Высокія прывагі — вынік старання
Ірына Саўчук — адна з найлепшых даглядчыц цялят на дарошчванні не толькі ў груздаўскім сельскагаспадарчым філіяле АБП «Рассвет Пастаўскі», але і ў раёне. За 9 месяцаў сярэднясутачныя прывагі ў яе групе склалі 890 грамаў.
— Поспеху спрыяюць добрасумленныя адносіны жанчыны да выканання сваіх абавязкаў, — гаварыла галоўны заатэхнік аддзялення Вольга Хмельнік. — Яна з імі, як з малымі дзецьмі, цацкаецца. І, бясспрэчна, захоўвае тэхналогію кармлення.
З Ірынай Рычардаўнай накіроўваемся да яе гадаванцаў. Тыя¸ убачыўшы чужога чалавека, замітусіліся. Але варта было іх «маме» загаварыць і прылашчыць, як супакоіліся, пацягнуліся да рук, якія іх пастаянна кормяць.
— Я доўгі час жыла ў горадзе, працавала ў дзіцячым садзе, — расказвала аператар. — Дзяцей вельмі любіла, і яны мяне. Бывала, аблепяць: хто на рукі просіцца, хто — на калені. І цялятак гэтак жа люблю. Даглядаць іх — справа клопатная. Асабліва цяжка «выняньчыць» тых, што толькі нарадзіліся. Некалькі дзён паю малаком менавіта ад адной каровы. Плаўна пераводжу на іншыя кармы. Не шкадую ласкі. Высокія прывагі — вынік агульных намаганняў. У нас высакакласны галоўны заатэхнік Вольга Хмельнік. Стараецца і ветурач Юрый Язёнак. Добрыя прывагі таксама ў групах, замацаваных за Ганнай Анкудовіч, Наталляй Валасевіч.