На базе Поставской СШ №3 уже десятый год работает летний оздоровительный лагерь для детей православного вероисповедания

Духовность

Крыніца веры і дабра

Так можна сказаць пра летні аздараўленчы лагер для дзяцей праваслаўнага веравызнання «Крыніца», які ўжо дзясяты год працуе на базе пастаўскай СШ №3.

Лагер аб’ядноўвае 25 хлопчыкаў і дзяўчынак з першага па шосты клас з усіх школ горада і гімназіі, якія на працягу навучальнага года наведвалі нядзельную школу пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца і паспяхова там займаліся. Прыкладна трэцяя частка дзетак выхоўваецца ў мнагадзетных сем’ях.

— У лагеры мы ўвасабляем у жыццё тое, што дзеці засвоілі ў нядзельнай школе, — расказвала яго начальнік Зінаіда Бягляк. — Ад звычайнага аздараўленчага адрозніваемся тым, што ў нас пастаянна прысутнічае малітва. На яе нават выдзелены спецыяльны час пасля ранішняй зарадкі. Дзеці бяруць малітоўнікі і разам з выхавальнікам чытаюць «Царю небесный», «Отче наш», «Верую». Абавязкова моляцца перад кожным прыёмам ежы і пасля яе, калі адпраўляюцца ў падарожжа. Такім чынам незаўважна для сябе яны становяцца на правільны духоўны шлях.

Штодзень у раскладзе прысутнічаюць і духоўныя гутаркі. Школьнікі вывучаюць жыцці святых і на іх прыкладах вучацца быць добрымі. Гэтаму садзейнічае таксама гульня «Дабро», якая праводзіцца з года адкрыцця «Крыніцы» і вельмі падабаецца дзецям. Сутнасць гульні ў тым, што на працягу дня дзеткі павінны рабіць адно для аднаго добрыя справы, каб той, на каго яны скіраваныя, адчуў гэта і назваў імя свайго дабра­дзея.

Яшчэ адной асаблівасцю «Крыніцы» з’яўляецца наведванне навучэнцамі богаслужэнняў у храме, калі падчас лагернай змены ёсць праваслаўныя святы, а таксама малебнаў, якія праводзяцца кожныя сераду і суботу. На царкоўных службах дзеці прывучаюцца ўважліва слухаць, атрымліваюць блаславенне ад бацюшкі, які штодзень моліцца за іх. Затым крыху працуюць у храме: чысцяць падсвечнікі, прыбіраюць воск з падлогі.

— Акрамя пастаўскай царквы, мы стараемся пабываць і ў іншых храмах, — працягвала З. Я. Бягляк. — Ужо наведалі царкву ў Варапаеве і гутарылі з яе святаром, на днях паедзем у Навасёлкі. Увогуле, кожны дзень кудысьці ходзім. Былі на хлебазаводзе, у краязнаўчым музеі, Доме рамёстваў, «Горадзе майстроў» на фестывалі. Пасля абеду адпраўляемся на возера Задзеўскае. Купацца дзецям не дазваляем, а вось пахадзіць па калена ў вадзе яны могуць. З сабой бяром розныя настольныя гульні, мячы, бадмінтон, скакалкі. Гэтым лагер забяспечыў айцец Валерый. Ён усяляк нам дапамагае, у тым ліку салодкімі прысмакамі. Дзякуючы бацюшку, калі праводзім розныя конкурсы, заўсёды ёсць чым заахвоціць дзяцей. Апроч таго, царква ўнесла 50 працэнтаў ад сумы бацькоўскай платы за знаходжанне ў лагеры дзяцей з мнагадзетных сем’яў. Дапамагаюць таксама сёстры міласэрнасці: яны суправаджаюць нас у час экскурсій.

Выхавальнікамі ў лагеры працуюць настаўнікі з розных школ Пастаў. Усе яны добра ведаюць асновы праваслаўнай веры. Некаторыя, як Зінаіда Яўгеньеўна Бягляк, выкладаюць у сваіх навучальных установах факультатыўны курс «Праваслаўная культура». Ёсць сярод педагогаў і выкладчыкі нядзельнай школы. Побач з духоўным яны надаюць вялікую ўвагу фізічнаму развіццю дзяцей, іх аздараўленню. Кожны дзень праводзяць хвілінкі здароўя, разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы на свежым паветры: спартландыі, футбольныя і валейбольныя матчы, гімнастычныя спаборніцтвы, турніры па шашках і шахматах. Асобныя — сумесна са звычайным аздараўленчым лагерам, які паралельна працуе пры школе. Месца тут хапае ўсім.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.