У музеі – не сумна
Вы ведаеце, што на Гродзеншчыне ёсць музей вавёркі? Гэта адзіны ў Беларусі музей, прысвечаны якой-небудзь жывёле. А ў Брэсце, напрыклад, створаны ўнікальны музей выратаваных мастацкіх каштоўнасцей. Экспазіцыя там складаецца з вырабаў мастацтва і прадметаў антыкварыяту, канфіскаваных мытнікамі пры спробе іх незаконнага вывазу за мяжу. Гэтыя звесткі я прачытала ў артыкуле-рэйтынгу дзесяці самых незвычайных раённых музеяў Беларусі, «пра якія вы раней маглі не чуць, але якія абавязкова вартыя ўвагі».
Самае цікавае, што ў спісе аказаліся і Паставы. Дырэктар раённага краязнаўчага музея Таццяна Гарошка нічога дзіўнага ў гэтым не бачыць. Яна пацвярджае, што турысты не хаваюць свайго захаплення, спускаючыся ў падвальныя памяшканні палаца Тызенгаўзаў. Размешчаная там экспазіцыя пра Першую сусветную вайну — адна з нямногіх у сваім родзе ў Беларусі. І хіба дзесьці яшчэ можна ўбачыць арніталагічную майстэрню, экспанаты пра Санкт-Пецярбургскую афіцэрскую кавалерыйскую школу?
Высокую якасць работы пастаўскіх музейшчыкаў заўважаюць не толькі турысты, але і кіраўніцтва. 8 кастрычніка ў Віцебску адбылася ўрачыстасць, на якую былі запрошаны найлепшыя работнікі ўстаноў культуры вобласці. Таццяна Гвідонаўна Гарошка адзначана Ганаровай граматай упраўлення культуры аблвыканкама.
У галіне культуры яна чалавек зусім не выпадковы. Яшчэ падчас вучобы ў Варапаеўскай школе ўдзельнічала ў самадзейнасці, імкнулася да творчасці. Калі паступіла ў Інстытут культуры, адчувала сябе як рыба ў вадзе. Пасля атрымання дыплома ў 1985 годзе прыехала ў Паставы. У любімай галіне дзейнасці шчыруе і сёння.
У краязнаўчы музей Таццяна Гвідонаўна прыйшла роўна 20 гадоў назад. Перш чым стаць кіраўніком, працавала на розных пасадах: захавальнікам фондаў, старэйшым і галоўным навуковым супрацоўнікам.
Сёння фонд раённага краязнаўчага музея налічвае каля 20 тысяч прадметаў.
Супрацоўнікі музея згодныя з меркаваннем: у час камп’ютарных тэхналогій зацікавіць дзяцей музейнымі экспазіцыямі ўсё складаней. Але сітуацыю можна выратаваць, калі актыўна ўкараняць у работу сучасныя тэхналогіі. Так зрабілі ў будынку музея на цэнтральнай плошчы — у зале прыроды і археалогіі на вітрынах размясцілі QR-коды. Дастаткова навесці на іх мабільны тэлефон — і на экране з’яўляюцца мультфільмы на гістарычную тэматыку, пазнавальныя ролікі. Куплена і сучасная аўдыёсістэма. Школьнікі могуць не толькі праслухаць экскурсію, але і паўдзельнічаць у віктарыне.
У сваёй рабоце пастаўскія музейшчыкі бачаць шмат перспектыў. У іх мноства планаў, творчых задум. Гледзячы на іх баявы настрой, думаецца: усё атрымаецца!