Пастаўскі малочны завод – у лідарах
Штогадовая рэспубліканская прэмія «Лідар спажывецкага рынку» заснавана групай кампаній «Медыя партнёр» пры падтрымцы Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, бізнес-асацыяцый і СМІ. Упершыню ўручалася ў 2015 годзе. За 5 гадоў яе лаўрэатамі сталі больш за 150 самых паспяховых беларускіх прадпрыемстваў, якія вядомыя сваёй прадукцыяй не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.
Сярод 50 сёлетніх лаўрэатаў усяго чатыры прадпрыемствы нашай вобласці: ААТ «Віцебскі МЭЗ», УП «Глыбоцкі мясакамбінат», ПГУП «Бувіні» і ААТ «Пастаўскі малочны завод».
Цырымонія ўручэння прэміі адбылася на мінулым тыдні ў сталічным «Прэзідэнт-Гатэлі». Прэстыжную ўзнагароду прыняў з рук старшыні экспертнага савета першы намеснік дырэктара малочнага завода Васілій Катовіч.
Усяго ў бягучым годзе прадпрыемства ўдзельнічала ў дзясятках грамадскіх мерапрыемстваў і яго прадукцыя адзначана 17 дыпломамі, у тым ліку — Гран-пры.