркай раёна, якая паехала вучыцца ў Мінск. У сталіцы пазнаёмілася з равеснікамі, якія аднойчы папрасілі яе забраць з указанага месца пакет і прынесці ім. Дзяўчына згадзілася, і як толькі ўзяла пакет у рукі, была затрымана супрацоўнікамі міліцыі. У адносінах да яе ўзбудзілі крымінальную справу за распаўсюджванне наркатычных сродкаў. 19-гадовы жыхар раёна, адправіўшыся ў сталіцу, пачаў зай­мацца закладкамі: браў наркотыкі для рэалізацыі, закладваў іх у ціхіх месцах у горадзе і за горадам, фатаграфаваў гэтыя месцы і адпраўляў здымкі разам з геалакацыяй свайму куратару. Маладога чалавека таксама затрымалі, і ён паўстане перад судом.

— Як арганізатары наркабізнесу знаходзяць распаўсюджвальнікаў забароненых да ўжывання рэчываў?

— У асноўным праз сацыяльныя сеткі, SMS-месенджары, форумы і праграмы. Падлеткам і маладым людзям прапануюць хуткі і, па словах арганізатараў, бяспечны даход, які не патрабуе вялікіх намаганняў. Але, як паказвае практыка, закладчыкам дастаюцца толькі вялікія тэрміны зняволення. Па сутнасці, яны нават не паспяваюць як след зарабіць: кар’ера ў гэтым бізнесе доўжыцца не больш за пару месяцаў. На месца затрыманых «супрацоўнікаў» набіраюцца новыя, і ўсё паўтараецца.

— З якога ўзросту наступае крымінальная адказнасць за незаконны абарот наркатычных сродкаў?

— У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам — з 14 гадоў, і ў законе няма патуранняў для непаўналетніх. Так, згодна з артыкулам 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў ці аналагаў караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў. За тыя ж дзеянні, звязаныя са збытам, прадугледжана ад 5 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Ні адзін з бацькоў нават у самым страшным сне не можа ўявіць сабе, што яго 15- або 17-гадовае дзіця будзе накіравана ў калонію мінімум на 2 гады. А між тым гэта рэальна. Толькі з пачатку бягучага года ў Віцебскай вобласці за незаконны абарот наркатычных сродкаў да адказнасці прыцягнута 8 непаўналетніх.

— Што рабіць бацькам, каб не дапусціць такога?

— Трэба цікавіцца перапіскай дзяцей у сацыяльных сетках, месенджарах і на розных форумах, якія сайты яны наведва­юць. Калі дзіця ставіць паролі, графічныя ключы доступу да гаджэтаў, а таксама да некаторых праграм, перастае прасіць грошы на кішэнныя расходы альбо папоўніць баланс мабільнага тэлефона — неабходна адкрыта пагаварыць з ім і высветліць прычыну гэтага. Таксама бацькі павінны звяртаць увагу на любыя змены ў прывычных паводзінах дзіцяці: скрыт­насць, адгаворкі наконт пэўных дзеянняў, на тое, як падлетак бавіць час: куды і з якой мэтай ходзіць. Адным словам, трэба быць сапраўдным сябрам свайму сыну ці дачцэ і пастарацца ненавязліва даваць парады па захаванні правілаў асабістай бяспекі і правапаслухмяных паводзін.

— А як быць падлетку, атрымаўшы прапанову падзарабіць на распаўсюджванні наркотыкаў?

— Пра гэта трэба паведа­міць у міліцыю або бацькам ці настаўнікам, якія прымуць правільнае рашэнне, зыходзячы з сітуацыі.

 Гутарыла Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.