«Хвала на вышынях Богу». Подготовка к Рождеству Христову в семье Рагиня

Духовность

Вітаем Цябе, маленькі Езус!

Соня, Федзя і Яначка Рагіні, як і больш за сотню дзяцей з маладой пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага, рыхтавацца да Божага Нараджэння пачалі загадзя. Падчас Адвэнту кожныя панядзелак, сераду і пятніцу яны рана прачыналіся і спяшаліся на раратнюю Імшу, якая пачыналася ў 6.45. Неслі з сабой прыгожа аздобленую свечку — сімвал Маці Езуса Хрыста, а таксама сэрцайкі, выразаныя з паперы, на якіх занатоўвалі свае зробленыя за дзень добрыя ўчынкі. Малітва распачыналася ў цемры. І толькі падчас гімна «Хвала на вышынях Богу» запальвалася святло. На заканчэнне Імшы шляхам лёсавання выбіралася адно сэрца (дзеці складалі іх у спецыяльную карзінку ля алтара). Яго ўладальнік атрымліваў фігурку Маці Божай, якую нёс дадому. Перад ёй сям’я малілася да наступных раратаў. Былі выпадкі, калі дзіця атрымлівала фігурку другі раз запар. Сярод такіх і Федзя Рагіня.

— Ідэя запісваць свае добрыя ўчынкі стымулявала старэйшых да прыкладных паводзін, чуласці, — расказвала бабуля дзяцей Ірына Рагіня. — 9-гадовую Соню гэта падштурхоўвала лепш ву­чыць урокі, Федзю (6 гадоў) — клапаціцца пра 3-гадовую Яначку. Усе дзеткі дапамагалі маме з татам, нам з дзядулем. Разам майстравалі батлейку на ўзор той, у якой нарадзіўся Хрыстус. Яе аднеслі на конкурс, арганізаваны пры нашай парафіі. Рабіць дабро імкнуліся ўсе, а фігурка Маці Божай найчасцей выпадала Федзю. Можа, таму, што хлопчык вельмі шчыры ў малітве, не па-дзіцячы разважае пра хворых дзетак, просіць для іх Божай ласкі.

Напярэдадні Божага Нараджэння каля алтара ўстанавілі калядныя дэкарацыі. На адной з ёлак змясцілі сэрцайкі з добрымі ўчынкамі дзетак. Ёсць сярод іх Соніна і Федзева. А маленькая Яначка дапамагала мацаваць сэрцы на галінкі.

Сёння тры пакаленні Рагіняў збяруцца за вігілійным сталом. Будуць дзяліцца аплаткай, жа­даць адно аднаму здароўя, шчасця, спакою, а ў поўнач прымуць удзел у Пастэрцы.

— Гэта сапраўднае шчасце, калі мы ўсе разам! — гаварыла Ірына Рагіня. — Калі дзеці і ўнукі з радасцю ідуць у касцёл, імкнуцца жыць паводле Божых запаведзяў. Таму, укленчыўшы перад яслямі з нованароджаным Езусам, буду дзякаваць Яму за любоў і ласку, а Дзеве Марыі — за пастаянную апеку над нашай сям’ёй.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.