Хроника происшествий

Безопасность

Захацеў мёду

У канцы лістапада ў аддзел унутраных спраў райвыканкама звярнуўся жыхар Наваполацка, які мае дачны дом у вёсцы Сяргеевічы. Мужчына заявіў, што нехта, выставіўшы аконнае шкло, пранік на яго дачу і ўкраў бітон з мёдам. Супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі: злодзей — пляменнік пацярпелага, пражывае ён у Старым Двары, нідзе не працуе і раней быў асуджаны. У адносінах да аматара салодкага ўзбуджана крымінальная справа, украдзенае канфіскавана.

За прысваенне і крадзеж

Давядзецца адказаць перад законам непрацуючым 37-гадоваму пастаўчаніну з вуліцы Зялёнай у райцэнтры і 32-гадоваму жыхару Дунілавіч, які, дарэчы, ужо мае су­дзімасць. Першы прысвоіў давераны яму госцем з Мінска бесправадны дынамік Sony коштам больш за 170 рублёў, якім распарадзіўся па сваім меркаванні. Другі спачатку пранік у дом адной з жыхарак аграгарадка і забраў яе мабільны тэлефон, а праз месяц украў пакінуты ля плота побач з магазінам дарожны веласіпед. Абодвух зладзеяў чакае лава падсудных.

Дзейнічалі групай

19 лістапада з трактара жыхара Свіран нехта ўкраў 6 літраў дызельнага паліва. Мужчына паведаміў пра гэта ў міліцыю, і неўзабаве яе супрацоўнікі затрымалі двух аднавяскоўцаў пацярпелага. Хоць укралі яны няшмат, але дзейнічалі групай асоб, таму пакаранне панясуць больш жорсткае, чым у тым выпадку, калі б злодзеем быў адзін чалавек.

З хуліганскіх намераў

У адзін з лістападаўскіх вечароў на вуліцы Набярэжнай у Паставах былі пашкоджаны аўтамабілі святароў пастаўскага і варапаеўскага касцёлаў. У адным з іх падрапаны і памяты кузаў, у другім — адарвана шчотка на багажніку. Як аказалася, зрабіў гэта 44-гадовы жыхар Глыбоцкага раёна, які прыехаў па сваіх справах на Пастаўшчыну і да нядаўняга часу не меў праблем з законам. Што ў той момант рухала хуліганам, давядзецца высветліць суду.

«Экстрасэнс» з пенсійным стажам

Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле «Махлярства» ў адносінах да 75-гадовай пастаўчанкі. У перыяд з кастрычніка 2018 года па жнівень 2019-га яна пад выглядам аказання экстрасэнсорнай дапамогі завалодала мабільным тэлефонам Samsung Galaxy J7, прадуктамі харчавання і грашыма ў суме 2 000 рублёў 42-гадовай жыхаркі райцэнтра. За гэта пенсіянерцы пагражае пакаранне ад грамадскіх работ да 3 гадоў пазбаўлення волі. Частка здабытага махлярскім шляхам канфіскавана.

Па зводках аддзела ўнутраных спраў райвыканкама падрыхтавала Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.