Прынялі падзяку за хлеб і руплівасць
Прадстаўнікі Полацкага камбіната хлебапрадуктаў на чале з дырэктарам Васіліем Хамянком прыехалі ў райвыканкам, каб падзякаваць кіраўніцтву раёна за тое, што першымі ў вобласці паспяхова выканалі дзяржзаказ.
Сёлетні год выдаўся для хлебаробаў няпростым — засушлівыя вясна і пачатак лета негатыўна адбіліся на ўраджайнасці, асабліва яравых культур. Жніво пачалося ўдала, а завяршаецца ў надзвычай складаных умовах. Збожжавыя застаюцца няўбранымі менш чым на 30% плошчы.
Тым не менш хлебаробы Пастаўшчыны ўжо маюць 43 тысячы тон зерня, што амаль на 14 тысяч больш, чым летась. Найбольш яго засыпалі ў засекі аграрыі ААТ «Хацілы-агра» (9582тон), «Камайскі-агра» (9268), «Навасёлкі-Лучай» (8360). У гэтых гаспадарках і самая высокая ўраджайнасць: 59,7, 35,5, 41,5 цэнтнера з гектара адпаведна. Вынікі работы сведчаць пра тое, што кіраўніцтвам і спецыялістамі дакладна выпрацавана і няўхільна выконваецца тэхналогія вырошчвання азімых і яравых культур, выкарыстоўваюцца новыя высокаўраджайныя сарты, згодна з нарматывамі ўносяцца мінеральныя ўдабрэнні, хімікаты, арганіка.
Наш раён першым у вобласці выканаў план продажу збожжа дзяржаве — пастаўлена 6690 тон. Якасць зерня адпавядае дзяржстандарту.