Чакаюць дзяцей і дарослых
Разам з установамі адукацыі раёна новы навучальны год пачаўся і ў Пастаўскім Доме рамёстваў «Стары млын». Тут набіраюць навучэнцаў у гурткі па традыцыйнай народнай творчасці.
а самай справе нашы гурткі пачынаюць сваю работу са студзеня, і іх праграма разлічана па снежань, — расказвала дырэктар «Старога млына» Таццяна Петух. — Але летам мала дзяцей і дарослых працягваюць наведваць заняткі: хтосьці едзе адпачываць, у кагосьці іншыя прычыны. Таму, звычайна, у пачатку верасня мы робім дабор.
Па словах Таццяны Мікалаеўны, у Доме рамёстваў чакаюць навучэнцаў не толькі ў добра вядомыя аб’яднанні па інтарэсах, такія як «Кераміка», «Маляванка (народны роспіс)», «Дэкаратыўнае пляценне саломкай, шыццё саламяных галаўных убораў», «Аплікацыя саломкай», «Выцінанка», «Вышыўка», «Абрэзкавае шыццё», «Ткацтва на кроснах», «Пляценне паясоў», «Габелен», «Вывучэнне і шыццё народнага касцюма». З 2 верасня адкрыўся шэраг новых гурткоў. Гэта «Выраб керамічнай музычнай цацкі», «Лепка ганчарных форм ручным спосабам» і «Цацка ў панчошнай тэхніцы». Акрамя таго, нядаўна тут аб’ядналі ў адзін гурткі вязання пруткамі і кручком, а таксама некалькі змянілі фармат «Кройкі і шыцця». Цяпер у апошні набіраюць не толькі дарослых, але і дзяцей з 12—13 гадоў, якія жадаюць навучыцца шыць моднае, прыгожае, элегантнае адзенне.
— Мы будзем рады пастаўчанам любога ўзросту, — працягвала кіраўнік установы. — Многія нашы напрамкі вядуць спецыялісты народнага клуба «Майстры», які шмат гадоў існуе пры Доме рамёстваў. У прыватнасці, Алена Крывенькая, якая выкладае ткацтва, пляценне паясоў і габелен, і Юлія Калядзіна — яна вядзе цацку, вывучэнне касцюма і кройку і шыццё. Гэтыя гурткі наведваюць у асноўным дарослыя. Але калі будзе жаданне ў дзяцей, з задавальненнем прымем і іх. Дарэчы, дзеці ў нас займаюцца бясплатна, для дарослых адзін занятак каштуе 2 рублі. Мы запрашаем усіх далучыцца да свету народнага мастацтва, навучыцца ствараць сваімі рукамі прыгожыя прадметы інтэр’ера, падарункі і сувеніры. Наш адрас: вуліца Чырвонаармейская, 10. Тэлефон для даведак — 4-38-60.