«Это наш дом и наше лицо!» Дом №24 по улице Космонавтов в Поставах утопает в цветах

Общество

Квітнеюць клумбы каля ўсіх пяці пад’ездаў дома №24 па вуліцы Касманаўтаў у райцэнтры

Прычым з ранняй вясны да позняй восені — такое тут мноства кветак! Зразумела, што клопатаў з імі хапае. Але руплівыя жыхары дома, якія любяць прыгажосць, не лічацца з часам. У асноўным гэта пенсіянеры, але ўдзельнічаюць у агульнай справе і тыя, хто працуе.

«Хіба гэта не варта ўвагі? — паказвала мне кветкавыя прасторы Марыя Іпалітаўна Кабайла. — Вось клумба, на якой гаспадарыць Ніна Усцінаўна Сідаровіч. Такая аматарка кветак! З якой любоўю даглядае іх! Завезлі дадаткова зямлі, па-новаму сфарміравалі летась клумбу ля першага пад’езда і ўнеслі ў яе новыя элементы Валянціна Нікіфараўна і Валерый Зіноўевіч Александровы, дбайна даглядаюць яе і сёлета».

Крочым ад пад’езда да пад’езда, любуемся прыгажосцю, атрымліваем асалоду ад паху квітнеючых белых, ружовых, бардовых півоняў і язміну. Вось і апошні, пяты. Як і ў кожным, тут 15 кватэр. А на клумбе перад ім упраўляецца адна Фаіна Францаўна Мацеша. Клумба раскошная — якіх толькі кветак на ёй няма!

Вольга Мікалаеўна Якаўлева пайшла яшчэ далей — ускапала зямлю праз дарогу ад дома і насадзіла там кветак, якія зараз радуюць вока. Ну чым не спаборніцтва кветкаводаў?

«Абавязкова ўспомніце Ларысу і Валянціна Гулько, — прасіла Н. У. Сідаровіч. — Яны абое памерлі, але як шмат паспелі зрабіць, каб ля пад’езда было прыгожа. Людзей няма, а шматгадовыя кветкі і дэкаратыўныя кустарнікі, пасаджаныя іх рукамі, жывуць. Пра клумбу клапоцяцца іншыя. У тым ліку Яўгенія Іосіфаўна і Васілій Адамавіч Кучынскія.

Знаёмлюся з яшчэ двума захопленымі кветкаводамі: Таццянай Воўк і Алай Анточ. «Гэта наш дом і наш твар, — гавораць жанчыны. — Дык чаму не паклапа­ціцца пра прыгажосць каля яго? Прыемна паглядзець на кветнікі з балкона, пасядзець вечарам ля іх на лаўцы. У нас многа шматгадовых, а расаду аднагадовых вырошчваем у кватэрах і пад’ездах. Абменьваемся кветкамі, дзелімся насеннем і расадай».

Сёлета жыхары дома склаліся, купілі фарбу і памалявалі лаўкі і бардзюры. Васілій Кучынскі, Мікалай Воўк рэгулярна абкошваюць траву вакол клумбаў, падвязваюць кветкавыя кусты. Кожны, хто пажадае, знаходзіць сабе справу.

Але прагучалі ў маёй размове з аматарамі-кветкаводамі і такія іх словы: «Калі мы з ранняй вясны да позняй восені выходзім працаваць на клумбы, некаторыя, напэўна, глядзяць і думаюць: ну і дзівачкі, няўжо клопатаў дома не маюць?»

Маюць. Як я ўжо адзначала, многія працуюць. А хто ўжо на пенсіі, то мае ўнукаў, дачы, ды ці мала іншых спраў у кожнага. Але яны не жадаюць, каб вакол іх жылля, хаця і агульнага, буяла трава, любяць прыгажосць і не лянуюцца яе ствараць. Адметна, што ў гэтай справе знаходзяць і мужчынскую падтрымку. І калі б такіх «дзівакоў», як у 24-м доме, было больш, то і гарадскія мікрараёны выглядалі б больш прывабна.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.