В кафе в Новоселках прошла праздничная встреча бывших руководителей агропромышленного комплекса

Важное Общество

І не бяда, што ў валасах бялее, нібыта срэбра, сівізны налёт

Першы каляндарны тыдзень зімы паскупіўся на снег ды мароз. Шэрыя сырыя дні гнялі сумам нават маладых. А што ўжо казаць пра людзей трэцяга ўзросту. І раптам пятніца азарылася сонцам. «Напэўна, спецыяльна для нашай сустрэчы выглянула», — жартавалі былыя кіраўнікі і іншыя ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці і мясцовага кіравання, сабраўшыся ў фае райвыканкама ў чаканні заказнога аўтобуса, каб накіравацца ў раскошнае кафэ ў Навасёлках.

У той час, калі гэтыя людзі актыўна ўдзель­нічалі ў жыцці раёна, яны бачыліся часта: на розных нарадах, пасяджэннях бюро партыі і райвыканкама, прэзідыумах і сесіях райсавета, святочных мерапрыемствах. У іх былі аднолькавыя клопаты — гуртаваць працоўныя калектывы, наладжваць вытворчыя працэсы, выконваць пастаўленыя задачы. З выхадам на пенсію зносіны вельмі скараціліся, некаторыя не бачыліся гадамі. І калі летась па ініцыятыве дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрыя Шымчыка раённы савет ветэранаў пры падтрымцы кіраўніцтва раёна арганізаваў першую святочную сустрэчу былых кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу, яна прайшла на ўздыме.

І вось праз год — другая. Зроблены агульны здымак на памяць. Запрошаныя займаюць месцы за накрытымі сталамі. Вядучая Янія Анкудовіч вершамі распачынае сустрэчу: «Бегут года, душою нас не старя. Мы молоды, пока она поет! И не беда, что в волосах белеет прядь седины, как серебра налёт». Бяда ў іншым: толькі сёлета адышлі ў вечнасць ажно сем былых кіраўнікоў: Алег Адольфавіч Валодзька, Ніна Захараўна Андрон, Віталій Якаўлевіч Лапушынскі, Ігар Міхайлавіч Герчык, Іван Юльянавіч Юхно, Бярнард Бярнардавіч Турла, Аляксандр Якаўлевіч Мухля. А колькі іх не стала за дзесяцігоддзі! Застылі ў хвіліне маўчання прысутныя, сціскае сэрцы журботная мелодыя, а на экране відэапраектара адно за другім глядзяць з партрэтаў тыя, хто ўжо ніколі не вернецца на родную зямлю. Але адчуванне такое, што яны — побач…

З вялікага жалю пра тое, што ў бягучым годзе на Пастаўшчыне столькі горкіх страт, пачаў сваё выступленне старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і адзначыў, што гэта былі таленавітыя кіраўнікі і добрыя людзі. А тое, як шмат зрабіў для гаспадаркі і людзей Алег Адольфавіч Валодзька, наўрад ці магчыма паўтарыць. Але эстафета трапіла ў надзейныя рукі. Ужо шмат гадоў ААТ «Навасёлкі-Лучай» узначальвае сапраўдны гаспадар Юрый Францішкавіч Шымчык. Бясконца ўдзячны яму ў тым ліку і за тое, што з вялікай павагай адносіцца да ветэранаў, з разуменнем — да вырашэння розных жыццёвых пытанняў. Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, кіраўнік раёна пажадаў ім здароўя, бадзёрасці, запрасіў выказваць свае думкі, уносіць прапановы.

Цёпла вітаў прысутных дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык. Дзяліліся ўспамінамі Эдуард Казура, Пётр Розынка, Віктар Кейзік, Аляксей Аліхвер, Вольга Мышко, Мікалай Саковіч, Леанід Врублеўскі, Яўгенія Бяліцкая і іншыя. Парадавалі самадзейныя артысты Наталля Федаровіч, Маша Лібоза, Надзея Рамановіч. А Злата Ярашэвіч настолькі паланіла сваім голасам і артыстычнасцю, што прысутныя апладзіравалі дзяўчынцы стоячы. Спявалі пад акампанемент баяніста Аляксея Конанава і самі ветэраны. Зразумела, песні сваёй маладосці. А найбольш бойкія нават кружыліся ў вальсе, віхурылі ў польцы. «Ты подожди, назойливая старость! Ведь дел у нас ещё невпроворот. Бегут года, но жить мы не устали. Мы молоды, пока душа поёт».

У гэтых людзей зараз зусім іншыя клопаты, чым былі раней. Затое ўвесь час, якога тады так не хапала, яны аддаюць дому, сем’ям, любімым унукам, сваім захапленням. Але па-ранейшаму застаюцца нераўнадушнымі да ўсяго, што адбываецца ў раёне. Вось і выступаючы на сустрэчы, параўноўвалі, як было і што ёсць зараз, шкадавалі, што некаторыя гаспадаркі абанкруціліся, выказвалі ўпэўненасць, што ў раёне ёсць патэнцыял для далейшага развіцця, у тым ліку і сельскагаспадарчай галіны.

Не магу не адзначыць як сведчанне павагі да ветэранаў тое, што на свяце прысутнічалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. У яе завяршэнне Пётр Леанідавіч  шчыра падзякаваў ім за працу, пажадаў здароўя, адзначыў, што такія сустрэчы варта праводзіць і ў далейшым. А ад ветэранаў шмат удзячных слоў прагучала ў адрас старшыні раённага савета ветэранаў Ганны Літвіновіч, якая арганізавала агеньчык.

— Адна я нічога не магла б зрабіць, — адзначыла Ганна Францаўна, калі я рыхтавала да друку гэты матэрыял. — Пастаянна адчуваю падтрымку старшыні райвыканкама і старшыні райсавета. Заўсёды ідзе насустрач Юрый Францішкавіч. Гаспадарка прапанавала кафэ, кожны ветэран зрабіў грашовы унёсак.

 Свята прынесла прыемныя сустрэчы, абудзіла ўспаміны, расчуліла і натхніла. А на развітанне найчасцей гучала адно і тое ж пытанне: «Калі збіраемся зноў?»

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.