«Любите своих детей!» На Поставщине продолжается благотворительная акция «Елка желаний»

Общество

Дзякуй за такую цудоўную маму!

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марына Нагановіч запрасіла на ўручэнне падарункаў адной мнагадзетнай сям’і. Яно праходзіла ў рамках дабрачыннай акцыі «Ёлка жаданняў», ініцыятарам якой выступае Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.

— Ініцыятыву праявіла прыёмная мама Таццяна Жукава, — удакладніла старшыня раённай арганізацыі БТЧК Таццяна Шахава. — Яна сабрала рэчы, з якіх выраслі яе дзеці, і пажадала перадаць іх канкрэтнай сям’і. Мы ў сваю чаргу падрыхтавалі падарункі ад нашага таварыства і ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

У фае райвыканкама сустракаю Таццяну Жукаву. Да яе туліцца дзяўчынка гадоў сямі. Убачыўшы Марыну Нагановіч, яна гучна прамовіла: «Марына Паўлаўна! Дзякуй вам за такую цудоўную маму!»

— Вераніка выхоўвалася ў нядобранадзейнай сям’і, — тлумачыла Марына Нагановіч. — І калі я туды наведвалася, то часам ад убачанага не магла стрымаць эмоцый. Дзяўчынку тры разы забіралі ў прытулак. Маці давалі шанс выправіцца, спадзяваліся, што стане на правільны шлях. Не стала. Урэшце яе пазбавілі мацярынскіх правоў, а Вераніку аформілі ў прыёмную сям’ю Жукавых.

— Першыя два месяцы былі вельмі складанымі, — расказвала прыёмная мама дзяўчынкі. — Вераніка не хацела ні з кім размаўляць, моўчкі сядзела і глядзела ў акно.

— А цяпер я шмат усміхаюся, — уступае ў размову дзіця. — Таму што мне вельмі добра ў гэтай сям’і. Я пайшла ў першы клас у пятую школу. Мне цікава вучыцца. Сёлета ў мяне будзе найлепшы Новы год!

У перадачы дзіцячых рэчаў мнагадзетнай маці ўдзельнічала і Вераніка. Аддаючы адзін з пакетаў з адзеннем, дзяўчынка сказала: «Цёця, любіце сваіх дзетак!» А Марына Нагановіч павіншавала з надыходзячымі святамі Вераніку і яе маму, уручыла падарунак і пажадала, каб у новым годзе было шмат шчасця і радасці.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.